Новы від: на поўначы Беларусі злавілі “сінюю птушку”

ад 14 верасня 2021 года

Толькі нядаўна Інтэрнэт абляцела вестка пра арлана-даўгахвоста, які стаў новым відам птушак для Беларусі, як 14 верасня арнітолаг, сябра Цэнтральнага савета АПБ Дзяніс Кіцель паведаміў пра чарговую “новенькую”, якая папоўніць нацыянальны спіс арнітафаўны.

Сіняхвостка. Фота Олі-Пека Карлін, Рованіемі, Фінляндыя. Wikimedia Commons

Сіняхвостка. Фота Олі-Пека Карлін, Рованіемі, Фінляндыя. Wikimedia Commons

Для Дзяніса гэта ўжо сёмы від птушак, новы для Беларусі. Шчаслівы лік – і “шчаслівая птушка”, чаканая сіняхвостка. У суседніх з намі краінах гэты паўночны від ужо назіралі, але Беларусь птушка аблятала больш за 150 гадоў – прыкладна столькі гадоў у нашай краіне вядуцца сістэматычныя назіранні.

Першую для краіны сіняхвостку адлавілі падчас валанцёрскага летніка на станцыі кальцавання “Сасновы бор” у Расонскім раёне на Віцебшчыне.

 
Першая сіняхвостка Беларусі. Фота Аляксандра Собалева

Першая сіняхвостка Беларусі. Фота Аляксандра Собалева

Мы ўжо другі год спрабуем злавіць сіняхвостку, бо тэндэнцыя ў Еўропе была зразумелая, што іх становіцца болей, што яны ляцяць у Еўропу, — гаворыць Дзяніс Кіцель. — Трэба было проста дачакацца. Мае сябры з Фінляндыі даслалі голас, на які сіняхвосткі добра рэагуюць. У мінулым годзе я больш за 20 дзён ставіў гэты голас – нічога не атрымалася. А сёлета з 5 верасня мы ставім кожную ноч, і праз 10 дзён атрымалася злавіць і акальцаваць гэты від.

Сіняхвостка гняздуецца ў тайзе на поўначы Фінляндыі і Расіі да самай Японіі, а зімаваць ляціць  звычайна ў Паўднёва-Усходнюю Азію.

Гэты год быў вельмі добры для сіняхвостак у Фінляндыі – вывелася шмат птушанят, магчыма, таму менавіта сёлета Беларусі пашчасціла на гэты від. Гэтая птушка любіць яловыя і сасновыя бары – калі бываеш там, назірай уважліва за птушкамі, магчыма, і табе пашчасціць убачыць гэты скрытны прыгожы від.

Тэкст: Алеся Башарымава

 

Дапамажы нам у захаванні дзікай прыроды!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: