Саламяныя цуды: як майстры Мёршчыны засвойвалі саломапляценне

ад 5 жніўня 2021 года

У ліпені ў мястэчку Язна і ў Мёрах (Міёрах) прайшлі трэнінгі для мясцовых майстроў па саломапляценні.

Трэнінгі адбыліся ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

саломапляценне Язна

Асновам пляцення з саломкі вучыў вопытны майстар Мікалай Дзянісаў.

Я перажываў, што ў Язна людзі занятыя агародамі, а ў горадзе рамесніцтвам не цікавяцца. Але і там, і там прыйшло шмат людзей, і ўсе вельмі зацікаўленыя – я прыемна здзівіўся. Дзякуй арганізатарам, што сабралі іх. Зараз старажытныя рамёствы адраджаюцца. Я паказваў удзельнікам самыя асновы саломапляцення. Некаторыя працягваюць і пасля трэнінгу ствараць вырабы і дзяліцца са мной іх фотаздымкамі.

Удзельніца трэнінгу з Язна Саламея Сіняўская расказала:

Мы так задаволеныя трэнінгам! Былі ўдзельнікі, пачынаючы ад дзяўчатак сямігадовага ўзросту да дзяўчатак 80-гадовых! Адна дзяўчына так захапілася, што нават па дарозе дадому нарэзала саломы і зрабіла кошычак. Мне саломка далася цяжэй, чым валянне, але вельмі хацелася б навучыцца. Дзякуй вялікі і майстру, і нашай бібліятэкарцы, якая стварыла ўтульныя ўмовы для працы.

саломапляценне Язна

Анастасія Манько таксама падзялілася ўражаннямі ад трэнінгу:

Вельмі добры выкладчык, даходліва ўсё тлумачыў, паказваў свае вырабы. Вы б бачылі, якія працы ў яго! Кашы для бялізны, велікодныя кошыкі, споды, скрыначкі… Я пасля заняткаў вырашыла працягваць гэтым займацца. А яшчэ майстар расказваў, што можна плесці і кошыкі з паперы, з газет, якія шмат хто проста выкідвае. Гэта добры варыянт, каб даць ім другое жыццё, многія з нас захацелі гэта паспрабаваць.

Удзельніца трэнінгу па саломапляценні ў Мёрах Наталля Даргель таксама хоча працягваць працаваць з саломкай.

Я хацела паспрабаваць гэтую тэхніку, у мяне дачка ў ёй працуе, і таму з задавальненнем далучылася да трэнінгу, — расказала яна. — Ёсць задума рабіць сумачкі з выкарыстаннем саломапляцення. Хачу выкарыстоўваць старыя рамёствы для сучасных вырабаў. Напрыклад, я памяшчала сюжэты з маляванкі на сумачкі.

саломапляценне Мёры

Пазычым майстрам Мёршчыны творчага настрою, крэатыўнасці і плёну! Прыязджай у гэты азёрна-балотны куток Беларусі, якому ёсць чым цябе здзівіць.

Спіс балотных гідаў

Спіс аграэкасядзіб Мёршчыны

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота Сяргея Рэзава

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: