Далучайся да абмеркавання Плана кіравання заказнікам “Простыр”!

ад 21 снежня 2021 года

Заказнік “Простыр” — апошні з тыповых некранутых ландшафтаў Заходняга Палесся, водна-балотнае ўгоддзе міжнароднай значнасці, ключавая арніталагічная тэрыторыя, частка трансгранічнай Рамсарскай тэрыторыі “Простыр — Прыпяць — Стаход”.

Тут практычна адсутнічае транспартная інфраструктура, і мясцовасць застаецца цяжкадаступнай увесь год. Гэта спрыяе гнездаванню рэдкіх птушак, у тым ліку вялікага арляца, дубальта і вяртлявай чаротаўкі. Усяго тут налічваецца 113 відаў птушак. На тэрыторыі заказніка “Простыр” знаходзіцца адно з найбуйнейшых на Палессі нерастовішчаў рыб. Тут сустракаюцца 8 відаў раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Вяртлявая чаротаўка. Фота С. Зуёнка

Нягледзячы на добрую захаванасць прыродных комплексаў заказніка, ёсць фактары, якія негатыўна ўплываюць на іх. Колішняя меліярацыя прыводзіць да парушэння гідралагічнага рэжыму балот; скарачэнне сенакашэння — да зарастання адкрытых паплавоў, а значыць, дэградацыі каштоўных экасістэм. Буйныя пажары, якія здараюцца тут, таксама нясуць вялікую шкоду прыродным тэрыторыям. 

Складанасць кіравання заказнікам абумоўлена і тым, што большая яго частка знаходзіцца на памежнай тэрыторыі.

Таццяна Трафімовіч, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ:

Для захавання экасістэм заказніка “Простыр” трэба мінімізаваць ўздзеянне негатыўных фактараў на гэтую каштоўную прыродную тэрыторыю. А гэта немагчыма без спецыяльных навукова абгрунтаваных мерапрыемстваў. Прычым праца абавязкова павінна праводзіцца мэтанакіравана і комплексна, іначай мы рызыкуем проста страціць заказнік як значны рэзерват біялагічнай разнастайнасці. Для таго, каб праца была паспяховай, і неабходны план. Важна ўлічваць і тое, што “Простыр” — частка трансгранічнай рамсарскай тэрыторыі, таму дакумент складзены з улікам міжнароднай значнасці заказніка.

План кіравання заказнікам “Простыр” на 2022-2026 гады распрацаваны на заказ АПБ у рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”.  Дакумент прадугледжвае паглыбленне навуковых даследаванняў, развіццё рэкрэацыйнай і турыстычный дзейнасці на ўстойлівай аснове, фарміраванне экалагічнай свядомасці і беражлівага стаўлення да прыроды сярод мясцовых жыхароў, спрыянне трансгранічнаму супрацоўніцтву і павышэнню міжнароднага статусу заказніка. Ён накіраваны на захаванне гэтай тэрыторыі як эталона прыродных ландшафтаў, які захоўвае генафонд флоры і фаўны ўсяго рэгіёна.

Наяўнасць плана кіравання стане ў тым ліку падставай для бюджэтнага фінансавання прыродаахоўных мерапрыемстваў на тэрыторыі заказніка ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021–2025 гады.

Калі ты маеш ідэі, як зрабіць кіраванне заказнікам “Простыр” больш эфектыўным, тваіх прапаноў і заўваг чакаюць да 15.01.2022 г. Падрабязнасці — па спасылцы:

Пинский районный исполнительный комитет — Уведомление об общественных обсуждениях плана управления республиканским заказником «Простырь», включающего блок мероприятий по управлению трансграничным Рамсарским угодьем «Простырь-Припять-Стоход» (brest-region.gov.by)

Тэкст: Вольга Блажэвіч

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: