Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Два прычэпы смецця і “кансервы” з недапалкаў: як палескія захавальнікі прыбіралі за “аматарамі прыроды”
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 17 лістапада 2021 года
Лістапад… Холадна, кажаш? Няўтульна? Вось бы з-пад коўдры не выбірацца, а ў выходныя і пагатоў? А захавальнікаў дзікай прыроды Палесся надвор’е не спыняе! У пахмурную лістападаўскую нядзелю яны накіраваліся ў заказнік “Сярэдняя Прыпяць”.
Маляўнічыя мясціны ў ваколіцах вёсак Хорск і Туры на Століншчыне добра вядомыя не толькі мясцовым жыхарам, але і шматлікім прыезджым рыбаловам і проста “аматарам прыроды”. І нездарма мы пішам у двукоссі: штораз, бываючы ў гэтых папулярных месцах адпачынку, актывісты заўважалі безліч смецця, пакінутага гасцямі. І гэта, мякка кажучы, не пасуе краявіду і ахоўнаму статусу заказніка.
Месца адпачынку
Яшчэ адно месца адпачынку
Няўжо можна атрымліваць асалоду ад адпачынку на прыродзе, калі побач — гэта?! Вось і мы не верым. Таму на мінулых выходных захавальнікі дзікай прыроды сабраліся і зладзілі прыборку.
Валанцёры за прыборкай
Нашы актывісты працавалі тут упершыню, а раней, здаецца, ніхто асабліва не клапаціўся пра чысціню гэтых мясцін. Таму ні вялізныя мяхі, ні нават трактар і два прычэпы не сталі лішнімі: працы было сапраўды шмат!
Пагрузка смецця
Вываз смецця
Чаго толькі тут не знайшлося! Як выявілася, “аматары” палескай прыроды лянуюцца прыбраць пасля пікніка, але чамусьці знаходзяць час прывезці і выкінуць тут зношаны абутак…
Боты
…альбо стары навагодні дэкор.
Стары навагодні дэкор
Аўтары гэтых “кансерваў”, імаверна, хацелі зрабіць як лепш. Вось бы яны яшчэ і ўтылізавалі ўсё гэта!
Бутэлькі з недакуркамі
Затое самыя маленькія ўдзельнікі прыборкі з дзяцінства вучацца падтрымліваць парадак не толькі ў сваім доме, але і навокал. Яны дакладна не будуць ператвараць лясы і рачныя берагі ў сметнік!
Памочнік
Сяргей Ляшкевіч, захавальнік дзікай прыроды:
Наша Палессе ўнікальнае і дзівоснае. Я наведаў шмат прыродных славутасцей: Байкал, Алтай, Кольскі паўвостраў… І пераканаўся, што наш край незвычайны, непаўторны і ўражвае не менш. Разам з аднадумцамі мы шмат падарожнічаем па сваім рэгіёне, вывучаем новыя лакацыі, водныя маршруты, і, на жаль, часта назіраем адну і тую ж праблему: людзі не дбаюць пра тое, каб прыбраць за сабой. А для мяне вельмі важна клапаціцца пра гэта: я думаю пра будучыню, пра тое, што мы пакінем пасля сябе. І здорава, што ў такіх акцыях разам з намі ўдзельнічаюць дзеці. Я вяду блог, у якім расказваю і пра свае падарожжы, і пра захавальніцкую працу, і пра такія прыборкі, як сёння. Людзі дзякуюць, цікавяцца, далучаюцца, кажуць, што і яны ў сваіх мясцінах будуць ладзіць нешта падобнае.
Хто такія захавальнікі дзікай прыроды і як далучыцца?
Юшка
Па добрай працы — і адпачынак! Вялікі кацялок гарачай духмянай юшкі — і ўзнагарода за працу, і нагода лепей раззнаёміцца, каб разам будаваць планы на будучыню!
Дзякуй нашым валанцёрам-захавальнікам!
Захавальнікі дзікай прыроды працуюць у рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”. Мы шчыра дзякуем удзельнікам акцыі ў заказніку “Сярэдняя Прыпяць”: Міхаілу і Наталлі Саўлукам, Аляксею Клімаўцу, Сяргею Ляшкевічу, Рыгору Кухарэвічу, Андрэю Уроднічу, Ірыне Красаўцавай, Аляксандру Ляшкевічу, Васілю Блоцкаму, Мікалаю Брышчуку. Асаблівая наша падзяка — самым юным удзельнікам прыборкі: Сашу і Лізе Саўлукам, Дзіме Брышчуку, Рэнату Ляшкевічу!
Тэкст: Вольга Блажэвіч
Фота: Настасся Блоцкая
Падзяліся артыкулам у сацсетках: