Як знайсці вадаспад? Падкажа мурал на Павяцкай школе!

ад 9 лістапада 2021 года

Ніягара, Ігуасу, Вікторыя… Павяцце! У Беларусі таксама ёсць вадаспад. Тут пастараліся прырода і чалавек. Каб яго знайсці, раней трэба было рабіць практычна дэтэктыўны вышук ці мець знаёмых сярод мясцовых.

Але цяпер у вёсцы Павяцце Міёрскага (Мёрскага) раёна на будынку школы з’явіўся мурал з выявай знакамітага вадаспада на рацэ Вята і картай, якая дапаможа турыстам знайсці яго.

Мурал у Павяцці

Мурал стварыў стрыт-артар Яўген Сасюра ў межах  праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца на ютуб АПБ!

Маляўнічы вадаспад на рацэ Вята мае цікавую гісторыю. У пачатку мінулага стагоддзя паблізу пабудавалі папяровую фабрыку. Спачатку да яе быў прыбудаваны млын, аднак энергіі для яго працы не хапала, і на беразе ракі пабудавалі гідраэлектрастанцыю. Яна забяспечвала электраэнергіяй не толькі завод, але і ўвесь раён. Каб ГЭС працавала эфектыўней, у рэчышчы Вяты ўзвялі двухмятровую каменную сцяну. Так з’явіўся вадаспад, куды сёння імкнуцца многія турысты. А вось электрастанцыя ўжо даўно не працуе.

Вадаспад на Вяце знаходзіцца адносна недалёка ад Павяцця, але часам турыстам даводзіцца паблукаць, таму на мурале я адлюстраваў не толькі сам вадаспад, але і карту з пад’ездамі да яго, — расказаў Яўген Сасюра. – Працавалася цудоўна: дапамагалі і надвор’е, і людзі, якія пазітыўна адгукаліся на маю працу.

Мурал у Павяцці

Завітвай у Павяцце, рабі сэлфі з муралам і едзь глядзець вадаспад! А каб зрабіць вандроўку яшчэ больш цікавай, наведай Мёры, Пераброддзе і Дзісну, дзе дзякуючы праекту таксама створаны крутыя муралы.

Усе гэтыя муралы вельмі розныя, але так ці інакш злучаны з тым месцам, дзе яны намаляваныя, — кажа спецыяліст АПБ па развіцці турызму Сяргей Рэзаў. — У Дзісне намаляваны партрэт Язэпа Драздовіча, які хадзіў у мясцовую гімназію, у Мёрах, бо гэта раённы цэнтр, — намаляваны ўсе галоўныя славутасці раёна. Што ж тычыцца Павяцця, то, вядома, галоўная славутасць гэтай мясцовасці — вадаспад на рацэ Вята! Мурал атрымаўся вельмі маляўнічым. Цяпер турысты могуць даведацца некалькі варыянтаў маршруту да вадаспаду і абраць любы з іх, каб палюбавацца славутасцю і сфатаграфавацца на яе фоне.

Адкрывай для сябе мясціны, якія здзіўляюць: Мёрскі край на іх багаты.

Тэкст: Алеся Башарымава

Фота з архіву праекта

Дапамажы нам захоўваць дзікую прыроду Беларусі!

 

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: