Капрамонт для кугакавак

ад 15 лістапада 2021 года

Барадатая кугакаўка – рэдкі від соў Беларусі, які гняздуецца ў асноўным на балотах. Менавіта па гэтай прычыне сустрэць яе па-за межамі Альманскіх балот, Выганашчанскага заказніка і балота Дзікое вельмі складана.

Бородатая неясыть

Барадатая кугакаўка. Фота Міколы Чэркаса

У 2006 годзе сябры Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ на балоце Дзікое ўпершыню правялі акцыю па захаванні гэтай савы, размясціўшы на балотных астравах гнездавыя скрыні. Яны імітавалі гнёзды драпежных птушак – канюхоў-мышаловаў і арляцоў, бо сама кугакаўка гнёздаў не будуе, а займае ўжо гатовыя. Калі сава пасялілася ў гняздзе, яна капае ямку, куды адкладвае яйкі. Праз некалькі гадоў выкарыстання гнёздаў усе галіны з платформы выкідваюцца вонкі, таму важна назіраць за станам гнёзд і паднаўляць іх пры патрэбе. Звычайна драўляныя платформы вісяць 6-7 гадоў, пасля патрабуюць поўнай замены. Таму ў 2012 годзе сябры аддзялення павесілі на Дзікім новыя скрыні.

Дзікое — адно з найбуйнейшых у Еўропе балотаў нізіннага і пераходнага тыпу, якое захавалася ў натуральным стане. Яно мае статус тэрыторыі, важнай для птушак, міжнароднага значэння, як частка нацпарку «Белавежская пушча» мае статус абъекта сусветнай спадчыны і біясфернага рэзервату ЮНЕСКА, з’яўляецца Рамсарскай тэрыторыяй. Балота Дзікое важнае для захавання біяразнастайнасці не толькі ў Беларусі, але і на планеце. У Еўропе засталося ўсяго некалькі такіх балот: большасць была калісьці асушаная дзеля сельскай гаспадаркі.

Гнездавая скрыня для барадатай кугакаўкі патрабуе замены

Гнездавая скрыня для барадатай кугакаўкі патрабуе замены

Апошні раз на платформах кугакаўкі гнездаваліся ў 2020 годзе, але стан платформаў быў крытычным: дошкі прагнілі, падсцілка прасыпалася. У сакавіку гэтага года быў аб’яўлены збор сродкаў на рамонт платформ, дзе кугакаўкі паспяхова выводзілі птушанят і дзе на той момант платформы ўжо выкарысталі свой рэсурс.

Гнездавая скрыня адслужыла свой тэрмін

Гнездавая скрыня адслужыла свой тэрмін

Сабраныя грошы пайшлі на поўную замену чатырох гнёздаў, найбольш запатрабаваных совамі.

Гнездавая платформа чакае сваю кугакаўку

Новая гнездавая платформа чакае сваю кугакаўку

Працу выканалі Рабочая група АПБ па сокалападобных і совападобных і захавальнік дзікай прыроды Сяргей Сідарук. Драўляныя скрыні вырашылі замяніць на платформы, максімальна падобныя да натуральных гнёзд.

У аснове платформы - металічная сетка

У аснове платформы — металічная сетка

Каб канструкцыі праслужылі даўжэй, у іх аснову закладалася металічная сетка. Мяркуецца, такія гнёзды павінны правісець каля 10 гадоў.

Платформа для барадатай кугакаўкі

Каб такіх ініцыятыў было больш, падтрымай РГСС, пералічыўшы ахвяраванне на рахунак BY70BPSB31351049261149330000. УНП: 101546170. БИК BPSBBY2X.

Увага! Пазначай правільна прызначэнне плацяжу: “ахвяраванне”, па-руску – “пожертвование”. Інакш мы не зможам скарыстацца гэтымі сродкамі.

Ахвяраванне можна пераказаць толькі праз пошту і (або) банк. Да АРІП гэты рахунак не падключаны.

Звяртаем увагу, што гэта спецыяльны рахунак АПБ, які адрозніваецца ад агульнага рахунка на ахвяраванні.

Тэкст, фота (акрамя загалоўнага): Дзяніс Кіцель

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: