Турызм у заказніку: з чаго пачаць?

ад 23 снежня 2021 года

Экалагічны турызм у свеце папулярны як ніколі раней. Згодна са статыстыкай Сусветнай турыстычнай арганізацыі, гэты напрамак няўхільна расце і ў найбліжэйшыя гады ўвойдзе ў пяцёрку самых папулярных відаў турызму ў свеце.

Гэтая тэндэнцыя заўважная і ў нас: у апошнія гады колькасць турыстаў на адметных прыродных тэрыторыях Беларусі моцна вырасла. Спецыялісты звязваюць гэта са зменай прыярытэтаў падарожнікаў: людзі ўсё часцей аддаюць перавагу куткам некранутай прыроды, шукаючы спакою і псіхалагічнай “перазагрузкі”. Паўплывала на выбар турыстаў і пандэмія: на вольным паветры яны адчуваюць сябе ў большай бяспецы.

У Беларусі вельмі шмат прыродных тэрыторый, вартых увагі турыстаў. Але многія пакуль не маюць спецыяльнай інфраструктуры. Сярод іх — водна-балотны заказнік “Стары Жадзен” на тэрыторыі праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”. Гэта Рамсарскае ўгоддзе, тэрыторыя, важная для птушак, якая вылучаецца вялікай біяразнастайнасцю, і проста вельмі маляўнічае месца.

Ідэя зрабіць заказнік прывабным для турыстаў узнікла ў Жыткавіцкім лясгасе — на яго тэрыторыі часткова знаходзіцца “Стары Жадзен”. Адгукнуўшыся на гэтую ініцыятыву, АПБ зладзіла для прадстаўнікоў лясгаса рабочую сустрэчу па абмене вопытам стварэння экалагічных сцежак на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.

Як распрацаваць і пабудаваць такую сцежку, якой заканадаўчай базай карыстацца, як прывабліваць турыстаў і праводзіць цікавыя экскурсіі — усё гэта абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы.

Рабочая сустрэча ў заказніку Спораўскі

Рабочая сустрэча

Сённяшняя “зорная гадзіна” экатурызму — добры момант для папулярызацыі прыродных багаццяў Беларусі. Але імкненне прывабіць як мага болей людзей можа ў перспектыве мець непажаданыя наступствы, таму вельмі важна вытрымліваць баланс, — адзначыла спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Таццяна Трафімовіч.

Вядома, турызм — гэта бізнес. У некаторых месцах, якія выглядалі перспектыўнымі з гледзішча бізнесу, вельмі актыўна будавалі інфраструктуру, заваблівалі наведвальнікаў, што дало адваротны эфект. Гэтая з’ява ў прафесійнай супольнасці апісваецца лаканічнай фразай: “Турызм забівае турызм”. З аднаго боку, месцы, дзе заведама будзе шматлюдна, перастаюць быць прывабнымі для аматараў жывой прыроды. З другога боку, сама па сабе вялікая плынь турыстаў можа стаць разбуральнай для прыроднай тэрыторыі. Таму ключавы прынцып экатурызму — гэта адзначана і ў нарматыўных дакументах — беражлівае стаўленне да прыродных аб’ектаў, недапушчэнне занадта высокай антрапагеннай нагрузкі на іх. Затое пры рацыянальнай арганізацыі турызм фінансава падтрымлівае ахову прыроды і дадае значнасці прыродным тэрыторыям, якія трэба захаваць у першасным стане. Добра спланаванае будаўніцтва экалагічнай сцежкі можа стаць адным з першых крокаў да папулярызацыі прыроднай тэрыторыі, але пры гэтым не парушыць унікальнасці прыроднага комплексу.

Экасцежка на Спораўскім балоце

Экасцежка на Спораўскім балоце

Практычным досведам арганізацыі экасцежкі падзяліўся Вадзім Пратасевіч — дырэктар заказніка “Спораўскі”, знакамітага вялікай папуляцыяй вяртлявай чаротаўкі. Першы драўляны насціл для турыстаў тут пабудавалі яшчэ ў 2008 годзе: ён вёў углыб балота, а потым наведвальнікі той жа дарогай вярталіся назад.

За 10 гадоў ва ўмовах высокай вільготнасці драўляная сцежка стала непрыдатнай для выкарыстання. І замест яе пабудавалі новую — з улікам сучасных патрабаванняў і ўласнага досведу, — расказаў Вадзім Пратасевіч.

Новая экасцежка адкрылася толькі сёлета. Мы пабудавалі яе па тэхналогіі, якая дагэтуль не прымянялася ў Беларусі. У аснову паклалі аб’ёмныя і вельмі трывалыя поліэтыленавыя трубы, якія выкарыстоўваюцца для пракладкі камунікацый. Яны лёгкія і пры павышэнні ўзроўню вады проста ўсплываюць, таму турысты не прамочаць ногі, а дошкі, пакладзеныя паўзверх, не будуць гнісці.

Лёгкія трывалыя трубы не даюць экасцяжыне праваліцца

Лёгкія трывалыя трубы не даюць экасцяжыне праваліцца

Агульная працягласць маршруту — паўтара кіламетра, ён праходзіць па двух берагах ракі Ясельды. Каб пераправіцца праз раку, выкарыстоўваюцца два паромы — у пачатку і ў канцы маршрута. Да парома вядуць пірсы асаблівай канструкцыі: адзін край пірса прымацаваны да берага, другі ж свабодна плавае і падымаецца разам з узроўнем вады.

Дзякуючы гэтаму краі пірса і парома заўжды на адным узроўні. Гэта стварае безбар’ерныя ўмовы для людзей з абмежаваннямі. Такія людзі ўжо тэсціравалі экасцежку, і паводле іх заўваг былі выпраўленыя хібы. Рэльефнае ліццё на інфастэндах дазваляе людзям са слабым зрокам вывучаць выявы навобмацак. Так што зараз маршрут даступны для ўсіх.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца!

Удзельнікаў сустрэчы запрасілі наведаць экалагічную сцежку ў “Спораўскім”, каб пазнаёміцца і з маршрутам, і з тэхналогіяй будаўніцтва, і з працай экскурсавода.

Пачатак экасцежкі

Пачатак экасцежкі

Стварыўшы прапанову для аматараў экатурызму, яе трэба папулярызаваць і прасоўваць. Як сведчыць практыка, сёння інфармацыя найхутчэй разлятаецца праз сацыяльныя сеткі. Можна пачынаць развіваць свае “з нуля”, а можна і наладзіць калабарацыю з мясцовымі энтузіястамі, — расказала спецыяліст АПБ, каардынатар захавальнікаў дзікай прыроды Палесся Настасся Блоцкая.

Настасся Блоцкая

Настасся Блоцкая

На Палессі ёсць блогеры з тысячамі падпісчыкаў, якія на сваіх старонках з вялікім поспехам расказваюць пра адметнасці Палесся. Хтосьці дзеліцца назіраннямі за жыццём дзікай прыроды, хтосьці распавядае пра аўтэнтычную культуру і гісторыю, хтосьці прамаўляе мовай кулінарыі і нават мае ўласную аграсядзібу. Сярод гэтых людзей ёсць і захавальнікі дзікай прыроды, што працуюць у рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”. З уласнага вопыту ведаю, што папулярызаваць мясцовую прыроду можна таксама праз супольнае назіранне за птушкамі: жывая камунікацыя і пражыванне агульных эмоцый здорава зараджаюць людзей. Добрая практыка — ладзіць сустрэчы з вучонымі, што вядуць у вас даследаванні: няхай яны раскажуць людзям, што іх цікавіць і што вартае асаблівай увагі на вашай тэрыторыі. Варта шукаць магчымасці супрацоўніцтва з усімі аднадумцамі, хто, як і вы, імкнецца папулярызаваць Палессе!

Чужы досвед дапамагае рухацца наперад, пазбягаючы многіх памылак, а інфармацыя з першых вуснаў дазваляе паглядзець на многія рэчы па-новаму і правільна планаваць працу, — адзначыў галоўны ляснічы Жыткавіцкага лясгаса Ігар Кудласевіч

Ігар Кудласевіч

Ігар Кудласевіч

Хоць турызм — не прыярытэтны від дзейнасці для прадпрыемстваў лясной гаспадаркі, мы разумеем важнасць прыродных тэрыторый, якімі кіруем, і хочам развіваць і турыстычны кампанент таксама. Часткова на тэрыторыі нашага лясгаса размешчаны заказнікі “Сярэдняя Прыпяць” і “Стары Жадзен”, гідралагічны заказнік “Булеў Мох”. Тут можна сустрэць многія рэдкія віды флоры і фаўны. Ёсць на што паглядзець! Таму мы рады супрацоўнічаць з “Аховай птушак Бацькаўшчыны” і ўдзячныя за арганізацыю гэтай сустрэчы, магчымасць пазнаёміцца з вопытам іншых, наладзіць сувязі. Гэта вельмі каштоўна — з падтрымкай значна лягчэй пачынаць новую справу.

Экскурсія на экасцежку

Экскурсія на экасцежку

Мы ж спадзяёмся, што на Палессі з’явіцца новая экалагічная сцежка і яшчэ адзін адметны куток дзікай прыроды стане больш даступным для цікаўных і ўдумлівых гасцей.

Тэкст і фота: Вольга Блажэвіч

Праект “Палессе — дзікая прырода без межаў: захаванне аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы” рэалізуецца грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: