Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Паглядзі на гэтую кармушку каля Белавежскай пушчы! І павесь у двары сваю
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 21 снежня 2021 года
У ваколіцах вялікага старажытнага лесу Белавежскай пушчы хаваецца вёсачка Вугляны. Калісьці праз яе праходзілі адразу тры гандлёвыя шляхі і людское жыццё віравала. Але сёння вёска знакамітая на ўсю Беларусь дзікай прыродай — каля яе знаходзіцца кармушка, за птушкамі на якой можна сачыць анлайн 24/7 з любога месца зямнога шара.
Пяць сініц адразу! Скрыншот стрыма.
Вадзім Пракапчук, супрацоўнік АПБ, які зладзіў стрым з птушынай сталоўкі праз сайт “Птушкі штодня”, гаворыць, што яе аблюбавалі не толькі птушкі, але і звяры: паблізу знаходзіцца пераход паміж невялічкім нізінным балотцам, поймай ракі Лясная і лесам. Паназіраць за паводзінамі звяроў праз камеру дзякуючы спецыяльнай падсветцы прасцей ноччу, а за птушкамі — днём. У гэтым сезоне ў трансляцыі ўжо больш за дзве тысячы гледачоў.
Спрэчка соек. Скрыншот стрыма.
Я б апісаў стрым коратка як “4 зімы, адна кармушка, паўтара дзясятка відаў корму і больш за 20 відаў птушак”, — расказвае Вадзім. — У гэтым сезоне да нас ужо заляталі сойкі, чародкі вялікіх сініц, сарокі. Таксама камера паказала вушатую саву, зімародка, лісу, бабра, янотападобнага сабаку, лебедзяў-шыпуноў і качак-крыжанак. Калі ўсталюецца мароз і птушкам стане цяжэй шукаць ежу, на кармушцы іх значна пабольшае. За 4 гады мы ўжо набілі шышкі і вопытным шляхам знайшлі найлепшыя ласункі для падкормкі, якія прывабяць як мага больш відаў.
Фота Вадзіма Пракапчука
Бабёр плавае ля кармушкі.
Што ж можна знайсці ў меню анлайн-сталоўкі? Першае — гэта прасушанае насенне пустазелля. Далей ідуць ячмень, авёс, пшаніца і проса — іх любяць зелянушкі, палявыя вераб’і, таўстадзюбы, берасцянкі і юркі. Несалёныя і нясмажаныя семкі сланечніка — універсальная ежа для птушак. На іх хутка прылятаюць сініцы, гілі, таўстадзюбы, поўнай дзюбай ядуць сойкі. Арахіс, якім Вадзім “начыняе” пустое палена ўпадабалі вялікі дзяцел, вялікая сініца і сойка. Высушаныя кіяхі кукурузы — любімы корм сойкі, таксама імі ласуюцца сініцы і сарокі. Акрамя гэтага, Вадзім кладзе на кармушку расколатыя грэцкія арэхі, бо іх палавінкі любяць дзяўбці сініцы, сойкі і сарокі, а касцянкі вішань і семачкі вінаграда — таўстадзюбы. Дапаўняюць анлайн-кармушку несалёнае сала для дзятлаў, соек, сарок і сінічак, а таксама пукі лопуху і чартапалоху: калі ўсталюецца снежнае покрыва, на іх прылятуць чорнагаловы шчыгел і канаплянкі. Ласункі для дзікіх звяроў, драпежных і крумкачовых птушак знаходзяцца на іншым ад птушынай сталоўкі беразе ракі, які таксама трапляе ў кадр стрыма.
Фота Вадзіма Пракапчука
Калі, паглядзеўшы анлайн-трансляцыю, ты натхніў_лася павесіць сваю кармушку ў горадзе ці ў вёсцы, зараз для гэтага самы лепшы час: птушкам патрэбна не менш за тыдзень да сапраўдных маразоў, каб знайсці і запомніць тваю кармушку. У побытавыя кармушкі АПБ раіць класці чорныя несалёныя і нясмажаныя семкі сланечніка, альбо толькі ядрышкі (ад іх меньш смецця) — універсальную падкормку для птушак.
Лебедзі прыплылі! Скрыншот стрыма.
Калі ж душа просіць разнастайнасці, можна дадаць любыя арэхі ці кавалачак несалёнага сала. Звярні ўвагу і раскажы сябрам, што хлеб у любым выглядзе, няважна, чорны гэта хлеб, батон ці печыва, птушкам даваць не варта: ён не дасць ім энергіі перажыць халодныя ночы.
Якую кармушку павесіць? Найлепшая кармушка для птушак — калонка, якую можна зрабіць самастойна з звычайнай пластыкавай бутэлькі. Чым большы яе памер, тым лепей. Дастаткова пракалоць з двух бакоў у ніжняй частцы бутэлькі дзірачкі і прасунуць наскрозь галінку ці палачку з-пад сушы. Крыху вышэй дзірак для палачкі неабходна зрабіць яшчэ дзве невялікія дзіркі, адкуль птушкі будуць выцягваць семкі. У закрутцы робіцца дзірка для шнурка, а на донцы праразаюцца шчыліны, каб сцякала вада, што трапляе ў кармушку-бутэльку з ападкамі. Засыпаем семкі — і вуаля! Кармушка гатовая.
Зелянушка, фота Іны Шкурко
Сярод плюсаў кармушкі-калонкі, акрамя лёгкасці яе стварэння, — тое, што птушкам лёгка заўважыць драпежніка і што на такой кармушцы могуць карміцца адначасова некалькі птушак. Паколькі галубы завялікія, каб карыстацца ёю, калонка дае магчымасць паназіраць за меншымі відамі птушыных гасцей. Памёт на такой кармушцы не трапляе ўнутр і магчымыя кішэчная захворванні не перадаюцца іншым птушкам.
Вешай кармушку зараз, каб 15-16 студзеня паўдзельнічаць у акцыі АПБ “Птушкі ля кармушкі”. Па сутнасці, гэта просты ўсебеларускі маніторынг: трэба паназіраць адну гадзіну за сваёй кармушкай і даслаць праз спецыяльную форму на сайце АПБ інфармацыю, колькі і якія віды птушак прыляцелі да цябе падсілкавацца. Далучайся і сачы за анонсамі акцыі ў сацсетках арганізацыі.
Тэкст: Аліса Матавілава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: