Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як пачуваюцца балоты? Адкажуць насякомыя
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 15 снежня 2021 года
Беларускія энтамолагі сумесна з замежнымі калегамі распрацоўваюць методыку ацэнкі стану палескіх балот, заснаваную на колькасці, разнастайнасці і відавым складзе лятучых насякомых.
Умяшанне чалавека ў натуральны стан экасістэмы можа прыводзіць да таго, што ў ёй памяншаецца ці расце колькасць біялагічных відаў і іх прадстаўнікоў, змяняецца характар узаемаадносін паміж імі. У сваю чаргу ўсе жывыя арганізмы здольныя ў большай ці меншай ступені прыстасоўвацца да змен у асяроддзі пражывання.
Гэты прынцып справядлівы і для балот: трансфармацыі, што адбываюцца ў балотных экасістэмах, прымушаюць іх насельнікаў пэўным чынам рэагаваць і адаптавацца да новых умоў. А значыць, лічаць вучоныя, праз змяненне відавога складу і экалагічных характарыстык фаўны можна ацаніць, наколькі моцна трансфармаваная экасістэма балотнага комплексу, ці хутка яна аднаўляецца альбо, наадварот, дэградуе.
На думку спецыялістаў, індыкатарам стану водна-балотных угоддзяў могуць служыць лятучыя насякомыя. Іх колькасны і відавы склад хутка і выразна змяняецца разам з экасістэмамі балот пад уплывам як натуральных фактараў, так і чалавечай дзейнасці.
Каб пацвердзіць гэтую гіпотэзу, у рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў” пачалі спецыяльнае даследаванне на тэрыторыі Беларусі і Украіны.
Энтамолагі з НАН Беларусі працавалі на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Палесся. У Столінскім, Жыткавіцкім і Лельчыцкім раёнах вучоныя выбралі ўчасткі рознай ступені захаванасці: ад некранутых да моцна дэградраваных. У іх ліку – балоты, парушаныя ў выніку асушэння і пажараў, балоты ў стадыі аднаўлення, адносна непарушаныя ўчасткі, а таксама тыя, што раней асушаліся, а зараз прапануюцца да паўторнага забалочвання.
Для збору матэрыялу даследчыкі ўсталявалі на 10 абраных участках энтамалагічныя пасткі Малеза – спецыяльныя прылады, знешне падобныя да сетчатых намётаў, якія дазваляюць працяглы час улоўліваць лятучых насякомых.
За летнія месяцы 2021 года сабралі агулам больш як 34 тысячы насякомых з 14 атрадаў. Іх накіруюць у Вялікабрытанію для малекулярна-генетычнага аналізу.
Уручную вызначаць віды такой колькасці беспазваночных было б доўга і неэфектыўна. Больш за тое, некаторыя прадстаўнікі малавывучаных груп насякомых увогуле не апісаны як віды. Гэтая праблема ў значнай ступені вырашаецца праз ДНК-ідэнтыфікацыю.
Плануецца, што ў брытанскай лабараторыі з усіх узораў вылучаць ДНК і параўнаюць з дадзенымі даступных генетычных бібліятэк. Вядомыя біялагічныя віды класіфікуюць, а асобна вылучаць і зафіксуюць тыя, што сустракаюцца на Палессі, але дагэтуль не апісаны. Нягледзячы на тое, што іх генетычныя коды пакуль не суадносяцца з вядомымі відамі, іх можна адрозніць ад іншых і ўмоўна абазначыць — напрыклад, “від А” ці “від Б”. Гэтыя звесткі можна выкарыстоўваць для супастаўлення фаўны на розных даследаваных участках.
Вынікам такога аналізу стане “генетычная бібліятэка” энтамафаўны Палесся, якая прыдасца і для далейшых даследаванняў.
Падрабязны аналіз сабранага матэрыялу наперадзе, але нават папярэднія вынікі даследавання пацвярджаюць: якасны і колькасны склад энтамафаўны розных участкаў выразна адрозніваецца. Перш за ўсё, вучоныя адзначаюць адрозненні паміж непарушанымі і трансфармаванымі балотамі.
На непарушаных балотах, для якіх уласцівы высокі ўзровень вады, пераважаюць двукрылыя насякомыя — для пэўных стадый іх развіцця вада мае вырашальнае значэнне. Пры гэтым расліннасць непарушаных балот, якая не адрозніваецца разнастайнасцю, фармуе адметную фаўну жукоў. Хоць колькасць відаў тут не вельмі вялікая, затое сярод іх, як правіла, прадстаўлены рэдкія і пагражальныя.
А вось на парушаных верхавых балотах жукоў, наадварот, шмат — вучоныя звязваюць гэта з неаднастайнасцю раслінных супольнасцей. У такім асяроддзі фармуецца вялікая колькасць экалагічных ніш і, як вынік, тут пражывае больш відаў расліннаедных насякомых і іх драпежнікаў.
Энтамафаўна пераходных балот таксама заўважна адрозніваецца ў залежнасці ад іх стану. На малапарушаных тэрыторыях да 25% болей двукрылых насякомых, чым на парушаных. А разнастайнасць беспазваночных на балотах у стадыі аднаўлення большая, чым на малапарушаных.
Далейшы аналіз сабранага матэрыялу павінен паказаць у дэталях усе адрозненні паміж участкамі балот, на якіх праводзіліся даследаванні. Гэта дазволіць лепей ацаніць магчымыя шляхі аднаўлення альбо дэградацыі прыродных комплексаў. Атрыманыя сёлета дадзеныя можна будзе выкарыстоўваць для параўнання і адсочвання дынамікі стану водна-балотных угоддзяў. Вучоныя змогуць выявіць, як відавы склад беспазваночных змяняецца пасля аднаўлення балотных экасістэм і ці павялічваецца падабенства паміж некранутымі і адноўленымі ўчасткамі. Таксама ў перспектыве можна будзе выкарыстоўваць характар энтамафаўны для ацэнкі таго, наколькі моцна ўплывае чалавечая дзейнасць на экасістэмы палескіх балот.
Тэкст: Вольга Блажэвіч
Фота: Павел Прохарчык
Вывучэнне энтамафаўны палескіх балот вядзецца ў рамках міжнароднага праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”, які рэалізуецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: