Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вывучэнне міграцыі вялікіх арляцоў — ключ да іх захавання: высновы міжнароднага даследавання
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 7 снежня 2021 года
Дзе зімуюць самкі, а дзе самцы вялікіх арляцоў? Ці аднолькава паводзяць сябе падчас міграцыі птушкі з Эстоніі, Польшчы і Беларусі? Што адбываецца з месцамі зімоўкі гэтых крылатых драпежнікаў?
Вялікі арлец. Фота з архіву АПБ
Адказы на гэтыя пытанні дае міжнароднае навуковае даследаванне, вынікі якога апублікаваны ў часопісе Bird Conservation International. Міжнародная група вучоных прааналізавала паводзіны прадстаўнікоў трох еўрапейскіх гнездавых груповак вялікіх арляцоў падчас міграцыі. Сярод суаўтараў публікацыі — супрацоўнік НАН Беларусі арнітолаг Валерый Дамброўскі і спецыяліст Брытанскага траста па арніталогіі Адам Эштан-Бат, якія вывучаюць вялікіх арляцоў у межах праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”.
Вялікі арлец — адна з самых рэдкіх драпежных птушак: колькасць прадстаўнікоў віду ў Еўропе ацэньваецца ў менш як тысячу пар, прыблізна 120-160 з іх гняздуюць у Беларусі. Папуляцыя віду скарачаецца, і адна з асноўных прычын — знікненне непарушаных водна-балотных угоддзяў, якія служаць найлепшым месцам пражывання для гэтых крылатых драпежнікаў. Менавіта тут яны знаходзяць дастаткова здабычы: балотных птушак, дробных сысуноў, змей, земнаводных. Асушаныя і дэградаваныя водна-балотныя ўгоддзі неспрыяльныя для вялікіх арляцоў, бо не могуць забяспечыць ім дастатковае і разнастайнае харчаванне.
Вялікі арлец. Фота Валера Дамброўскага
Якія яшчэ фактары ўплываюць на стан папуляцыі вялікіх арляцоў і якія меры могуць быць найбольш дзейснымі для іх захавання? Магчыма, некаторыя адказы хаваюцца ў асаблівасцях стратэгій міграцыі гэтых птушак і тых месцах, куды яны адлятаюць на зімоўку. Даведацца пра гэта больш дапамагло спадарожнікавае сачэнне: 29 дарослых вялікіх арляцоў з гнездавых груповак у Эстоніі, Польшчы і Беларусі (7, 9 і 13 птушак адпаведна) пазначылі легкаважнымі спадарожнікавымі перадатчыкамі. Сачэнне за асобнымі птушкамі доўжылася ад аднаго да дзевяці гадоў!
Сачы за міграцыяй беларускіх вялікіх арляцоў анлайн!
Вучоныя даведаліся, што вялікія арляцы, якія гняздуюць на Палессі, абіраюць для зімоўкі Паўднёва-Усходнюю Еўропу, Бліжні Усход і Афрыку. Самцы звычайна мігруюць далей на поўдзень, чым самкі, і зімуюць большай часткай у Паўднёвым Судане і Эфіопіі. Самкі ж накіроўваюцца ў паўднёвую Грэцыю і Турцыю. Большасць водна-балотных угоддзяў на поўдні Еўропы было разбурана ці дэградавала ў 20-м стагоддзі. У прыватнасці, больш як 63% водна-балотных угоддзяў Грэцыі страчана ў перыяд з 1950 па 1985 год. Таму зараз вялікія арляцы вымушаны зімаваць у Еўропе на вельмі абмежаванай плошчы, і гэта яшчэ раз паказвае на тое, што асяроддзе пражывання мае вырашальнае значэнне для гэтага віду.
Вялікі арлец. Фота Валера Дамброўскага
Еўрапейскія месцы зімоўкі вялікіх арляцоў знаходзяцца пад аховай. У той жа час у Афрыцы толькі дзве з 12 такіх тэрыторый маюць ахоўны статус, а значыць, там больш высокая рызыка пагаршэння стану водна-балотных угоддзяў, асабліва важных для рэдкіх птушак. Нагадаем: у Афрыцы зімуюць пераважна самцы вялікага арляца. У параўнанні з самкамі яны пераадольваюць значна большыя адлегласці — мігруюць да 2,5 тысячы кіламетраў далей на поўдзень. А значыць, паказчыкі выжывальнасці ў гэтага віду могуць істотна залежаць ад полу птушак: самцы апынуцца ў большай небяспецы. У сваю чаргу, дысбаланс паміж колькасцю самцоў і самак можа прывесці да гібрыдызацыі з блізкароднасным (і больш распаўсюджаным) малым арляцом. А гэта — дадатковая пагроза для захавання вялікіх арляцоў як віду.
Вучоныя адзначаюць, што стратэгіі міграцыі ў вялікіх арляцоў з розных гнездавых груповак адрозніваюцца.Вялікія арляцы, што гняздуюць у Беларусі, першымі пачыналі восеньскую міграцыю — у сярэднім 25 верасня. Праз некалькі дзён стартавалі іх суродзічы з Польшчы і апошнімі — птушкі з Эстоніі. Беларускія арляцы першымі дасягалі месцаў зімоўкі. Яны, дарэчы, і рухаліся хутчэй за іншых: пераадольвалі ў сярэднім 176 кіламетраў за дзень (для параўнання, сярэдняя хуткасць вялікіх арляцоў з Польшчы складала 151, а эстонскіх — 111 кіламетраў за дзень). Усе птушкі з Эстоніі зімавалі на поўдні Еўропы, у той час як польскія і беларускія размяркоўваліся паміж Еўропай, Бліжнім Усходам і Афрыкай.
З аднаго боку, размеркаванне вялікіх арляцоў паміж рознымі месцамі зімоўкі можа абараніць від ад знікнення: калі ў адным месцы пагаршаецца асяроддзе пражывання, надвор’е альбо змяняецца клімат, гэта пагражае не ўсёй папуляцыі, а толькі яе частцы. З другога боку, неспрыяльныя з’явы могуць неаднолькава ўплываць на птушак рознага полу з адной гнездавой групоўкі.
Любіш дзікую прыроду? Цісні сюды!
Даследчыкі падкрэсліваюць: найлепшыя месцы зімоўкі маюць выключна важнае значэнне для вялікага арляца. А ахова і аднаўленне гэтых прыродных тэрыторый патрабуюць першачарговай увагі, калі гаворка ідзе пра захаванне рэдкага віду. .
АПБ вядзе працу па даследаванні і захаванні вялікага арляца ў Беларусі з 1999 года. Спадарожнікавае сачэнне за прадстаўнікамі віду ў нашай краіне вядзецца з 2017 года. Зараз гэтая праца працягваецца ў межах міжнароднага праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”, які рэалізуецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.
Тэкст: Вольга Блажэвіч
Падзяліся артыкулам у сацсетках: