“Я частка мегаполіса прыроды, і мне гэта падабаецца”. Кася Сырамалот пра сяброўства ў АПБ

ад 21 снежня 2021 года

Кася Сырамалот, вядомая пад нікам palasatka — фатограф, дызайнер, а таксама сябра АПБ. Як Кася ўяўляе адносіны дзікай прыроды і чалавека, ці плануе праекты, звязаныя з прыродай, які ў яе топ-3 месцаў для сустрэчы з дзікай Беларуссю — чытай у інтэрв’ю. 

Кася Сырамалот природа АПБ членство

Кася Сырамалот

Кася, ты фатограф, шмат ездзіш па Беларусі, бачыла яе розныя куткі. Пра што ты б падумала ў першую чаргу, калі б цябе папрасілі апісаць прыроду Беларусі?

Я часта чую, што прырода Беларусі “звычайная”. Але, вядома, гэта толькі на першы погляд і толькі для саміх беларусаў. Нам, у пэўным сэнсе, вельмі пашанцавала на такую разнастайнасць звяроў і птушак дзякуючы лясам і балотам. Калі пачынаеш арыентавацца ў лесе, адчуваеш сябе нібыта ў горадзе. Разумееш, што лес — гэта такая ж вялізная сістэма, дзе ўсё вельмі добра працуе і дзе ты далёка не адзін: пра тваё з’яўленне вельмі хутка дазнаюцца звяры і птушкі навокал і “разносяць” навіны. “Адзін у лесе” — такое немагчыма, ты частка мегаполіса прыроды, і мне гэта падабаецца. Прырода Беларусі вельмі разнастайная, але эстэтыка ў яе ціхая і, на першы погляд, непрыкметная. Тут не пабачыш вялізных горных перавалаў, ад якіх займае дух. Але можа гэтым яна і цікавая: прырода Беларусі вельмі блізкая да чалавека, насамрэч нават сувымерная. Ты не адчуваеш сябе пясчынкай, а будуеш узаемаадносіны — з вялікімі дрэвамі, з птушынымі гнёздамі, са звярамі, якіх бачыш. Складана сабе ўявіць, што можна праглядаць далягляд на доўгія кіламетры, а гэта значыць — паўсюль хаваецца нешта цікавае.

лес природа АПБ

Браслаўшчына

Топ-3 месцаў, якія ты б параіла паглядзець, каб адчуць дух дзікай прыроды нашай краіны?

Мяркую, найбольш зручнае месца — гэта Налібоцкая пушча, якая знаходзіцца ў дастаткова зручным месцы і мае дзве невялікія экасцежкі. Далей, безумоўна, Блакітныя азёры, бо гэта канцэнтрацыя неверагоднай прыгажосці, а кожнае возера — сапраўдны дыямант. І я б, вядома, раіла б пабачыць сапраўдныя балоты. Напрыклад Ельню альбо малавядомыя “Астравы Дулебы”. Гэта адначасова і прыгажосць, і дотык да таямнічай душы Беларусі, з рэдкімі відамі жывёл і птушак, а таксама містычнымі пейзажамі.

АПБ лес дикая природа

Блакітныя азёры

Кася, ты вядомая таксама за свой адметны, фірмовы насычаны зялёны колер лістоты ў фотаздымках. Ці ёсць планы зняць праект пра прыроду Беларусі ці пэўных яе прадстаўнікоў?

Я вельмі спадзяюся, што такі праект неўзабаве з’явіцца, але для такіх вялікіх праектаў трэба шмат часу, цярплівасці, і, што не менш істотна, — праваднікі. Я дастаткова новы чалавек у сваім знаёмстве з дзікай прыродай, я вырасла ў горадзе, таму мне цікава абсалютна ўсё, што тычыцца беларускіх лясоў і балот. Я не верыла, што ў Беларусі жывуць нават суслікі, пакуль сама іх не пабачыла і не сфатаграфавала. Але з вялікімі сысунамі — складаней, бо трэба сядзець у засадзе і доўга чакаць жывёл. Таму я не ўпэўненая, што здолею сама такое зрабіць, але буду рада, калі знайду добрых праваднікоў, каб здзейсніць такі вялікі праект. Пачатак пакладзены.

дятел АПБ

Што для цябе значыць дзікая прырода? Чаму варта яе захоўваць?

Дзікая прырода — гэта частка свету, у якім мы жывём. Гэта нашыя сапраўдныя суседзі. Мяркую, не вельмі справядліва будзе разрываць свет на два кавалкі: “цывілізацыю” і “прыроду”. Гэтыя кавалкі не могуць існаваць адзін без аднаго. Чалавеку неабходная прырода, а прырода, якая захоўваецца і падтрымліваецца чалавекам, пачынае квітнець яшчэ болей. Мы шчаслівыя, што маем вакол сябе столькі кавалкаў “некранутага”, але самі пакуль гэтага не ўсведамляем. Мець радасць так блізка бачыць прыроду, мець магчымаць узаемадзейнічаць — гэта захапляльна і адначасова вельмі вялікая адказнасць для кожнага з нас. Урэшце, без прыроды чалавек не можа паўнавартасна адчуваць сябе чалавекам.

Ельня Болото АПБ

Ельня

Колькі ты ўжо сябра АПБ? Чаму вырашыла далучыцца да арганізацыі?

Я сябра АПБ не так доўга, усяго каля года, але сачу за дзейнасцю арганізацыі вельмі даўно. Мне вельмі блізкія яе мэты, а таксама я заўсёды хачу ведаць болей і болей, таму сама рада вучыцца ў кожнага з сябраў арганізацыі.

Што б ты пажадала АПБ і іншым сябрам арганізацыі ў 2022 годзе?

Пажадала б знаходзіць спакой і радасць у прыродзе, здзіўляцца, знаходзіць для сябе новае і далей натхняцца, каб рабіць цікавыя і істотныя рэчы ўжо ў агульначалавечым плане. 

аисты гнездо АПБ птицы

Дзякуем Касі за размову і збіраем заплечнікі хутчэй вандраваць па краіне, дзе так шмат магчымасці сустрэцца з прыродным хараством. Калі хочаш быць сябрам АПБ і захоўваць дзікую прыроду разам з намі — далучайся!

Гутарыла Аліса Матавілава, фота Касі Сырамалот.

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: