Дасягненні года леляка: асноўныя хайлайты 2021-га для дзікай прыроды Беларусі

ад 30 снежня 2021 года

Год адзначыўся важнымі падзеямі для дзікай прыроды Беларусі. Дасягнуць гэтых вынікаў нам дапамаглі спонсары, партнёры, сябры, прыхільнікі і валанцёры.

Галоўным дасягненнем года стала павелічэнне плошчы рэспубліканскага заказніка “Альманскія балоты” амаль на 10 тысяч гектараў – гэта прыкладна 10% ад той плошчы, якая была. Гэта самае вялікае ўзбуйненне асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі ў краіне за апошнія 10 гадоў!

Ольманские болота

Альманскія балоты. Фота Івана Мураўёва

Падрыхтоўка такога значнага рашэння вялася ў рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў” пад кіраўніцтвам Віктара Фенчука, які АПБ рэалізуе сумесна з Франкфурцкім заалагічным таварыствам. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.

Гэты поспех адзначыла на міжнародным узроўні глабальная асацыяцыя прыродаахоўных арганізацый BirdLife International.

Гэта была планамерная праца, якая пачалася з вызначэння каштоўных тэрыторый па суседстве, якія не ўваходзілі ў заказнік, — расказала спецыялістка АПБ па прыродаахоўных пытаннях Таццяна Трафімовіч. – Мы шукалі месцы пражывання/вырастання “чырванакніжных” відаў, рэдкія і тыповыя біятопы і знайшлі іх больш за 100. Гэтыя дадзеныя леглі ў аснову навуковага абгрунтавання пашырэння заказніка. Важным этапам стала ўзгадненне нашых планаў з землекарыстальнікамі. Мы ўдзячныя Палескаму, Столінскаму і Мілашавіцкаму лясгасам, якія падтрымалі ініцыятыву і ўзгаднілі ўключэнне земляў у склад заказніка.

Захаваць дзікую прыроду можна толькі на вялікіх плошчах, якія застаюцца цяжкадаступнымі для чалавека. Гэты фактар — адзін з вызначальных для фарміравання аптымальных умоў для жыцця такіх рэдкіх відаў фаўны Палесся як вялікі арлец, рысь, чорны бусел.

У рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў” дзяржаўным прыродаахоўным установам і арганізацыям лясной гаспадаркі перададзена абсталяванне агульным коштам у 50 тысяч долараў. Спецыялісты атрымалі прылады для выяўлення і тушэння пажараў, маніторынгу біяразнастайнасці, адукацыі і г. д.

Акрамя таго, АПБ правяла 18 семінараў для спецыялістаў лясной гаспадаркі па FSC-сертыфікацыі, гідралогіі водна-балотных угоддзяў і іх значнасці для лесу, метадах маніторынгу біяразнастайнасці, развіцці экалагічнага турызму і экалагічнай адукацыі на базе лясных гаспадарак праз папулярызацыю птушкавання, фотатурызму і будаўніцтва экалагічных сцежак.

У рамках “Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы”, які сумесна рэалізуюць АПБ, нацыянальны парк “Белавежская пушча” і Франкфурцкае заалагічнае таварыства, працягваецца аднаўленне гідралагічнага рэжыма нацпарку. У 2021 годзе тут на самай буйной сетцы меліяратыўных каналаў “Жаркаўшчына” плошчай 1238 га пабудавалі каскад са 105 плацін, якія дазволяць падняць узровень грунтавых вод. У выніку дрэвы будуць менш сохнуць, знізяцца выкіды парніковых газаў, вернуцца рэдкія віды раслін і жывёл.

Адкрыццё каскаду плацін на Жаркаўшчыне. Фота Міхаіла Капычкі

Адкрыццё каскаду плацін на Жаркаўшчыне. Фота Міхаіла Капычкі

Акрамя таго, спецыялісты НАН Беларусі ацанілі стан усіх тарфянікаў Белавежскай пушчы і разам са спецылістамі АПБ і нацпарку вызначылі, якія з іх варта аднавіць у найбліжэйшыя 10 гадоў.

Каб спрасціць працу па аднаўленні балот у Беларусі, АПБ стварыла адзіную лічбавую карту і базу дадзеных па ўсіх парушаных тарфяніках краіны. Даследчыкі ацанілі эфекты аднаўлення гідрарэжыму на розных тэрыторыях і прааналізавалі, як яно ўплывае на клімат і біяразнастайнасць, якую ролю адыгрывае ў ліквідацыі прабелаў у цэласнасці экасістэм. Гэтая маштабная праца зроблена з дапамогай найноўшых тэхналогій у межах праекта “Практычны погляд на аднаўленне тарфянікаў на нацыянальным узроўні: Беларусь”.

Гэты праект фінансуецца Праграмай ландшафтаў пад пагрозай у партнёрстве з Кембрыджскай прыродаахоўнай ініцыятывай і згаданым вышэй фондам “Аркадыя” з дадатковай падтрымкай ад фонда Segré. Партнёры праекта – Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі і Фонд Міхаэля Зукава, партнёр Грайфальдскага балотнага цэнтра (Германія).

Захаваннем беларускіх балот АПБ займаецца з першага года свайго існавання. У канцы чэрвеня 2021 года арганізацыя першай з Усходняй Еўропы стала членам Wetlands Internationalглабальнай некамерцыйнай арганізацыі, якая займаецца захаваннем і аднаўленнем водна-балотных угоддзяў.

Валанцёры за працай. Фота Паліны Русаковіч

Валанцёры за працай. Фота Паліны Русаковіч

АПБ актыўна далучае людзей да аховы дзікай прыроды. У 2021-м валанцёры АПБ прыбіралі смецце, разбіралі незаконныя лясныя стаянкі збіральнікаў ягад, расчышчалі Тураўскае балонне ад хмызоў, каб вясной там маглі загнездаваць кулікі, рамантавалі экасцяжыну і чынілі плаціны на знакамітым балоце Ельня ў Мёрскім раёне. Упершыню арганізавана цэлая серыя валанцёрскіх летнікаў па кальцаванні птушак.

Для захавальнікаў дзікай прыроды, якія сочаць за яе станам круглы год, АПБ распрацавала анлайн-курсы па прыродаахоўным заканадаўстве і фотатурызме і зладзіла першы анлайн-курс па назіранні за птушкамі.

Разам з НАН Беларусі і нацпаркам “Белавежская пушча” АПБ правяла міжнародную летнюю школу SYLVAN для маладых вучоных з Беларусі і Расіі.

Разам з Беларускім дзяржаўным універсітэтам АПБ правяла акцыю да 100-годдзя ўніверсітэта: студэнты зрабілі і развесілі сотню птушыных дамкоў, скарыстаўшыся рэкамендацыямі арнітолагаў.

Волонтерка наносит наклейки на акустический экран, чтобы сделать его видимым для птиц

Валанцёрка АПБ наклейвае налепкі на акустычны экран, каб зрабіць яго заўважным для птушак

Дзеці таксама не засталіся ўбаку ад карысных для дзікай прыроды спраў: АПБ разам з мінскімі школьнікамі і валанцёрамі ўпершыню ў Беларусі правяла прафілактычную “выратавальную акцыю” па новай методыцы. Вялізны празрысты акустычны экран даўжынёй 100 метраў абклеілі белымі налепкамі-“кропкамі”, каб ён стаў заўважны птушкам і яны аб яго не разбіваліся.

 

Цісні на кнопку, каб падпісацца!

Асветніцкія падзеі АПБ карысталіся папулярнасцю. Шмат каму запомнілася першая ў Беларусі Ноч аленяў, дзе можна было паслухаць, як равуць пачас гону гэтыя жывёлы. Міжнародная Ноч ваўкоў прайшла ў двух фарматах: АПБ правяла анлайн-лекцыі з замежнымі і беларускімі спікерамі, а наведнікі Белавежскай пушчы і некаторых аграсядзіб змаглі выправіцца на начную экскурсію з ліхтарыкамі ў пошуку ваўчыных слядоў. Тыдзень кажаноў з лекцыямі і гарадскім квэстам у Мінску таксама спадабаўся многім.

Каб больш людзей, якія цікавяцца птушкамі, навучыліся вызначаць іх віды і дапамагалі рабіць маніторынг папуляцый птушак, АПБ правяла школы бёрдвочара ў Мёрах, Віцебску і Гродне.

Многія чулі пра новыя муралы АПБ, створаныя ў 2021 годзе, — хто яшчэ іх не бачыў, абавязкова паглядзіце. Дзякуючы ахвяраванням людзей праз краўдфандынг-платформы Ulej і MolaMola Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ размясціла на сцяне жылога дома каля Мухаўца вялікае і прыгожае графіці з “чырванакніжным” сокалам-пустальгой. Яго намаляваў мастак Алесь Благій. Цяпер жыхары і госці горада лёгка могуць пазнаць у дзікай прыродзе гэтую птушку, якая любіць гнездаваць на шматпавярховіках Брэста.

мурал з пустальгой у Брэсце

Мурал з пустальгой у Брэсце. Фота Вікторыі Кірылавай

Яшчэ тры муралы створаны ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам, АПБ і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. У самым маленькім горадзе Беларусі – Дзісне — намаляваны самы вялікі ў краіне партрэт знакамітага мастака Язэпа Драздовіча, які тут вучыўся. У мястэчку Язна на мурале можна пабачыць мясцовую красуню ў дзісенскім строі, а ў вёсцы Павяцце – знакаміты беларускі вадаспад на рацэ Вята і падрабязную карту, якая дапаможа да яго дабрацца і не заблукаць.

Мурал у Павяцці

Мурал у Павяцці. Фота Алены Шокель

Мёрскі раён увогуле мае шмат цікавых месцаў, якія могуць здзівіць. Усё больш папулярным турыстычным аб’ектам робяцца мясцовыя балоты. Дапамагаюць гэтаму мясцовыя гіды, для якіх АПБ правяла шэраг трэнінгаў, а потым запрасіла ў Мёры Нацыянальнае агенцтва па турызме для правядзення атэстацыі – яе прайшлі 15 гідаў. У кожнага з іх ёсць свае цікавыя фішкі і маршруты, таму варыянтаў для актыўнага адпачынку на балотах шмат.

Ельня

Ельня. Фота Алесі Башарымавай

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:

У наступным годзе АПБ споўніцца 24 гады з пачатку заснавання, сярод іх не было лёгкіх гадоў, не будзе лёгкім і 2022 год. Умовы, у якіх мы працуем, вельмі важныя, але яшчэ больш важна, што і як мы робім. На энтузіязме і імкненні да мэты можна рушыць наперад вельмі далёка. Я гэта кажу, азіраючыся назад у 1998 год. Калі вам цяжка — бярыце прыклад з птушак.

Калі хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды Беларусі ў год белай сініцы, далучайся да АПБ.

Тэкст: Алеся Башарымава

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: