Жураўлі клічуць, журавіны вабяць: паехалі ў Мёры на свята!

ад 16 верасня 2021 года

25 верасня ў Мёрах (Міёрах) адбудзецца экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, якое стала традыцыйным для рэгіёна і пройдзе ўжо ў дзясяты раз. Сёлета яно набыло статус абласнога свята.

серые журавли

Шэрыя жураўлі. Фота Генадзя Андрэева

Госці прыязджаюць на свята з усёй Беларусі, каб пакаштаваць і набыць журавінавых прысмакаў ды паназіраць за шэрымі жураўлямі. Гэта асноўныя “фішкі” свята: па запасах журавін мясцовае балота Ельня займае першае месца ў Беларусі, а жураўлёў на Мёршчыне падчас восеньскай міграцыі спыняецца больш за 35 тысяч! Яны адпачываюць на балоце і навакольных палях, і гэта выдатная магчымасць паназіраць за птушкамі.

Праграма Жураўлі і журавіны

У праграме свята будуць і іншыя цікавосткі: праца сельскіх падворкаў, роспіс пернікаў з выявамі журавін і жураўля, бясплатнае наведванне экалагічнага візіт-цэнтра заказніка “Ельня”, продаж традыцыйных беларускіх прадуктаў.

Чытай рэпартаж з мінулага свята

У Міёрскі раён варта прыехаць не на адзін дзень, а хаця б на выходныя, каб адпачыць у агратурыстычнай сядзібе, пабыць сам-насам з цудоўнай прыродай і убачыць, акрамя свята, як мага больш мясцовых славутасцяў. Гэта і вадаспад на рацэ Вята, і экалагічная сцежка “Азяраўкі-Ельня”, і старажытны, а зараз самы маленькі горад Беларусі — Дзісна, і шмат іншага, чаго нават не чакаеш. Нездарма дэвіз брэндзінгу Міёрскага раёна — “Здзіўленне побач!” — падкрэсліў менеджар праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён” Алег Сівагракаў.

Шчыра запрашаем!

Экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” пройдзе ў рамках праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Тэкст: Алена Шокель

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: