Яшчэ адзін новы від птушак для Беларусі: госць з Сібіры!

ад 27 верасня 2021 года

Крыху больш чым за месяц у Беларусі рэгіструюць ужо трэці новы для краіны від птушак. 27 верасня арнітолагам трапілася таўстадзюбая пячураўка.

Таўстадзюбая пячураўка, Расонскі раён. Фота Максіма Косціна

Таўстадзюбая пячураўка, Расонскі раён. Фота Максіма Косціна

Як і папярэдніца гэтай птушкі – сіняхвостка, таўстадзюбая пячураўка была злоўлена на станцыі кальцавання птушак “Сасновы Бор” у Расонскім раёне на Віцебшчыне сябрам Цэнтральнага савета АПБ арнітолагам Дзянісам Кіцелем. Гэта ўжо яго восьмы новы для краіны від.

Таўстадзюбая пячураўка, Расонскі раён. Фота Максіма Косціна

Таўстадзюбая пячураўка, Расонскі раён. Фота Максіма Косціна

Гнездавы арэал гэтай птушкі ад нас далёка: найбліжэйшыя гняздуюць пад Навасібірскам. У Еўропу памылкова ляцяць некаторыя асобіны, таму еўрапейцы радуюцца кожнай такой сустрэчы. Як жа нашым арнітолагам удалося зрабіць такое адкрыццё?

Літаральна днямі гэты від сфатаграфавалі ў Маскве і зрабілі пост пра гэта ў арніталагічнай групе, — расказаў Дзяніс Кіцель. — Для Масквы такое назіранне таксама незвычайнае. Мы разважылі, што гэтая птушка не можа быць адзінкавая, хутчэй за ўсё, яшчэ ляцяць іншыя таўстадзюбыя пячураўкі. Таму мы паставілі каля сетак, якімі адлоўліваем птушак для кальцавання, калонку з голасам гэтага віду, і дзве начы спрабавалі завабіць гэтую птушку. Атрымалася.

Пасля зацвярджэння Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй таўстадзюбая пячураўка стане 340-м відам у спісе птушак Беларусі.

Тэкст: Алеся Башарымава

 

 

Дапамажы нам у захаванні дзікай прыроды!

 

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: