Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
«Мы павінны скарыстацца гэтай магчымасцю». Генеральная дырэктарка BirdLife International выступіла на канферэнцыі ААН па біяразнастайнасці
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 21 кастрычніка 2021 года
Тыдзень таму, 13 кастрычніка Патрысія Сурыта, генеральная дырэктарка глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International, выступіла з натхняльнай прамовай ад імя міжнародных НДА на сегменце высокага ўзроўню Канферэнцыі бакоў Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці ў Куньміне, Кітай.
Тут краіны свету выпрацоўваюць новую глабальную рамачную праграму аховы дзікай прыроды. Мы вырашылі перакласці яе выступ цалкам.
Такім было яе пасланне:
Ваша Эксцэленцыя, спадар Хуань Рунк’ю, паважаныя дэлегаты, для мяне вялікі гонар выступаць перад вамі ад імя Conservation International, The Nature Conservancy, the Wildlife Conservation Society, WWF International і маёй глабальнай асацыяцыі BirdLife International, якая прадстаўлена ў 115 краінах свету.
Мы ведаем, што прырода знаходзіцца ў крытычным стане. Навука кажа пра гэта адназначна. Само наша выжыванне знаходзіцца пад пагрозай, а таксама выжыванне цэлых экасістэм і больш як мільёна відаў. Крызіс біяразнастайнасці і пандэмія супалі па часе і з кліматычным крызісам.
Мы ўсе ведаем і пагаджаемся, што нам патрэбны моцная глабальная стратэгія па захаванні біяразнастайнасці ў перыяд пасля 2020 года. Яна павінна паставіць і дапамагчы дасягнуць дакладных, вымерных задач па захаванні прыроды – спынення страты біяразнастайнасці і аднаўлення яе да 2030 года. Гэта значыць, што мы павінны мець канкрэтныя лічбы ўжо зараз і пастаянна ўважліва сачыць за прагрэсам — непрымальна чакаць 10 гадоў, а потым здзіўляцца, калі мы не дасягнулі нашых мэтаў.
Мы не павінны ставіць пад сумнеў: цяпер мы павінны захаваць і аднавіць ключавыя для дзікай прыроды тэрыторыі ў свеце, цэласнасць іх экасістэм і неверагодную разнастайнасць відаў – гэта стала б патройнай перамогай пры вырашэнні крызісаў біяразнастайнасці, клімату і аховы здароўя. Дзякуючы вымерным мэтам, такім як эфектыўная абарона і ўзяцце пад ахову не менш за 30% сушы, прэснай вады і мора да 2030 года, мы зможам працаваць разам з мясцовым насельніцтвам і для яго, пры гэтым прыярытэт надаецца ключавым тэрыторыям для біязразнастайнасці (КТБ) для захавання экасістэмных паслуг, важных для жыцця.
Тураўскае балонне. Фота Аляксандра Вінчэўскага
Давайце вучыцца ў карэнных народаў і мясцовых супольнасцей, якія лепш за ўсё ведаюць і шануюць свае краявіды і пейзажы. Давайце аб’яднаем з імі свае намаганні, паважаючы іх правы і мудрасць.
Захаванне і аднаўленне прыроды — гэта толькі адзін інструмент з цэлага набора, і, на жаль, яго будзе недастаткова, калі мы эфектыўна не вырашым прычыны гібелі прыроды. Мы добра з імі знаёмыя: няўстойлівае земляробства і рыбалоўства, эксплуатацыя дзікай прыроды, нястрымнае знішчэнне лясоў, водна-балотных і лугавых угоддзяў, а таксама змяненне клімату. І мы ведаем, як іх перамагчы: існуе шмат паспяховых прыкладаў устойлівага выкарыстання і кіравання прыродай для задавальнення патрэбаў чалавека ў прадуктах харчавання, драўніне і іншых выгодах.
Мы павінны скарыстацца гэтай магчымасцю і паставіць прыроду ў цэнтр інклюзіўнай, устойлівай і справядлівай прыродаахоўнай эканомікі, калектыўна ліквідаваўшы недахоп у фінансаванні біяразнастайнасці. Дзяржаўныя абавязацельствы, разблакіроўка фінансавых патокаў прыватнага сектара і спыненне шкодных субсідый – усё гэта павінна стаць вынікам нашай дзейнасці. Зараз мы маем рэдкую магчымасць задзейнічаць трыльёны даляраў, якія мабілізуюцца для аднаўлення ўсяго лепшага, зялёнага, блакітнага і больш справядлівага пасля пандэміі COVID-19.
Надышоў паваротны момант, калі мы перастанем разбураць і знішчаць прыроду – гэта момант для таго, каб пераважнай большасцю выправіць нашы небяспечна незбалансаваныя адносіны з планетай і запатрабаваць ад нас саміх, нашых урадаў, усіх удзельнікаў працэса дзеянняў, а не слоў. Цяперашнія маладыя людзі добра разумеюць, калі чуюць тое, што яны называюць бла-бла-бла. Мае дочкі валодаюць дзіўнай здольнасцю бачыць скрозь нашы словы. Давайце дакажам, што яны памыляюцца. Дакажыце маім дачкам, вашым дзецям і ўнукам, што пераўтварэнні — гэта не пустыя словы, а канкрэтныя і вымерныя дзеянні ў паўсядзённым жыцці і штодзённых актыўнасцях. Амбіцыі і памкненні не выратуюць прыроду, не адменяць змяненне клімату і не прадухіляць наступнай пандэміі — толькі дзеянні зробяць гэта.
Толькі на мінулым тыдні мы і 1350 іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці заклікалі Савет ААН па правах чалавека прызнаць права на здаровае навакольнае асяроддзе — і пасля яе рашучай падтрымкі мы павінны адлюстраваць гэтае права ў глабальных дакументах па біяразнастайнасці.
Мы, міжнародныя НДА па ахове прыроды, імкнемся працаваць з вамі, каб ператварыць гэтыя словы ў рэальнасць, стварыць, а пасля рэалізаваць глабальную рамачную праграму для біяразнастайнасці, якая вызначыць пакаленне і захавае прыроду нашай планеты для нас і нашых нашчадкаў — і мы абавязуемся трымаць вас і сябе адказнымі за гэтыя абяцанні.
Гэта не што іншае, як маральны абавязак. Чалавецтва і прырода знаходзяцца на пераломным этапе — далейшай затрымкі быць не можа.
Давайце разам змагацца за справядлівасць для прыроды, планеты і яе народа. Мы ў гэтым разам!
Дзякуй! Gracias 谢谢
Тэкст: birdlife.org
Пераклад Юліі Есьмановіч, валанцёркі АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: