Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Савет ААН па правах чалавека зацвердзіў усеагульнае права на здаровае навакольнае асяроддзе
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 18 кастрычніка 2021 года
8 кастрычніка Савет ААН па правах чалавека прагаласаваў аднагалосна за тое, каб у Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека ўпершыню ў гісторыі дадалося новае права.
Гэты фантастычны поспех — вынік інфармацыйнай кампаніі #1Planet1Right (“Адна планета — адно права”), якую запусціла і ўзначальвала Партнёрства BirdLife. У Беларусі інфакампанію праводзіла АПБ.
Раней, на пачатку 2020 года, калі COVID-19 лютаваў па ўсім свеце, дырэктарка BirdLife Патрысія Сурыта гутарыла з Асунсьёнам Руісам, кіраўніком іспанскага партнёра BirdLife, аб тым, каб узняць на новую вышыню грамадскую праваабарончую дзейнасць сям’і арганізацый BirdLife па забеспячэнні здароўя планеты. Сыходзячы з таго, што знішчэнне прыроды часта з’яўляецца карэннай прычынай заанозных пандэмій, яны скарысталіся ўплывам Партнёрства BirdLife, каб запусціць кампанію #1Planet1Right, якая заклікае замацаваць у законе права на здаровае навакольнае асяроддзе.
Дзякуючы яскравай графіцы, простай петыцыі, адсутнасці выдаткаў і цудоўнай хітовай песні, кампанія здолела данесці да грамадства ідэю права на здаровае навакольнае асяроддзе. Акрамя таго, інфакампанія прасоўвалася праз экспертаў. Сабраныя больш за 120 000 подпісаў, у падтрымку выказаліся сотні арганізацый і ўплывовых фігур, у тым ліку Грэта Тунберг і Спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека і навакольным асяроддзі.
Першапачатковы варыянт Дэкларацыі аб правах чалавека гартаваўся ў попеле апошняга глабальнага крызісу чалавецтва — Другой сусветнай вайны. Калі новае права будзе падтрымана на наступных этапах, яно стане першым новым правам чалавека, уключаным у Дэкларацыю за больш чым 70 гадоў, што дазволіць нам паўстаць пасля пандэміі COVID-19 з аналагічнай сімвалічнай і рашучай палітычнай зменай.
Што далей? Прапанова па ўключэнні новага права ў Дэкларацыю ўжо накіравана ў Генеральную Асамблею, таму сачы за навінамі і дзяліся інфармацыяй пра кампанію #1Planet1Right з як мага шырэйшым колам сваіх сяброў і родных. На мінулым тыдні адбылася канферэнцыя ў рамках Канвенцыі ААН па біяразнастайнасці — неўзабаве мы апублікуем выступ з яе Патрысіі Сурыты, а ў наступным месяцы пройдзе Канферэнцыя ААН па клімаце — гэта значыць, BirdLife працуе ва ўсю моц, каб мы ўсе жылі на здаровай планеце.
Тэкст: birdlife.org
Пераклад Таццяны Каржыцкай, валанцёркі АПБ
Хочаш перакладаць для нас тэксты? Пішы на basharymava@ptushki.org з пазнакай «Пераклады для АПБ»
Падзяліся артыкулам у сацсетках: