Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як людзі прыбіраліся ў “птушыным раі”
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 4 лістапада 2021 года
Эх, прыемна згадаць сёлетні кастрычнік, што ні кажы! Сухі і нехалодны – камфортны для працы на вольным паветры. Таму і месячнік па прыборцы кустоўя на Тураўскім балонні атрымаўся плённым і багатым на запамінальныя моманты. Але каму замінае кустоўе на лузе? Хіба яго з’яўленне – не натуральны працэс? Адказваем!
Калісьці на Тураўскім балонні пасвіліся статкі кароў, тут нарыхтоўвалі сена, вялікая прастора заставалася адкрытай і не паспявала зарастаць. Гэта быў рай для тысяч птушак, асабліва кулікоў. Птушынае жыццё тут проста віравала! З часам гаспадарчая значнасць Тураўскага луга зменшылася, кустоўе пачало наступ на тэрыторыю, а птушкам праз гэта стала цяжка гнездавацца і здабываць харчаванне – іх колькасць пачала скарачацца.
З 2007 года АПБ апякуецца гэтай выключна значнай прыроднай тэрыторыяй. У тым ліку – вось ужо больш як дзесяць гадоў запар разам з валанцёрамі мы чысцім поплаў ад кустоў, каб ён заставаўся прывабным і прыдатным для птушак.
Спецыялістка АПБ, менеджарка Тураўскага балоння Настасся Блоцкая:
Цягам кастрычніка прыборкі ладзіліся штотыдзень. У іх паўдзельнічалі і мясцовыя актывісты АПБ, і валанцёры са сталіцы. Мы ўдзячныя за ўдзел і дапамогу таксама ААТ “Тураўшчына” і НПС “Тураў”. Сёлета на нашы планы моцна паўплывала пандэмія, мы нават не запрашалі валанцёраў на прыборку, клапоцячыся пра іх здароўе. Але… нягледзячы на гэта, некаторыя з іх прыехалі самі!
Валанцёрка Ганна Ганчарык, якая працуе ў музычнай школе ў Мінску, стала ўдзельнічае ў валанцёрскіх акцыях АПБ.
Я ўжо не першы раз працую на прыборцы Тураўскага балоння, каб кулікам тут было камфортна, — расказала яна. — Мне прыемна дапамагаць тым, хто шчыра любіць нашу прыроду. Што ж да небяспекі захварэць… Мы ж усё адно не знаходзімся ў каранціне: ходзім на працу, у краму, карыстаемся грамадскім транспартам. Мяркую, тут, на свежым паветры, рызыка меншая, чым у закрытых памяшканнях, дзе мы бавім шмат часу. Пагатоў можна выбраць дзялянку на адлегласці ад іншых і працаваць сабе з задавальненнем!
Да валанцёрскай працы прыходзяць па-рознаму: хтосьці адчувае такую патрэбу ў дарослым узросце, а хтосьці назірае і далучаецца з дзяцінства.
Працавалі сапраўды спраўна: хтосьці ўзброіўся інструментам…
…а хтосьці сваіх рук і ног не шкадаваў.
А якія маляўнічыя і рамантычныя вечары на Тураўскім балонні! Але гэта не адзінае, што заўважае пільнае вока ў прыгожым краявідзе: цешаць не толькі фарбы неба, але і дбайна выкашаная сухая трава ўздоўж дарогі. Валанцёры спадзяюцца, што, пабачыўшы такі прыклад, мясцовыя жыхары не будуць увесну па-варварску паліць сухую расліннасць.
Добра папрацаваўшы, не лішне і падмацавацца. Гэта ж чыстае задавальненне – пікнік з відам на вынікі стараннай працы!
Гэтым разам агульнымі намаганнямі расчысцілі 5 гектараў тэрыторыі Тураўскага балоння. Увесну гэтыя мясціны зноў гасцінна сустрэнуць пералётных птушак, што вернуцца ў Беларусь.
Дзякуем валанцёрам, што далучыліся да прыборкі: Ганне Ганчарык, Васілю Каральцу, Дзмітрыю Чорнаму, Васілю Блоцкаму, Ірыне Пуцяце, сям’і Груздзіловічаў!
Месячнік адбыўся ў рамках праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў», які з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), выконваецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства і фінансуецца «Аркадзіяй» — дабрачынным фондам Лізбет Раўзінг і Пітэра Болдуіна.
Тэкст: Вольга Блажэвіч, фота: Настасся Блоцкая
Падзяліся артыкулам у сацсетках: