Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Заяц, верас, журавіны: чым Ельня здзівіла валанцёраў?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 28 верасня 2021 года
13-17 верасня на самым вялікім верхавым балоце краіны – Ельні — адбыўся валанцёрскі летнік. Удзельнікі чынілі плаціны на Дульскім канале каля вёскі Сухавержа, каб вада не ўцякала з балота і яно не перасыхала.
Удзельнікі летніка адрамантавалі чатыры вялікія плаціны і пабудавалі адну новую.
Праца кіпіць. Фота Паліны Русаковіч 250
Летнік адбыўся пры садзейнічанні заказніка “Ельня” ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Валанцёры за працай. Фота Паліны Русаковіч
Калі ты трапіш на Ельню хоць раз, абавязкова захочаш вяртацца сюды зноў і зноў: у гэтага месца асаблівы магнетызм, — кажа спецыяліст АПБ па развіцці турызму Сяргей Рэзаў. — Для многіх валанцёраў гэта быў не першы візіт на Ельню, нехта дапамагаў у чэрвені рамантаваць экасцяжыну “Азяраўкі – Ельня”, нехта ўжо ўдзельнічаў у рамонце плацін у мінулыя гады, было дастаткова і неабыякавых мясцовых жыхароў. Нягледзячы на стому пасля працы і восеньскае надвор’е, у летніку было па-сапраўднаму цёпла і душэўна, бо ўсіх аб’ядноўвала жаданне быць карыснымі і абавязкова выканаць пастаўленую задачу – з якой, трэба адзначыць, удзельнікі справіліся выдатна!
Супрацоўнік праекта Марына Гернат і валанцёрка Люба Дударэвіч за працай. Фота Паліны Русаковіч
У летніку паўдзельнічала больш за 20 валанцёраў з розных куткоў краіны. Аляксей Петухоў завітаў з суседняга раёна – Шаркаўшчыны, але кажа, што гатовы ехаць валанцёрыць у любы куток Беларусі.
Працы хапала – але хапала і людзей. З надвор’ем нам пашанцавала, быў час і на працу, і на адпачынак, каб пафатаграфаваць, агледзець наваколле. Вельмі ўразілі балотныя расліны: водарны багун і верас, афарбаваны ў адценні ад белага да фіялетавага.
Аляксей Петухоў за працай. Фота Паліны Русаковіч
Настаўніца малявання Паліна Русаковіч сёлета валанцёрыла на Ельні ўжо двойчы: у чэрвені яна дапамагала рамантаваць экасцяжыну, а цяпер – плаціны.
Было шмат уражанняў яшчэ пасля першага летніка, і я з вялікай радасцю збіралася ў другі такі паход. Быў вельмі камфортны клімат, сабраліся цудоўныя людзі, — расказвае яна. — Можна было ўзяць працу па сілах, я і дошкі насіла, але збольшага займалася фотасправаздачай, здымала жыццё ў летніку. Калі заставаўся вольны час, можна было прагуляцца па ваколіцах, вёсачках побач з балотам, а ўвечары былі размовы пры вогнішчы. Я ўпершыню бачыла ключ жураўлёў, якія адляталі ў вырай, а таксама ўпершыню сфатаграфавала зайца ў дзікай прыродзе. На летніку было шмат людзей, якія расказвалі пра розныя працэсы, якія зараз адбываюцца ў прыродзе, — усё гэта было вельмі цікава паслухаць.
Жыццёва! Фота Марыі Шуманскай
Юлія Перапечка працуе ў мінскай кнігарні і раней валанцёрыла ў іншых праектах, а на балота трапіла ўпершыню.
Я вельмі даўно збіраліся з сяброўкай паехаць сюды паваланцёрыць, — падзялілася яна. — У сяброўкі тата з Мёраў, так што тут яе гістарычная радзіма, тата пастаянна расказваў ёй, як чароўна на Ельні, і вось мы з ёй нарэшце даехалі. Уражанні цудоўныя, неймаверная прыгажосць! Я ніколі раней не бачыла, як растуць журавіны. Было цудоўнае надвор’е, прыгожыя фарбы вакол. Рэальнасць была нават лепшая, чым мы ўяўлялі. Цудоўныя людзі — я ад іх у захапленні. Перад намі тут быў летнік па кальцаванні, і ў Насці Кузьмянковай, якая яго праводзіла, засталіся сеткі. Таму мы атрымалі бонус: раніцай кальцавалі птушак і выпускалі іх. А кіраўнік летніка Валер Кавалёнак паказваў свае фота птушак, знаёміў нас з рознымі відамі.
Валанцёры на Ельні. Фота Алены Майсюк
Вялікі дзякуй усім валанцёрам, што дапамагалі сёлета рамантаваць плаціны на Ельні: Валеру Кавалёнку, Аляксею Петухову, Анастасіі Крэч, Івану Барку, Андрэю Паціюку, Івану Карпіку, Алене Майсюк, Андрэю Захарэвічу, Ульяне Скарабагатай, Паліне Русаковіч, Любе Дударэвіч, Анатолю Місніку, Ігару Макеенку, Сяргею і Валянціне Відзюковым, Касі Казачонак, Юліі Перапечка, Аляксандры Клінцэвіч, Наталлі Жойдзік, Уладзіміру Кузняцову, Сяргею Бірыну, Марыі Шуманскай.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: