Сорак пяць “Рэдкіх птушак” на Волме: як сябры АПБ назіралі арланаў

ад 25 верасня 2021 года

18 верасня сябры АПБ катэгорыі “Рэдкая птушка” пабывалі на экскурсіі на рыбалоўнай гаспадарцы “Волма” ў Чэрвенскім раёне. Волма — цудоўнае месца для птушкавання. На рыбгасах птушак зазвычай болей, чым на прыродных вадаёмах, бо там больш корму. Гэта асабліва заўважна якраз увосень падчас міграцыі: ваду ў сажалках спускаюць, і акрамя вадаплаўных з’яўляюцца розныя віды птушак, што ядуць рыбу (драпежнікі, чаплі, чайкі), і кулікоў — аматараў пакапацца ў гразі. 

Нягледзячы на непагадзь, на Волму паехалі ажно сорак пяць “Рэдкіх птушак”. Птушыную экскурсію праводзілі арнітолагі і супрацоўнікі АПБ Наста Кузьмянкова і Аляксандр Сербун. Нават у дождж атрымалася добра паназіраць за птушкамі і тры гадзіны экскурсіі атрымаліся поўнымі ўражанняў. 

экскурсия птицы бёрдвотчинг АПБ орнитолог

Аляксандр Сербун і Наста Кузьмянкова. Фота Ксеніі Панцялей.

Сябры АПБ абышлі рыбгас па запланаваным пяцікіламетровым маршруце. Увесь гэты час яны разам з арнітолагамі шукалі вачыма і ў біноклі птушак на сажалках і ваколіцах. Наста і Аляксандр расказвалі пра асаблівасці вызначэння розных відаў птушак і пра іх міграцыю. 

Каго атрымалася пабачыць? Чайку-рыбачку, чайку-рагатуху, качку-крыжанку, лыску, шэрую і белую чаплю, лебедзя-шыпуна  і лебедзя-клікуна, баклана, качку-лапаноску, звычайнага гогаля, коўру вялікую і малую, балотнага луня, кулікоў зуйка і цекуна, а таксама пяць арланаў-белахвостаў!

экскурсия птицы бёрдвотчинг АПБ

Фота Ксеніі Панцялей.

Расказвае ўдзельнік экскурсіі Аляксандр Белы:

За выняткам надвор’я, экскурсія была добрай. Але нашыя гіды — малайцы, падбадзёрвалі і стараліся, каб было цікава. Галоўнае, мы пабачылі арланаў — місія выканана! 

орлан белохвост птицы бёрдвотчинг АПБ

Арлан-белахвост. Фота Рамана Чалея.

Сафія Памялёнак таксама падзялілася ўражаннямі:

Я першы год сябра АПБ, і гэта быў мой першы вопыт экскурсіі. Я крыху хвалявалася перад ёю, але на дзіва атмасфера была вельмі-вельмі прыемнай і я не адчувала ніякага дыскамфорту. Я сапраўды была вельмі радая паўдзельнічаць, і надвор’е асабіста для мяне было чароўным.  

экскурсия птицы бёрдвотчинг АПБ

Фота Ксеніі Панцялей.

Мікіта Кукавенка

Другая ў гэтым годзе экскурсія «Рэдкіх птушак» выпала на даждлівае надвор’е, але гэта не перашкодзіла мноству адчайных бёрдвочараў выбрацца на пошукі арлана-даўгахвоста. Я быў адным з іх і хачу падзякаваць арганізатарам і экскурсаводам. Хай ніхто з нас і не вярнуўся дахаты сухім, але дзякуючы экскурсавадам мы ўсе былі ў цудоўным настроі, паглядзелі і паслухалі пра шмат відаў птушак. Самога даўгахвоста, на жаль, заўважыць не атрымалася, затое арланы-белахвосты не падвялі і адзначыліся вялікай колькасцю! Таму ў нас засталося шмат пазітыўных уражанняў, гэтая экскурсія ў незвычайных абставінах дакладна запомніцца надоўга.

орлан долгохвост птицы бёрдвотчинг АПБ

Арлан-даўгахвост 26.08.2021 на Волме. Фота Іны Шкурко

Назірай за птушкамі, гэта вельмі цікава і ніколі не надакучвае! Спытаць параду і знайсці аднадумцаў ты можаш у Тэлеграм-чаце “Ціў-ціў”, а калі ты толькі пачынаеш птушкаваць — пачытай нашу памятку для бёрдвочараў-пачаткоўцаў.

Тэкст Алісы Матавілавай.

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: