Курс на поўнач: едзем здзіўляцца ў Мёрскі раён

ад 27 верасня 2021 года

Поўнач Беларусі – цікавае месца для падарожжаў. Усё больш турыстаў наведвае Мёрскі раён – у сацсетках з’яўляюцца захопленыя допісы з фотаздымкамі жураўлёў, балот і азёр, архітэктуры і месца прыцягнення многіх вандроўнікаў – вадаспада на рацэ Вята.

Ельня

Ельня

Многія адкрываюць для сябе мясцовыя цікавосткі ўпершыню, а тыя, хто вяртаюцца сюды, радуюцца таму, як змяняецца і робіцца ўсё больш прывабнейшым Мёрскі раён, як імкліва развіваецца сфера турыстычных паслуг: адкрываюцца новыя аграэкасядзібы, распрацоўваюцца новыя маршруты і фарматы балотных экскурсій на любы густ.

Каля стэнда АПБ на свяце заўжды было шмат людзей

Каля стэнда АПБ на свяце заўжды было шмат людзей

Каталізатарам развіцця раёна стаў праект “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Журавіны, якімі багатыя балоты Мёршчыны

Журавіны, якімі багатыя балоты Мёршчыны

25 верасня ў Мёрах у межах праекта адбылося 10-е свята, прысвечанае “знакамітасцям” раёна – журавінам і шэраму жураўлю. У жніўні і верасні на мясцовыя балоты і палі злятаюцца тысячы шэрых жураўлёў: тут яны набіраюцца сіл перад доўгай дарогай у вырай. Гэтыя “чырванакніжныя” птушкі звычайна трымаюцца падалей ад чалавека, таму многія вяртаюцца сюды зноў і зноў, каб пабачыць вялізныя чароды грацыёзных птушак на палях і ў паветры, паслухаць іх тужлівыя крыкі.

Назіранне ў трубу за шэрымі жураўлямі

Назіранне ў трубу за шэрымі жураўлямі

Сёлета сотні турыстаў змаглі паназіраць у трубу больш як за тысячай жураўлёў, некаторыя нават танчылі, раскінуўшы крылы. Таксама паназіралі за чарадой лебедзяў-клікуноў, што адпачывалі на полі, і за мурмурацыяй шпакоў. Пляцоўку па назіранні за птушкамі зладзілі АПБ і заказнік «Ельня».

Палёт жураўлёў і мурмурацыя шпакоў

Палёт жураўлёў і мурмурацыя шпакоў

Хоць падчас свята быў дождж, гэта не перашкодзіла гасцям, якія з задавальненнем удзельнічалі ў квэсце і майстар-класах. А калі выглянула сонца, то краявіды расквеціла вясёлка: тыя, хто ў гэты час быў на яльнянскай экасцяжыне, змаглі зрабіць цудоўныя фотаздымкі.

Вясёлка над Ельняй

Вясёлка над Ельняй

10 гадоў таму свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” мела мясцовы маштаб.  Сёлета яно набыло статус абласнога. Людзі прыязджаюць сюды з усёй краіны не толькі каб набыць свежых журавін, прысмакаў з гэтых ягад, балотнага мёду, паназіраць за вялікімі чародамі жураўлёў на вакольных палях, але і адпачыць, паслухаць цішыню, удыхнуць крыштальнага гаючага паветра.

Турысты на экасцяжыне "Азяраўкі - Ельня"

Турысты на экасцяжыне «Азяраўкі — Ельня»

Многія завітваюць не на дзень, а на выходныя ці некалькі дзён, каб паспець паглядзець як мага больш цікавых аб’ектаў раёна, — гаворыць спецыяліст АПБ па развіцці турызму Сяргей Рэзаў. — Гэта і касцёл у Мілашова, і каменны крыж у вёсцы Авечкі, і званіца Троіцкай царквы ў вёсцы Лявонпаль, і аленевая ферма ў Ніўніках, і старажытная Дзісна з яе паромам і храмамі. Тут, у самым маленькім горадзе Беларусі, сёлета на сцяне двухпавярховіка з’явіўся самы вялікі ў Беларусі партрэт беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Адметныя графіці апошнімі гадамі з’явіліся і ў вёсцы Пераброддзе, і ў Мёрах, а неўзабаве здзіўляць турыстаў мураламі будуць вёскі Язна і Павяцце.

Многія прыхапілі з сабой свісцёлку-жураўліка, зробленую майстрыцай Вольгай Жарнасек

Многія прыхапілі з сабой свісцёлку-жураўліка, зробленую майстрыцай Вольгай Жарнасек

Менеджар праекта Алег Сівагракаў дадае:

“Здзіўленне побач” – такі дэвіз мясцовага брэндзінгу. І гэта сапраўды так. Кожны раз наведнікі раёна ўразяцца з чагосьці новага: унікальнага экспаната ў музеі Вітольда Ермалёнка ў Мёрскай школе № 3, магчымасці навучыцца рабіць маляваныя пернікі ў Ксеніі Маскаленка ці прыгожыя сувеніры з воўны ў Галіны Паўлоўскай. Велавандроўка вакол балота Ельня? І гэта магчыма! Дамаўляйцеся з гаспадаром агратурыстычнай сядзібы “Жураўліная Ельня” Андрэем Літвінавым. Паласавацца садовымі дурніцамі, і заадно купіць саджанец добрай яблыні, якая не баіцца паўночных маразоў, можна ў фермера Уладзіміра Кашкура… Наш праект дзякуючы сродкам ЕС падтрымаў гэтыя і шэраг іншых спраў мясцовых актывістаў. І ўжо цяпер відаць эфекты ад іх дзейнасці. А праект працягваецца. Грамадскі савет па распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця Мёрскага раёна абмяркоўвае, як павялічыць колькасць і разнастайнасць сувенірнай прадукцыі, беларускія і замежныя эксперты перадаюць каштоўныя веды, каб раён замацоўваў за сабой славу прыцягальнай турыстычнай дэстынацыі не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы.

Міёрскі край мае чым здзівіць. Прыязджай!

Тэкст: Алеся Башарымава



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: