Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Страшна ці няшна? Запрашаем на Тыдзень кажаноў
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 16 жніўня 2021 года
Хто яны – рукакрылыя, навошта і як іх ахоўваюць? Лекцыі з хіраптэролагамі, гарадскі квэст, кінапаказ у пушчы і начныя адловы кажаноў пазнаёмяць вас бліжэй з гэтымі звяркамі. Тыдзень кажаноў пройдзе з 23 па 29 жніўня.
АПБ захоўвае не толькі птушак, але і ўсю біялагічную разнастайнасць, — кажа старшыня Рабочай групы АПБ па рукакрылых Аляксей Шпак. – Кажаны – гэта нашыя суседзі і важны кампанент экасістэм. Іх выжыванне вельмі часта залежыць ад добрай волі чалавека. Чым больш праўдзівай інфармацыі людзі будуць ведаць пра гэтую групу жывёл і чым менш у іх будзе забабонаў, тым большыя шанцы захаваць папуляцыі рукакрылых.
АПБ падрыхтавала анлайн-лекцыю з замежнымі спікерамі, кажановы квэст у Мінску, а таксама Ноч кажаноў у Белавежскай пушчы.
23 жніўня, панядзелак, 19.00 — Дзікая анлайн-лекцыя з АПБ ад трох вядучых еўрапейскіх экспертаў “Пра што вам не раскажуць ні Дракула, ні Бэтмэн”
На гэтыя і іншыя пытанні адкажуць эксперты з Нідэрландаў, Украіны і Беларусі:
Каб трапіць на лекцыю, патрэбная рэгістрацыя.
24 жніўня ў сторыз у Інстаграм АПБ можна будзе задаць пытанні хіраптэролагу, на якія ён адкажа ў відэафармаце. Выкладзем таксама ў сторыз, так што падпісвайся на наш Інстаграм, каб не прапусціць цікавае.
25-27 жніўня — гарадскі квэст у Мінску.
Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!
Знайдзі 8 артэфактаў, схаваных на дрэвах у цэнтры Мінска, даведайся 8 цікавых фактаў пра кажаноў і атрымай прыз ад АПБ!
Калі: у любы час з 6.00 25 жніўня да 21.00 27 жніўня.
Дзе: цэнтральная частка Мінска, на дрэвах розных відаў.
Можна: карыстацца пошукам у Інтэрнэт.
Нельга: здымаць артэфакты з дрэваў. Прызоў хопіць на ўсіх, хай квэст пройдуць усе ахвочыя!
Што шукаць? Артэфакты ў форме кажана са спасылкай, кюар-кодам і сімвалам. Калі сімвал літарны, то гэта літара лацінскага алфавіту, а не кірыліцы. Прыклад артэфакта ёсць у гэтым відэа.
Як шукаць артэфакты? З дапамогай відэападказак. Першая падказка — у канцы гэтага відэа. Наступная — на знойдзеным артэфакце, трэба перайсці па кароткай спасылцы на ім або адсканаваць кюар-код, як зручней.
Як атрымаць прыз? Запішы: «ptushki.org/» і пасля слэша (значка «/») запісвай па парадку сімвал з кожнага знойдзенага артэфакта. Атрымаецца спасылка ў фармаце ptushki.org/xxxxxxxx. Перайдзі па ёй і запоўні форму на атрыманне прыза!
28-29 жніўня — Ноч кажаноў у Белавежскай пушчы.
У праграме – начныя адловы кажаноў, “рукакрылая” экскурсія па запаведным лесе, выстава “Кажаны на калажах Рамана Янотава”, лекцыя, кінапаказ, аквагрым. Прыязджай з дзеткамі, будзе цікава! Патрэбная папярэдняя рэгістрацыя.
Месца правядзення: Белавежская пушча, гасцінічны комплекс “Жаркаўшчына”. Месцы госці браніруюць самастойна па тэлефоне +375151374661, пры браніраванні скажы, што едзеш на Ноч кажаноў. Колькасць месцаў у гасцініцы абмежаваная.
Старажытная пушча – дом для многіх рэдкіх відаў, якія ў такой колькасці і разнастайнасці мала дзе яшчэ можна пабачыць, — кажа менеджар Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы Ірына Кашпей. – Гэты цуд стаў магчымым у многім таму, што запаведная частка пушчы развіваецца па сваіх законах, з мінімальным умяшальніцтвам чалавека. Таму там шмат поўных жыцця мёртвых дрэваў, у якіх так любяць хавацца кажаны. Мы правядзём экскурсію на поўначы Белавежскай пушчы, дзе летась знайшлі невядомую раней калонію вельмі рэдкай еўрапейскай шыракавушкі, а калі сцямнее, паспрабуем злавіць і паказаць, наколькі рукакрылыя чароўныя. Усіх кажаноў памераем і адпусцім на волю.
Ноч кажаноў у Белавежскай пушчы пройдзе ў межах Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы, які АПБ рэалізуе сумесна з ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія).
Выбірай актыўнасці па душы і далучайся да Тыдня кажаноў з АПБ!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: