“Пярсцёнак” для птушкі года — навагодняя ўдача нашых арнітолагаў

ад 29 снежня 2021 года

Ці лёгка злавіць птушку 2022 года? Пра што “раскажуць” закальцаваныя сініцы? Якія складанасці і неспадзяванкі тоіць зімовае кальцаванне? Даведаліся з першых вуснаў!

 

Белая сініца атрымала "пярсцёнак"

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Як выбіралі птушку 2022 года

У канцы года нашы арнітолагі правялі кальцаванне птушак у рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”. Гэтым разам галоўнай мэтай спецыялістаў была птушка наступнага, 2022, года — “чырванакніжная” красуня белая сініца. Гэтыя птушкі ў Беларусі жывуць толькі на Палессі, і пакуль што пра іх вядома адносна мала. Менавіта кальцаванне дапаможа дазнацца больш, тлумачыць арнітолаг Дзяніс Кіцель:

Белую сініцу кальцавалі раней пад Пінскам і Калінкавічамі, за апошнія два гады закальцавалі каля 30 птушак. Да таго іх лавілі толькі на станцыі кальцавання ў Тураве. Навуковых звестак пра еўрапейскі падвід белых сініц, які і жыве ў Беларусі, мы маем пакуль недастаткова. Спадзяёмся, што кальцаванне дапаможа больш падрабязна апісаць, чым адрозніваюцца самкі белай сініцы ад самцоў, маладыя асобіны ад дарослых. Таксама нам важна прасачыць, як перамяшчаюцца птушкі і дзе яны жывуць у розныя сезоны года. Напрыклад, зіму белыя сініцы бавяць у трыснягах на берагах вадаёмаў, і нам цікава паглядзець, ці далёка ад гэтых месцаў яны будуць гнездавацца. Гэта дазволіць зразумець, як захаваць белых сініц. Калі птушкі ў халодны сезон працяглы час праводзяць далёка ад месцаў гнездавання, значыць, месцы зімоўкі таксама трэба ахоўваць. Так, напрыклад, можна распрацаваць рэкамендацыі для мясцовых жыхароў і землекарыстальнікаў, каб яны не палілі сухія трыснягі.

Дзяніс Кіцель

Дзяніс Кіцель. Фота Андрэя Шэўчыка

Зімовае кальцаванне птушак — няпростая справа: арнітолагі некалькі дзён працавалі на марозе і ледзяным ветры. Каб паставіць сеткі у зарасніках трыснягу на беразе вадаёма і потым правяраць іх, даводзілася хадзіць па лёдзе.

Нацяжка сеткі для адлову птушак

Нацяжка сеткі для адлову птушак. Фота Вольгі Харытановіч

У зімовых умовах працаваць трэба асабліва хутка — у тым ліку, каб не нашкодзіць птушкам. Таму вельмі дарэчы была дапамога валанцёраў, адзначае каардынатарка захавальнікаў дзікай прыроды Палесся Настасся Блоцкая.

Улетку захавальнікі Палесся ўжо практыкаваліся ў кальцаванні птушак пад кіраўніцтвам спецыялістаў. Узімку працаваць значна цяжэй: рукі замярзаюць, а тым часам вымаць птушак з лоўчай сеткі трэба вельмі хутка, спрытна і акуратна — каб не пашкодзіць і каб ім не давялося доўга заставацца без ежы, што ў халады крытычна. Так што летні вопыт вельмі дапамог: без ранейшай практыкі мы не змаглі б працаваць так зладжана і хутка.

Настасся Блоцкая

Настасся Блоцкая. Фота Вольгі Харытановіч

Ці будзе кальцаванне паспяховым? Хто трапіць у сеткі? Не заўжды вынік можна загадзя спрагназаваць: шмат залежыць і ад сезону, і ад надвор’я. Гэтым разам не абышлося без неспадзяванак: на тэрыторыі нацыянальнага парку “Прыпяцкі” ўпершыню закальцавалі вусатую сініцу. Раней гэтых птушак тут не рэгістравалі, так што цяпер у нацпарку афіцыйна на адзін від больш.

Вусатая сініца

Вусатая сініца. Фота Паўла Пінчука

А вось доўгачаканых белых сініц удалося злавіць толькі на чацвёрты дзень! Да гэтага яны былі відаць і чуваць побач, а вось злавіць іх не атрымлівалася. Але нават нягледзячы на непрадказальнасць, праца на прыродзе прыносіць шмат эмоцый і карысных ведаў, дзеліцца валанцёрка Каця Букас.

Я вельмі ўдзячная за магчымасць паўдзельнічаць у гэтым праекце. Гэта было надзвычай цікава і карысна! Я шмат даведалася пра кальцаванне: арнітолагі-прафесіяналы тлумачылі ўсё вельмі падрабязна і даходліва. Мне пашчасціла за кароткі час упершыню пабачыць чатырох птушак — белую сініцу, чорную жаўну, жаўрука-смецюха і сокала-дрымлюка. Надзвычай цікава назіраць, як белыя сініцы сноўдаюць у трыснягах, шукаючы ежу. Але прызнаюся шчыра: калі бярэш гэтыя мілыя пухнатыя камочкі ў рукі, выяўляецца, што яны надзвычай кусачыя і могуць здорава параніць! І ўсё ж, нягледзячы ні на што, птушкі — гэта цудоўна заўжды і ў любое надвор’е!

Каця Букас, валанцёрка АПБ

Каця Букас, валанцёрка АПБ. Фота Вольгі Харытановіч

Нашай камандзе пашанцавала: мэта дасягнута, палескія белыя сініцы атрымалі свае кольцы. Будзем лічыць гэта добрым знакам! Няхай і вам, сябры, новы 2022 год прынясе ўдачу і натхняльныя імгненні сустрэчы з дзікай прыродай!

Праект “Палессе — дзікая прырода без межаў: захаванне аднаго з найбуйнейшых прыродных ландшафтаў Еўропы” рэалізуецца грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.

Тэкст: Вольга Блажэвіч

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: