Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Каго страляць не варта: памятка паляўнічаму
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 11 жніўня 2021 года
З 14 жніўня па 12 снежня ў Беларусі адкрываецца летне-асенні сезон палявання (фактычна летне-зімовы!) на вадаплаўных птушак: качак, чаротніцу, лыску, вялікую коўру і пастушка.
З 24 відаў качак, якія сустракаюцца на тэрыторыі нашай краіны, паляванне дазволенае на самцоў і самак на дзевяці відаў: качку-крыжанку, качку-свіцьву, качку-лапаноску, качку-неразню, качку-цыранку, качку-чырку, чубатага нырка, нырка-сівака (толькі ўвосень) і гогаля.
АПБ ніколі не выступала ў цэлым супраць палявання. Яна выступае за ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, за разумныя абмежаванні.
Дасылайце фота здабытых птушак у АПБ на info@ptushki.org ці ў сацсеткі, нашыя спецыялісты дапамогуць вызначыць від, калі неабходна. Фота і іншая інфармацыя пры гэтым не будзе перадавацца трэцім асобам.
Інфармацыю пра кольцы, якімі пазначаныя птушкі, калі ласка, перадавайце ў Беларускі цэнтр кальцавання птушак разам з датай і месцам назірання: bym.minsk@gmail.com.
Вось што важна помніць паляўнічым.
1) Нырок-сівак (красноголовая чернеть) – глабальна ўразлівы від птушак. З прычыны драматычнага падзення колькасці ён нядаўна ўключаны ў катэгорыю пагражальных Міжнароднага Чырвонага спіса. Прычыны змяншэння колькасці да канца яшчэ не вывучаныя. Таму, нягледзячы на тое, што від у Беларусі дазволены для здабычы ўвосень, мы настойліва просім яго не страляць.
Нырок-сівак (самка). Фота А. Казуліна
Нырок-сівак (самец). Фота Віталя Некрашэвіча
2) Качка-чырка (чирок-трескунок) – від, колькасць якога ў Беларусі імкліва скарачаецца. Таму, хоць ён і ўключаны ў спіс паляўнічых відаў, мы рэкамендуем яго не страляць, каб не паскараць гэты працэс яшчэ больш.
Качка-чырка (самка). Фота Ж. Гулеўскага
Качка-чырка (самец). Фота Таццяны Раманавай
3) Качка-шылахвостка (шилохвость) ўключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, паляваць на яе забаронена. Птушкі маюць зграбны сілуэт, доўгую тонкую шыю і тонкую чорную дзюбу. Звяртайце таксама ўвагу на вузкі доўгі хвост.
Качка-шылахвостка (самка). Фота Shutterstock
Качка-шылахвостка (самец). Фота Taudaha Kathmandu, Wikimedia Commons
Шылахвосткі ў палёце: уверсе самка, ніжэй — самец. Фота Валерыя Кісялёва
4) Белавокі нырок (белоглазая чернеть) таксама ўключана ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Птушкі вельмі падобныя да чубатага нырка, дазволенага да здабычы, адрозніваецца ад яго белым падхвосцем (белае вока толькі ў самца), сустракаецца ў асноўным на Брэстчыне. Таму, каб не памыліцца, лепш не страляць і чубатых ныркоў, і птушак, да іх падобных, а засяродзіцца на больш звычайных відах качак.
Белавокі нырок (самка). Фота Shutterstock
Белавокі нырок (самец). Фота Martin Mecnarowski, Wikimedia Commons
5) Паляванне на ўсіх гусей адкрыецца толькі з сярэдзіны верасня.
Шэрая гусь. Фота А. Мізіненкі
6) Качанят, птушанят коўраў і лысак, якія не лятаюць (хлапунцоў) здабываць забаронена згодна 127-му артыкулу Правілаў палявання (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь N 112 ад 21 сакавіка 2018 г.) : “Забараняецца паляванне: … на маладых птушак, якія не лятаюць і (або) ліняюць…” Не трапляйце на штрафы!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: