Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
No pasaran? На рацэ Лоша хочуць пабудаваць ГЭС без рыбаходаў
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 15 снежня 2021 года
У Астравецкім раёне вырашылі пабудаваць гідраэлектрастанцыю на рацэ Лоша. Каб абараніць ласосяў, якія жывуць і нерастуюць у гэтай рэчцы, АПБ упершыню заказала грамадскую экалагічную экспертызу.
Не ўсе ведаюць, што дагэтуль у нашыя халодныя і чыстыя рачулкі ажно з Балтыйскага мора прыплываюць на нераст ласосі: кумжа і сёмга. Ласось праплывае шлях у 500 кіламетраў, гэта дастаткова вялікая адлегласць для рыбы. Гэта сведчанне таго, што да беларускіх рэк даходзяць найдужэйшыя асобіны. Яшчэ адзін від ласосевых – стронга – увесь год жыве ў нашых рэках.
Кумжа. Фота Carol McDougall iNaturalist.org CC BY-NC 4.0
Менавіта ў рэках Астравеччыны можна сустрэць гэтых рыб. Ласось намаляваны нават на гербе Астраўца, у раёне ёсць дзве скульптуры, прысвечаныя гэтай рыбе, а ў Варнянскай школе працуе Ласосевы візіт-цэнтр.
Лоша – адна з нямногіх рэк у Беларусі, дзе размнажаюцца ласосі. Яна ўключана Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведны пералік паверхневых водных аб’ектаў. Лоша – стары гідронім балцкага паходжання і азначае “ласось”.
Насуперак заканадаўству, якое забараняе эканоміць за кошт мерапрыемстваў па ахове навакольнага асяроддзя (артыкул 34 Закона “Аб ахове навакольнага асяроддзя”) і патрабуе выконваць мерапрыемствы па ахове “чырванакніжных” відаў (артыкул 23 Закона “Аб жывёльным свеце”), заказчыкі праекта па будаўніцтве ГЭС не прадугледзелі ўсталяванне рыбаходаў, якія дазволілі б прахадным ласосевым выкарыстоўваць рэчышча вышэй за плаціну.
Справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), якая была прадстаўлена для правядзення грамадскіх абмеркаванняў 29 кастрычніка 2021, як і сам праект, мае шэраг іншых хібаў і парушэнняў.
Так, у перадпраектнай дакументацыі не прадугледжана мерапрыемстваў па ахове вод ад забруджвання на стадыі будаўніцтва, што супярэчыць артыкулу 25 Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Праектам праігнараваны і мерапрыемствы па ахове земляў і недраў, хаця падчас будаўніцтва ГЭС плануюцца земляныя работы. Гэта парушае артыкул 89 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі.
Стронга. Фота Pe-Jo, Wikimedia Commons
У справаздачы аб АУНА няма ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзя праз год, пяць, 10 гадоў пасля рэалізацыі праектных рашэнняў, не апісаныя ні метады прагназавання, ні спосабы маніторынгу зменаў, ні мерапрыемстваў па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных здарэнняў.
Грамадская экалагічная экспертыза прызнала праектную дакументацыю і справаздачу аб АУНА неабгрунтаванымі. Эксперты прапанавалі мерапрыемствы, якія б дапамаглі прывесці іх у адпаведнасць з заканадаўствам.
Заказчыкам праекта выступіла ААТ “Гідрават”, распрацоўшчыкам – РУЭСП “Днепробугводпуть”, а справаздачу аб АУНА выканаў РУП “ЦНИИКИВР”. Для якіх мэтаў і для якіх спажыўцоў плануецца вырабляць электранергію на ГЭС – невядома: гэтай інфармацыі ў дакументах няма.
Грамадскую экалагічную экспертызу выканалі інжынер-эколаг Цімафей Піко і інжынер-канструктар Алена Кішко.
Спампаваць заключэнне грамадскай экалагічнай экспертызы
Заключэнне гэтай экспертызы ўвойдзе ў камплект дакументаў, які будзе падавацца на дзяржаўную экалагічную экспертызу.
У адпаведнасці з артыкуламі 12 і 61 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага ассяроддзя” грамадзяне і грамадскія аб’яднанні маюць права арганізоўваць і праводзіць грамадскую экалагічную экспертызу.
Часцей за ўсё патрэба ў ёй паўстае, калі гаворка ідзе пра прыродныя аб’екты выключнай каштоўнасці альбо здароўе насельніцтва – гэта “рычаг” прыцягвання ўвагі спецыялістаў дзяржаўнай экспертызы да рэзананснага аб’екта, бо хоць вынікі ГЭЭ маюць “рэкамендацыйны характар”, яны накіроўваюцца на дзяржаўную экалагічную экспертызу, — тлумачыць намесніца дырэктара АПБ Ксенія Панцялей. — Калі юрыдычная асоба хоча правесці грамадскую ЭЭ, то трэба грунтоўна падрыхтавацца – дакладна вывучыць і выконваць патрабаванні заканадаўства (пастанову Савета Міністраў ад 29 кастрычніка 2010 г. № 1592). Важна пільна адсочваць даты прызначэння грамадскіх абмеркаванняў па аб’екце, які цікавіць, своечасова ў пісьмовым выглядзе паведаміць заказчыку пра намер правесці ГЭЭ, знайсці добрага эксперта.
Адсочваць актуальныя грамадскія абмеркаванні можна праз спецыяльны Telegram-бот.
Поспехаў вам у ахове дзікай прыроды!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: