Ад Серэнгеці да Прыпяці: натхняльная гісторыя любові да дзікай прыроды

ад 30 лістапада 2021 года

“Дзівосы дзікай прыроды”, “сапраўдная экзотыка”, “некранутыя землі”… Што ты ўяўляеш, чуючы гэтыя словы? Ільвы палююць на зебр у саванне, сланы брыдуць праз трапічны лес — нешта такое? А бывае і наадварот: ільвоў ды насарогаў бачыш з дзяцінства, а здзіўляешся — калі даведваешся пра… Палессе! Такі вопыт мае наша калега Зан Лабушань. Яна каардынуе сувязі з грамадскасцю для міжнароднага прыродаахоўнага праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў” — яго рэалізуе АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Зан расказала нам пра свой захапляльны вопыт узаемаадносін з дзікай прыродай: ад дзіцячых уражанняў — да прафесійнай працы, ад афрыканскіх лясоў — да Беларусі. 

Захапленне і любоў да дзікай прыроды у мяне ад бацькоў, прафесійных прыродаахоўнікаў. З дзевяцімесячнага ўзросту я расла і выхоўвалася ў даволі незвычайных умовах: маё дзяцінства прайшло сярод дзікай прыроды Афрыкі. Мы жылі ў Малаві, Чадзе, але асабліва моцна паўплывала на мяне Танзанія. Там бацькі працавалі ў сусветна знакамітых нацыянальных парках — Серэнгеці і Нгорангора. Мы з сястрой рабілі ўрокі на заднім сядзенні палявога ўседарожніка, пакуль яны шукалі чорных насарогаў, займаліся вывучэннем і аховай гэтых жывёл, што апынуліся на мяжы вымірання. Часам нам даводзілася жыць у намётавым лагеры, дзе ўначы былі чуваць ільвіны рык і цяўканне гіен. Усё гэта, вядома, моцна паўплывала на мяне і маю сястру — мы навучыліся шанаваць і берагчы жывую прыроду. Яе захаванне стала для нас абедзвюх прафесіяй.  

Зан Лабушань

Няма сумневу, у сям’і ты набыла неацэнны вопыт. Але і без спецыяльнай адукацыі не абысціся… 

Вядома. Я атрымала ступень бакалаўра ў галіне біяразнастайнасці і экалогіі ва ўніверсітэце Стэленбоша ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Пасля скончыла магістратуру па прыродаахоўнай біялогіі ва ўніверсітэце Кейптаўна. Гэта быў вельмі карысны, рознабаковы і, што важна, практычны курс. Менавіта ён дапамог мне ўвайсці ў прыродаахоўную дзейнасць. 

Дзе ты набывала прафесійны вопыт?

Закончыўшы вучобу, мы з сябрамі адправіліся ў вялікае і працяглае — на некалькі месяцаў — аўтамабільнае падарожжа з ПАР праз поўдзень і ўсход Афрыкі ў Конга. Нашай мэтай было лепей спазнаць кантынент, на свае вочы пабачыць розныя запаведныя тэрыторыі, даведацца, якія прыродаахоўныя праекты ёсць у розных краінах і як кіруюць гэтай сферай. Я некалькі месяцаў працавала валанцёркай у нацыянальным парку Закума ў Чадзе, а пасля пераехала ў Конга, што і было канцавым пунктам падарожжа. 

У Конга я спачатку працавала ў праекце, накіраваным на ўзмацненне выканання законаў аб ахове флоры і фаўны. Мы сачылі за вядзеннем судовых спраў аб злачынствах супраць дзікай прыроды, дапамагалі дзяржаўным пракурорам збіраць доказы і складаць абвінавачванні супраць людзей, замяшаных у паляванні на сланоў і гандлі слановай косткай. Перада мной стаяла задача надаваць розгалас такім справам, інфармаваць грамадскасць пра тое, што браканьерства — сур’ёзнае злачынства, за яго прадугледжана суровае пакаранне, і закон працуе. Гэта стрымлівала людзей ад удзелу ў нелегальным бізнесе. 

Сланы выклікаюць у мяне цэлую гаму эмоцый: я адчуваю адначасова пашану, страх і захапленне гэтымі разумнымі гігантамі, найбуйнейшымі наземнымі сысунамі. У лясах Цэнтральнай Афрыкі тут і там сустракаюцца вялікія адкрытыя паляны. Адна з іх — у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы — шырока вядомая як Дзанга Бай, або “слановая вёска”. Калі вы ідзяце праз лес да гэтага месца, паступова адчуваеце, як зямля пачынае дрыжаць. Скрозь падлесак рэхам разносіцца першабытны гук — нізкі, падобны адначасова да рыку і раскатаў грому. Выбіраешся з цёмнага лесу на адкрытую прастору — і перад вачыма адкрываецца нешта неймавернае. Звычайна лясныя сланы перасоўваюцца па адным альбо малымі сямейнымі групамі, але на Дзанга Бай іх можа быць адначасова больш за сотню! Сланы прыходзяць сюды ў пошуках асаблівай мінеральнай глебы. А яшчэ тут яны камунікуюць паміж сабой: і вялізныя старыя жывёлы з агромністымі рудымі ікламі, і мілыя малечы з ружовымі жыватамі. Мне пашчасціла цэлы дзень назіраць гэты цуд — гэта адно з самых моцных уражанняў ад дзікай прыроды Афрыкі.  

Пражыўшы год у сталіцы Конга, Бразавілі, я засумавала па дзікай прыродзе. На шчасце, неўзабаве з’явілася магчымасць пераехаць у нацыянальны парк Нуабале-Ндокі на поўначы краіны. Гэта частка адной з самых некранутых лясных экасістэм Афрыкі. Тут я сумяшчала працу ў камунікацыях з развіццём турызму ў нацыянальным парку. 

Наш офіс знаходзіўся на беразе вялікай ракі, што цякла праз лес. Міма нашых вокнаў калі-нікалі праходзілі сланы, а шымпанзэ лазілі па галінах гіганцкіх дрэў проста над дахам. Гэта адно з самых захапляльных і дзікіх месцаў, што мне даводзілася бачыць. 

Я працавала ў Конга агулам чатыры гады. А потым здарылася пандэмія і лакдаўн — ён мяне заспеў у Танзаніі. Па збегу абставін тады пачалося маё супрацоўніцтва з Франкфурцкім заалагічным таварыствам (ФЗТ): вось ужо больш за год я працую каардынатарам па сувязях з грамадскасцю для праектаў ФЗТ у Еўропе. Іх некалькі, але ў цэнтры маёй увагі зараз — захаванне прыроднага ландшафту ўкраінскіх Карпат і праект “Палессе — дзікая прырода без межаў”, які рэалізуецца ў Беларусі і Украіне.  

ФЗТ каардынуе працу па захаванні асабліва важных і каштоўных прыродных ландшафтаў у розных частках свету. Два з 29 праектаў таварыства рэалізуюцца ў нашай краіне — у Белавежскай пушчы і на Палессі. Але многія беларусы дагэтуль лічаць: сапраўдная дзікая прырода — гэта горы, акіяны ці джунглі. Мы такога не маем — значыць, у нас тут няма нічога асаблівага. Як бы ты пракаментавала такую думку?

Мая праца доўгі час была звязана выключна з Афрыкай. Мушу прызнацца, раней Еўропа ў мяне не асацыявалася з вялікімі тэрыторыямі дзікай прыроды. Але, пазнаёміўшыся з праектамі ФЗТ, я адразу ж адзначыла для сябе дзве тэрыторыі, якія захацела абавязкова пабачыць — гэта Белавежская пушча і Палессе. Такія агромністыя абшары амаль некранутай дзікай прыроды сталі выключнай рэдкасцю ў Еўропе! Мяне глыбока ўразілі не толькі маштабы гэтых тэрыторый, але і іх унікальныя экасістэмы, папуляцыі жывёл, якія шмат дзе незваротна зніклі, а тут усё яшчэ існуюць. Паверце, гэта вялікае багацце, каштоўнасць і падстава для нацыянальнага гонару. І я вельмі рада, што нарэшце маё вялікае жаданне спраўдзілася — я на ўласныя вочы пабачыла гэтыя мясціны. Па-сапраўднаму ўзрушвае, калі стаіш на беразе Прыпяці і ўсведамляеш, што гэтая магутная рака дае жыццё ўсяму наваколлю. Цяпер я вельмі хачу прыехаць сюды зноў, каб пабачыць славутую веснавую паводку на Палессі.

Ці складана табе было перайсці ад непасрэднай працы з дзікай прыродай да камунікацый?

Гэта адбылося паступова. Не было такога моманту, калі я сказала: ну, усё — цяпер я працую з інфармацыяй і займаюся сувязямі з грамадскасцю. Не. Проста менавіта гэтая праца была вельмі неабходная праектам, у якіх я брала ўдзел. А мне заўсёды падабалася займацца творчасцю, фатаграфаваць, пісаць, даносіць інфармацыю да аўдыторыі пры дапамозе розных сродкаў. Так што ўсё адбылося, можна сказаць, па збегу абставін.  

Ты кажаш, што, папрацаваўшы некаторы час у офісе, засумавала па дзікай прыродзе. Ці няма зараз такога адчування, што ўсё самае важнае адбываецца менавіта там, “у палях”, пакуль ты займаешся нечым другасным? 

Я пераканана, што навуковыя даследаванні, практычная палявая дзейнасць і праца з інфармацыяй мусяць ісці поруч. Калі людзі не ведаюць, чаму дзікая прырода важная, чаму яе неабходна захоўваць і аднаўляць, іх увогуле не турбуюць гэтыя праблемы. А значыць, прыродаахоўная дзейнасць не атрымлівае падтрымкі. Таму інфармаваць грамадства пра тое, што і навошта мы робім, проста неабходна, калі мы хочам дасягнуць станоўчых вынікаў.

Любіш дзікую прыроду? Стань сябрам АПБ!

Ты працавала і працуеш у розных краінах. Ці моцна адрозніваюцца стратэгіі камунікацыі для розных грамадстваў, краін, культур? 

Я б сказала, што многія рэчы супадаюць. Ёсць канцэпцыі і тэорыі, якія можна прымяняць паўсюль, ёсць вопыт, які можна пераносіць з адной краіны ў іншую і аналізаваць: што працуе, а што не. Але ў кожнай краіне ёсць свае асаблівасці і абставіны, якія нельга ігнараваць і недаацэньваць. Таму ключавы прынцып маёй працы — супрацоўніцтва з мясцовымі экспертамі, якія разумеюць нацыянальны кантэкст, працуюць унутры краіны. Я ж у сваю чаргу дзялюся з імі здабытымі ведамі і вопытам. 

Калі гаворка ідзе пра прыродаахоўныя праекты, мы часта адзначаем, што вельмі важна даносіць інфармацыю пра іх да людзей, якія насяляюць праектныя тэрыторыі ці жывуць побач. Чаму гэта так важна і ў Беларусі, і ў любой іншай краіне? 

Менавіта мясцовыя жыхары, як правіла, больш за ўсё звязаны з прыродай і залежаць ад яе. Навакольнае асяроддзе, стыхія моцна ўплываюць на іх штодзённы побыт, культуру і сродкі да існавання. Разам з тым, шмат дзе мясцовыя жыхары ахоўваюць прыродныя тэрыторыі і валодаюць найлепшымі рашэннямі для іх бяспекі і ўстойлівасці. Важна памятаць, што гэтыя людзі нясуць на сабе асноўны цяжар наступстваў парушэння экасістэм. Калі гаворка пра Палессе, гэта засухі, недахоп чыстай вады, пажары, дэградацыя глебы. Мясцовыя жыхары не заўсёды выразна ўсведамляюць, якія выгоды ім прынясе захаванне і аднаўленне прыродных тэрыторый. Калі ім падрабязна і абгрунтавана растлумачыць гэта, яны будуць гатовы супрацоўнічаць і падтрымліваць нас. 

Думаю, камунікацыя з мясцовымі жыхарамі вельмі актуальная для праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”. Нам неабходны адкрыты дыялог паміж прыродаахоўнымі ініцыятывамі і лакальнымі супольнасцямі для абмену меркаваннямі, ведамі і вопытам. 

Камунікацыя — гэта заўжды два непадзельныя складнікі: рацыянальнасць і эмацыйнасць. З аднаго боку, неабходна расказваць пра навуковыя даследаванні, заканадаўства, лічбы статыстыкі. З другога боку, гаворачы пра прыроду, мы часта звяртаемся да чалавечых пачуццяў. Якія павінны быць суадносіны паміж фактамі і эмоцыямі? 

Знайсці правільны баланс часам вельмі складана, але трэба да гэтага імкнуцца. Сапраўды, нам даводзіцца заўсёды абапірацца на факты. Навука задае напрамак працы па захаванні дзікай прыроды, і гэта павінна быць відавочна, калі мы расказваем пра праект і яго ўплыў. Аднак, каб нас пачулі і зразумелі, мы мусім зрабіць інфармацыю лёгкай для ўспрымання. Патрэбныя прафесійныя навыкі і сапраўдная творчасць, каб узяць складаную тэхнічную інфармацыю і сфармуляваць яе ў яснай і зразумелай форме. І яшчэ больш творчасці — каб выклікаць у людзей эмоцыі, якія падштурхнуць іх дзейнічаць у падтрымку прыроды. 

Чытай новы выпуск арніталагічнага бюлетэня «Subbuteo»!

Захаванне і аднаўленне дзікай прыроды патрабуе ўпартай працы і часу, а каб убачыць вынік, могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі. Ці ёсць у цябе нейкі лайфхак, як захаваць энтузіязм і натхненне, нягледзячы на тое, што намаганні могуць быць узнагароджаны вельмі няхутка?

Ты маеш рацыю, гэта можа стаць сапраўдным выпрабаваннем. Лёгка загрузнуць у кепскіх навінах, таму я стараюся актыўна, мэтанакіравана шукаць добрыя навіны і станоўчыя гісторыі, якія даюць натхненне і падтрымку (#conservationoptimism — добры старт для пошуку такіх гісторый!). Акрамя таго, сёння нават захаванне прыроды патрабуе шмат працы у офісе, за камп’ютарам. Таму часцей сустракацца з жывой прыродай — гэта тое, што добра дапамагае азірнуцца навокал і ўзгадаць, дзеля чаго мы працуем. 

Гутарыла Вольга Блажэвіч, фота Зан Лабушань

Праект “Палессе — дзікая прырода без межаў: захаванне аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы” рэалізуецца грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг. 

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: