Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Браканьерскія «тэлевізары» сталі легальным сродкам вылаву рыбы
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 9 верасня 2021 года
21 ліпеня 2021 года ў Беларусі Указам № 284 зацверджаныя Правілы аматарскага рыбалоўства. Цяпер яны дазваляюць легальна лавіць рыбу рыбалоўнымі экранамі, так званымі «тэлевізарамі». Тлумачым, у чым іх пагроза для фаўны вадаёмаў.
Лоўля на сеткавыя экраны. Скрыншот з ютуб-канала Vitalik Ignatyuk
Рыбалоўны экран — гэта самаробная снасць, якая ўяўляе сабой два пруты, паміж якімі нацягнута сетка. Прылада змяшчаецца ў ваду, звычайна на пратоках і на плыткаводдзі ў затоцы, і пакідаецца там.
Я адмоўна стаўлюся да ўсіх самалоўных сродкаў, якія ловяць рыбу без удзелу рыбака, — кажа спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сяргей Зуёнак. — Часта бывае, што такую сетку-«тэлевізар» паставілі і забылі, і туды трапляе рыба і гіне. У тым ліку могуць трапляць і «чырванакніжныя» віды. У выніку «тэлевізар» становіцца эфектыўным і доўгатэрміновым, улічваючы, што робяць яго з сінтэтычнай сеткі, прыстасаваннем для знішчэння воднай фаўны.
«Тэлевізары» могуць забіваць не толькі рыбу, але і птушак. У залежнасці ад памеру ячэйкі сеткі заблытвацца там могуць коўры і нырковыя качкі: нырок-сівак, чубаты нырок і белавокі нырок, уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Лёгка могуць трапіць у такую пастку і птушаняты гэтых відаў: «тэлевізары» звычайна ставяць акурат у месцах, дзе трымаюцца і кормяцца качыныя вывадкі. Крыху радзей у «тэлевізары» могуць трапляць качкі-крыжанкі, чыркі і цыранкі, якія, здабываючы ежу, не даюць нырца пад ваду.
Цяпер артыкул 13 Правіл аматарскага рыбалоўства дазваляе ў рыбалоўных угоддзях выкарыстоўваць на рыбалова па два “тэлевізары” памерам не болей за 1 х 1,5 метра і крокам ячэйкі не болей за 30 мм.
Сеткавыя экраны («тэлевізары») належаць да прамысловых прылад лову, — адзначыў Андрэй Лешчанка, загадчык лабараторыі іхтыялогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. – Дазвол іх выкарыстання – узаконьванне браканьерства: напрыклад, рыбалоў зможа прыехаць на рыбалку з двума дзецьмі і абсалютна законна ставіць шэсць «тэлевізараў» – лічы, 9-метровую сетку, прычым лавіць рыбу яна будзе нават эфектыўней за звычайную сетку, паколькі «тэлевізарамі» лакальна перакрываюцца шляхі руху рыбы. Апроч гэтага, у іх будзе трапляць моладзь каштоўных відаў рыб (судака, шчупака, язя, галаўня і іншых) менш за прамысловую меру, якія загінуць ад ран, нават калі іх выпусціць на волю. Таму мы катэгарычна супраць дазволу на выкарыстанне «тэлевізараў» для аматарскага рыбалоўства.
З гэтым згодны і заолаг Міхаіл Максіменкаў, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах:
Я лічу гэта экалагічна шкодным рашэннем, несумленным у адносінах тых рыбакоў, якія законнымі снасцямі ловяць рыбу, думаюць, як аднавіць рыбныя запасы, каб імі ўстойліва карыстацца. Колькі мы змагаліся, каб стварыць умовы для нерасту, аднаўлялі нерасцілішчы. У Вілейскім раёне мы з суседзямі і сябрамі аднавілі праток на старыцу шырынёй 4-5 м. Колькі мы змагаліся з мясцовымі браканьерамі, каб яны не ставілі там прылады лову: перад нерастам там ловіцца тая рыба, якая нясе ў сабе дзясяткі тысяч ікрынак! Адлавіў такіх дзясятак – і нерасціцца няма каму. Гадоў пяць як адбілі ахвоту браканьераў, яны зразумелі, што ўсе рыбакі мясцовыя пільнуюць і паведамляюць у дзяржінспекцыю. А цяпер усе высілкі і праца людзей, якія змагаліся за цывілізаваны падыход да рыбалоўства, перакрэслены: на законнай падставе яны прыйдуць утраіх-чатырох і перагародзяць старыцу — ужо нічога не скажаш. Заклікаць да сумлення браканьера – апошняя справа, сумлення ў яго няма, гэта ў яго ўжо грамадзянская пазіцыя.
АПБ заклікае рыбакоў адказна ставіцца да рыбнай лоўлі і ўстрымацца ад выкарыстання «тэлевізараў » і іншых самалоўных сродкаў. Гэта дазволіць захаваць фаўну нашых рэк і азёр.
Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды Беларусі? Далучайся да АПБ!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: