“Жывыя” сустрэчы, жывая прырода, жывыя эмоцыі: замежныя калегі АПБ наведалі Беларусь

ад 26 лістапада 2021 года

Франкфурцкае заалагічнае таварыства (ФЗТ) — аўтарытэтная арганізацыя, якая каардынуе 29 праектаў па захаванні дзікай прыроды па ўсім свеце. Два з іх — у нашай краіне: “Палессе — дзікая прырода без межаў” і Прыродаахоўны праект для Белавежскай пушчы. Абодва рэалізуе АПБ.

Спецыялісты ФЗТ правялі некалькі дзён у Беларусі: паўдзельнічалі ў рабочых сустрэчах, абмеркавалі з калегамі вынікі працы і планы, наведалі Белавежскую пушчу і Палессе, якія для іх ужо сталі чымсьці большым, чым проста “праектная тэрыторыя”.

Міхаэль Брамбахер, Зан Лабушань і Аляксандр Вінчэўскі ў Белавежскай пушчы. Фота Таццяны Трафімовіч

Міхаэль Брамбахер, Зан Лабушань і Аляксандр Вінчэўскі ў Белавежскай пушчы. Фота Таццяны Трафімовіч

Міхаэль Брамбахер, кіраўнік Еўрапейскага аддзела ФЗТ:

Пандэмія надоўга пазбавіла нас магчымасці падарожнічаць. Я рады, што нарэшце зноў змог асабіста прывітаць партнёраў з беларускіх нацыянальных паркаў, калег з АПБ, з якімі мы разам працуем над прыродаахоўнымі праектамі ў Белавежскай пушчы і на Палессі. Мы ацанілі, на якім этапе знаходзіцца кожны праект, абмеркавалі наступныя крокі. Я перакананы: такія сустрэчы немагчыма замяніць відэазванкамі.

михаэль бромбахер

Што вы лічыце самым значным дасягненнем прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы на сёння?

Мы працуем над аднаўленнем гідралагічнага рэжыму тэрыторый, якія раней былі асушаны. Паўторна забалочаны больш як 2 тысячы гектараў — тэрыторыі балота Дзікі Нікар і меліяратыўнай сеткі “Жаркаўшчына”. Гэта вялікі поспех. Не будзем спыняцца: наперадзе аднаўленне натуральнага рэчышча ракі Нараўкі і гідрарэжыму балота Дзікога.

Барацьба з наступствамі асушэння — важная задача і для праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”, ці не так?

Сапраўды, у нашых планах — аднаўленне гідралагічнага рэжыму на плошчы каля 6 тысяч гектараў. Падчас гэтага візіту ў Беларусь мы абмеркавалі перспектыўныя аб’екты на тэрыторыі нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Увогуле праект рознабаковы: мы працуем над пашырэннем ахоўных прыродных тэрыторый. Плошча заказніка “Альманскія балоты” вырасла сёлета амаль на 10 тысяч гектараў. Падрыхтавана абгрунтаванне для таго, каб пойма ракі Льва набыла статус заказніка. Беларускія і нямецкія вучоныя сумесна вывучаюць статус рысей, ваўкоў, капытных жывёл на Палессі. Вядзецца адукацыйная праца з дзецьмі: гэта вельмі важна, бо трэба выхоўваць новае пакаленне, якое будзе клапаціцца пра непаўторную палескую прыроду.

Любіш дзікую прыроду? Далучайся да АПБ!

Ці справядліва будзе сказаць, што вопыт аднаўлення прыродных ландшафтаў у Беларусі можа быць карысны для іншых краін?

Гэта сапраўды так. Аднаўленне гідралагічнага рэжыму беларускіх балот і рэк — вельмі важны прыклад. Сёння гэта адзіны спосаб вярнуць каштоўныя экасістэмы ў іх натуральны стан, выправіць тое, што мы, людзі, самі і парушылі. Гэта тэма міжнароднай значнасці — у 2021 годзе пачалося Дзесяцігоддзе аднаўлення экасістэм, абвешчанае ААН. Зрэшты, зазначу: аднаўленне — гэта вельмі важна. Але яшчэ лепей — ад самага пачатку клапаціцца пра захаванне натуральнага балансу.

Беловежская пуща

Што вас найбольш эмацыйна ўзрушыла падчас гэтага візіту ў Беларусь?

Мы мелі крыху часу, каб пабыць сярод дзікай прыроды. Наведалі месца ў Белавежскай пушчы, дзе растуць дубы, якім па 300, 400 і нават болей гадоў. Гэтыя дрэвы такія старыя і магутныя! У мяне ў нейкі момант з’явілася адчуванне, што яны паказваюць нам, людзям, сваю ўладу над намі. Гэта напамін пра тое, што мы мусім ставіцца да прыроды з належнай пашанай.

Михаэль Бромбахер

Зан Лабушань, каардынатарка па камунікацыях еўрапейскіх праграм ФЗТ:

Я ўпершыню пабывала ў Беларусі, і гэты візіт для мяне выключна важны. Тут рэалізуюцца два вялікія праекты, з якімі я працую. Я сустрэлася з калегамі, мы паспелі шмат абмеркаваць асабіста, а не віртуальна. З’явілася шмат ідэй, якія трэба ацаніць і ўключыць у нашу працу налета. Вядома, я вельмі хацела ўбачыць на свае вочы і адчуць прыроду Белавежскай пушчы і Палесся — і гэта адбылося. Я атрымала не толькі эмоцыі, якія ўзбагачаюць мяне, але і веды, якія дапамогуць у працы.

Зан Лабушань

Ці адрозніваліся чаканні і тое, як у выніку склаўся гэты візіт?

Я не размаўляю ні па-руску, ні па-беларуску, і праз гэта хвалявалася перад падарожжам. Але мяне з першага дня прымалі вельмі цёпла і прыязна. Каманда АПБ дасканала спланавала нашу працу і паездкі па Беларусі. Таму мне ўдалося атрымаць максімум ад гэтага непрацяглага візіту. Гэта больш, чым я чакала, гэта выдатны вынік.  

Што ўразіла найбольш за гэтыя дні ў Беларусі?

Адчуванне, калі я нарэшце дакранулася да вады Прыпяці. Быў шэры пахмурны дзень, але гэта не зрабіла слабейшым маё ўражанне ад таго, што я ўпершыню пабачыла гэтую магутную раку — галоўную адметнасць палескага краявіду. Я ўжо думаю пра тое, каб прыехаць зноў увесну і на свае вочы паглядзець на жыццядайную паводку на Палессі, а потым напісаць пра яе.

Михаэль Бромбархер

Прыродаахоўны праект для Белавежскай пушчы рэалізуецца сумесна ДПУ «Нацыянальны парк „Белавежская пушча“», АПБ і Франкфурцкім  заалагічным таварыствам.

Праект «Палессе — дзікая прырода без межаў» які з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), выконваецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства і фінансуецца «Аркадзіяй» — дабрачынным фондам Лізбет Раўзінг і Пітэра Болдуіна.

Гутарыла Вольга Блажэвіч

Фота: Таццяна Трафімовіч, Зан Лабушань

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: