Рабочая сустрэча ў нацпарку “Прыпяцкі”: вопыт, якім мы гатовы дзяліцца

ад 23 лістапада 2021 года

Чым больш спецыялістаў яднаецца для захавання дзікай прыроды, тым болей шанцаў дасягнуць мэт, у тым ліку маштабных. 18 лістапада ў нацпарку “Прыпяцкі” адбылася сустрэча, якая, спадзяёмся, дасць пачатак больш цеснаму супрацоўніцтву.

У нацпарк завіталі спецыялісты АПБ і Франкфурцкага заалагічнага таварыства (ФЗТ). Яны абмеркавалі з супрацоўнікамі “Прыпяцкага” магчымыя напрамкі сумеснай працы дзеля захавання аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы — Палесся.

Сустрэча ў нацпарку "Прыпяцкі"

Нацыянальны парк “Прыпяцкі” мае вялікую значнасць у міжнародным маштабе. Ужо сёння ён мае статус тэрыторыі, важнай для птушак, ключавой батанічнай тэрыторыі, Рамсарскага ўгоддзя. Амбіцыйная мэта, над якой разам працуюць АПБ, ФЗТ і іх партнёры па праекце “Палессе — дзікая прырода без межаў” — наданне Палессю статуса біясфернага рэзервата ЮНЕСКА альбо аб’екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Аляксандр Вінчэўскі

Аляксандр Вінчэўскі

Як адзначыў дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі, павышэнне міжнароднага статусу нацпарку — толькі пытанне часу:

Нацыянальны парк “Прыпяцкі” па сваёй міжнароднай значнасці не саступае самым тытулаваным прыродным тэрыторыям Беларусі. “Ахова птушак Бацькаўшчыны” мае вопыт паспяховага супрацоўніцтва з запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі Беларусі, і мы спадзяёмся таксама на плённае ўзаемадзеянне з нацыянальным паркам “Прыпяцкі” на карысць дзікай прыроды Палесся.

Міхаэль Брамбахер

Міхаэль Брамбахер

Кіраўнік Еўрапейскага аддзела ФЗТ Міхаэль Брамбахер расказаў, што арганізацыя, якую ён прадстаўляе, існуе больш як 160 гадоў. Сёння дзейнасць ФЗТ ахоплівае 18 краін свету: таварыства працуе з прыроднымі тэрыторыямі, якія вылучаюцца вялікай біяразнастайнасцю і маюць міжнародную значнасць.

Палессе для нас — асаблівае: гэта агромністыя абшары балот, гэта выключна важная тэрыторыя для рэдкіх відаў птушак і сысуноў. Такога прыроднага ландшафту няма больш нідзе ў свеце. Мы працуем над вывучэннем, захаваннем, пашырэннем межаў ахоўных прыродных тэрыторый на Палессі сумесна з партнёрамі ў Беларусі і Украіне: ФЗТ супрацоўнічае з запаведнікамі, нацыянальнымі паркамі, прыродаахоўнымі арганізацыямі дзвюх краін. Захаванне прыроды Палесся — тое, дзеля чаго нам варта аб’яднаць свой патэнцыял і намаганні.

Таццяна Трафімовіч

Таццяна Трафімовіч

Кампетэнцыі і практычны вопыт спецыялістаў АПБ і арганізацый-партнёраў могуць быць карыснымі для развіцця нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, адзначыла спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Таццяна Трафімовіч.

За час рэалізацыі праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў” выканалі картаграфаванне лясоў высокай прыродаахоўнай каштоўнасці і пагражальных біятопаў у цэнтральнай частцы Палесся для перадачы іх пад ахову, пашырылі на 10 тысяч гектараў тэрыторыю заказніка “Альманскія балоты”, падрыхтавалі прадстаўленне на стварэнне заказніка мясцовага значэння “Пойма Львы”. Распрацавалі прапановы па абнаўленні плана кіравання нацпаркам “Прыпяцкі”, і працу над імі лагічна было б працягнуць сумесна са спецыялістамі нацыянальнага парку.

Палессе - дзікая прырода без межаў

Адна з ключавых задач праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў” — аднаўленне гідралагічнага рэжыму на тэрыторыях, дзе раней праводзілася меліярацыя. Наступствы асушэння — дэградацыя глебы, засыханне дуброў і саснякоў, скарачэнне біяразнастайнасці, павышаная небяспека лясных і тарфяных пажараў. Паўторнае забалочванне дазваляе мінімізаваць гэтыя негатыўныя з’явы.

Любіш дзікую прыроду? Далучайся да АПБ!

Дзмітрый Грумо

Дзмітрый Грумо

Дзмітрый Грумо, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, адзначыў:

Практыка забалочвання вельмі эфектыўная, у тым ліку, з эканамічнага пункту гледжання. На паўночным захадзе Беларусі, дзе адноўлены ўсе балоты, за апошнія гады зафіксаваны толькі адзін тарфяны пажар. Затраты на паўторнае забалочванне акупіліся за кошт скарачэння выдаткаў на барацьбу з агнём. Акрамя таго, аднаўленне натуральнага гідралагічнага рэжыму — самы эфектыўны спосаб захавання водных рэсурсаў Палесся, а гэтая праблема сёння стаіць востра, і яе вырашэнне вымагае вялікіх фінансавых выдаткаў. У нацыянальным парку “Прыпяцкі” ёсць участкі, дзе гідралагічны рэжым моцна парушаны ў выніку меліярацыі. Варта распрацаваць навуковае абгрунтаванне паўторнага забалочвання на гэтай тэрыторыі.

Павел Пінчук

Павел Пінчук

Парушэнне гідралагічнага рэжыму, якое прыводзіць у тым ліку да паніжэння ўзроўню вады ў рэках, — крытычна важны фактар таксама і для фаўны Палесся, паведаміў эксперт АПБ, навуковы супрацоўнік нацпарку “Прыпяцкі”, арнітолаг Павел Пінчук. У 2019 — 2020 гадах узровень вады быў вельмі нізкі праз натуральныя прычыны: засушлівае лета і малую колькасць снегу ўзімку. Гэтая сітуацыя дазволіла нам даследаваць на практыцы, што адбываецца, калі сыходзіць вада — няважна, праз кліматычныя фактары ці праз наступствы асушэння. Пры нармальным узроўні вады спецыялісты назіралі да 20 тысяч вялікіх грыцукоў за сезон, а ў перыяд “нізкай вады” іх колькасць ледзь дасягала 500 асобін. Паказчыкі размнажэння гэтага віду ў неспрыяльны перыяд падалі да мінімуму. З нармалізацыяй узроўню вады ў 2021 годзе аднавіліся і колькасць птушак, і паспяховасць іх размнажэння.

Павел Пінчук і Аляксандр Вінчэўскі

Павел Пінчук і Аляксандр Вінчэўскі

Яшчэ адна важная праблема, якая ўплывае на біяразнастайнасць Палесся, — зарастанне адкрытых паплавоў кустоўем. Там, дзе спыняецца рэгулярнае выкошванне і выпас скаціны, лугавіны робяцца непрыдатнымі для ключавых відаў птушак — у прыватнасці, кулікоў. Разам з тым, як паказвае вопыт АПБ, калі рэгулярна расчышчаць паплавы, то яны застаюцца прыдатнымі для размнажэння і кармлення птушак. Гэтую практыку можна прымяніць і на тэрыторыі нацпарку “Прыпяцкі”, мяркуе Павел Пінчук:

У “Прыпяцкім” ёсць перспектыўная тэрыторыя для расчысткі — поплаў каля вёскі Перароўскі Млынок. Я б прапанаваў аднавіць поплаў і ўвесці забарону на паляванне на гэтай тэрыторыі падчас размнажэння птушак і іх адпачынку на міграцыі. Калі стварыць тут спрыяльныя ўмовы для кулікоў, а да таго ж усталяваць назіральныя вышкі, поплаў можа стаць выдатным месцам для птушкавання.

Настасся Блоцкая

Настасся Блоцкая

За станам тэрыторый, важных для птушак, сочаць і захавальнікі дзікай прыроды — валанцёры АПБ, якія рэгулярна наведваюць вызначаную тэрыторыю, удзельнічаюць у маніторынгу ключавых відаў птушак, рэагуюць на пагрозы для дзікай прыроды, вядуць асветніцкую працу, удзельнічаюць у валанцёрскіх акцыях. Пра гэта расказала Настасся Блоцкая, спецыялістка АПБ і каардынатарка адной з груп захавальнікаў дзікай прыроды Палесся.

Да захавальніцкай дзейнасці далучаюцца новыя і новыя людзі, для іх праводзяцца семінары і курсы, дзе яны вучацца адрозніваць віды жывёл і птушак, знаёмяцца з прыродаахоўным заканадаўствам, маюць магчымасць сустрэцца са спецыялістамі і даведацца з першых вуснаў пра даследчыцкую працу, што вядзецца ў іх мясцовасці. Я сама калісьці пачынала супрацоўнічаць з “Аховай птушак Бацькаўшчыны” як валанцёр. Сёння я ўпэўнена кажу, што захаванне дзікай прыроды стала маёй працай.

Дзмітрый Шамовіч

Дзмітрый Шамовіч

Каб захаваць прыродныя каштоўнасці, трэба праводзіць навуковыя даследаванні, прычым іх метады і сродкі павінны быць максімальна экалагічнымі. Эксперты АПБ вывучаюць жыццё жывёл Палесся пры дапамозе сучасных метадаў: усталявання фотапастак, спадарожнікавага сачэння. Для даследаванняў, якія патрабуюць адлову жывёл, выкарыстоўваюцца найменш траўматычныя прылады, расказаў эксперт АПБ, біёлаг Дзмітрый Шамовіч:

Апошні год мы даследуем папуляцыі еўрапейскай рысі і капытных на Палессі пры дапамозе фотапастак. Мэта — ацаніць колькасць прадстаўнікоў гэтых відаў і шчыльнасць папуляцыі. Для кожнага даследавання распрацавалі схему ўсталявання фотакамер, якая адпавядае асаблівасцям відаў і нашым задачам. Фатаздымкі, якія мы атрымалі, зараз апрацоўваюцца спецыялістамі ў Беларусі і Германіі, таму канчатковых вынікаў давядзецца пачакаць.

Яшчэ адно цікавае даследаванне — спадарожнікавае сачэнне за ваўком. Гэта вельмі інфарматыўны метад, які дазваляе ацаніць прасторавае размеркаванне і перасоўванні ваўчыных зграй, паводзіны жывёл, дэмаграфію папуляцыі. Такія даследаванні можна арганізаваць і на тэрыторыі нацыянальнага парку “Прыпяцкі”: мы гатовы пасадзейнічаць гэтаму і падзяліцца вопытам.

Юрый Апановіч

Юрый Апановіч

Кіраўніцтва і супрацоўнікі нацыянальнага парку “Прыпяцкі” зацікавіліся прапановамі спецыялістаў АПБ. Дырэктар нацпарку Юрый Апановіч прапанаваў скласці дэтальны план сумеснай працы, а кіраўнік навуковага аддзела Андрэй Бяспалы заўважыў:

Мы гатовы разгледзець усе напрамкі супрацоўніцтва, якія былі агучаны сёння. У першую чаргу, мяркую, варта засяродзіцца на арніталагічнай тэме і паўторным забалочванні асушаных тэрыторый. Мы ўважліва прааналізуем і іншыя ідэі і дамовімся, як будзем дзейнічаць далей.

Спадзяёмся, сустрэча будзе мець працяг і ўсе яе ўдзельнікі плённа папрацуюць разам на карысць нашай агульнай каштоўнасці — дзікай прыроды Палесся.

Рабочая сустрэча прайшла ў рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў: захаванне аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы”, які рэалізуецца грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг. Праект “Палессе — дзікая прырода без межаў” распрацаваны Віктарам Фенчуком і прэзентаваны ў Кембрыджскім універсітэце.

Тэкст: Вольга Блажэвіч

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: