Колькі птушак прылятае на кармушкі? Падлічым усёй краінай!

ад 4 студзеня 2022 года

У цябе ўжо падрыхтавана кармушка? Калі яшчэ не, самы час гэта зрабіць, каб у выходныя 15-16 студзеня паўдзельнічаць у народным маніторынгу “Птушкі ля кармушкі”.

Штогадовыя ўлікі на кармушках праводзяцца ў многіх краінах. Чым больш людзей паўдзельнічае ва ўліках, тым лепш атрымаецца адсачыць змены ў папуляцыях вераб’іных птушак і своечасова зрэагаваць на іх пры патрэбе. А такая патрэба можа быць рэальнай нават для звычайных відаў: дзякуючы ім у Вялікабрытаніі заўважылі скарачэнне папуляцыі шпакоў на 81% за паўстагоддзя такіх назіранняў.

Большая синица и обыкновенная лазоревка на сетчатой кормушке-колонке. Фото Валерия Песецкого

Большая синица и обыкновенная лазоревка на сетчатой кормушке-колонке. Фото Валерия Песецкого

Такі падыход называецца «народная навука», бо дазваляе сабраць вялікі масіў дадзеных для аналізу. Калі тысячы людзей па ўсёй краіне з году ў год лічаць птушак па адной методыцы, то дробныя памылкі робяцца статыстычна неістотныя, а сур’ёзныя змены ў папуляцыях — заўважнымі.

Для большай дакладнасці ўсе назіранні з кармушак праходзяць ацэнку экспертаў. Непраўдападобныя дадзеныя адсейваюцца, сумнеўныя – удакладняюцца арнітолагамі, якія звязваюцца з аўтарамі такіх назіранняў.

Як лічыць птушак на кармушцы?

Гэта нескладана і нават весела, таму ў акцыі “Птушкі ля кармушкі” можна ўдзельнічаць усёй сям’ёй разам з дзеткамі.

Каб паўдзельнічаць у маніторынгу, 15 і (або) 16 студзеня падлічы віды і колькасць птушак кожнага віду на сваёй кармушцы на працягу адной гадзіны і перадай дадзеныя арганізатарам. Для гэтага можна запоўніць простую форму (яна будзе працаваць з 15 студзеня да 18.00 16 студзеня) ці напісаць паведамленне ў FB.

Птушак можна лічыць і 3-4 гадзіны, але тады павінна быць 3-4 справаздачы пра розныя чародкі птушак, па адной для кожнай гадзіны. Вазьмі нататнік, і як толькі прыляцяць першыя птушкі, запішы час і пачні адлік гадзіны.

Вызначыць від птушкі дапаможа міні-вызначальнік. На кармушцы няцяжка і сфатаграфаваць незнаёмую птушку, каб потым яе вызначыць. Фота можна выкласці ў Telegram-чат “Ціў-ціў”, дзе падкажуць, які гэта від.

дубонос

Таўстадзюб (дубонос)

Для кожнага віду ў фінальнай форме запішы максімальную колькасць асобін, пабачаную на кармушцы цягам гадзіны. Напрыклад, калі на кармушцы карміліся 4 зелянушкі, а потым прыляцелі яшчэ і іх стала 10, то гэтую колькасць зелянушак і занось у форму.

Каб не дубляваць пры падліках адных і тых жа сінічак, а падлічыць усю чародку, трэба заўважыць якую-небудзь асаблівую сініцу (часам птушкі аднаго віду адрозніваюцца між сабой) або прыкмеціць сінюю сініцу ў чародцы вялікіх сініц – і лічыць птушак паміж прылётамі гэтай канкрэтнай птушкі. Напрыклад, прыляцела сіняя сініца, узяла семку, зляцела яе есці. У гэты час ты лічыш іншых сініц і працягваеш да прылёту сіняй сініцы па новую семку.

Больш дакладна птушак у чарадзе можна палічыць, калі агледзець дрэвы і кусты вакол кармушкі і палічыць, колькі птушак вакол ядуць семкі.

Гракоў, галубоў і варон, калі яны цікавяцца кармушкай, лічы таксама.

Звычайна на кармушкі ў гарадах завітваюць вялікія сініцы, палявыя і дамавыя вераб’і. Усе гады акцыі яны ў топ-3 відаў, якія наведваюць кармушкі ў Беларусі. Прылятаюць і сініцы іншых відаў, зелянушкі, таўстадзюбы, дзятлы, часам здараюцца назіранні пералётных птушак.

Птушка года на кармушцы

Птушка 2022 года – белая сініца – жыве ў Беларусі толькі на Палессі, таму ў палешукоў ёсць шанец пабачыць яе на сваіх кармушках. Вешай пабольш птушыных сталовак, каб гэты шанец быў большы.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Як падрыхтавацца да маніторынгу?

Каб у дні маніторынгу да вас завітала больш птушак, павесьце кармушку загадзя і папаўняйце яе нясмажанымі несалёнымі семкамі сланечніка, — кажа спецыяліст АПБ па акцыях і кампаніях Сяргей Рэзаў. — Гэта ўніверсальная падкормка для птушак. Можна прычапіць да галінкі кавалачак несалёнага нясмажанага сала для сініц і дзятлаў. Але ні ў якім разе не кладзіце ў кармушку хлеб, батон і іншую ежу з чалавечага стала!

На сайце АПБ ёсць рэйтынг кармушак, якія можна зрабіць сваімі рукамі, а таксама агляд розных тыпаў кармушак, якія можна набыць і ў крамах.

Удзельнікі могуць атрымаць птушыныя сувеніры!

Сярод усіх, хто дашле вынікі сваіх падлікаў праз форму, АПБ разыграе птушыныя сувеніры. Шанец выйграць падаруначкі маюць і тыя, хто загрузіць свае фота і відэа з кармушак у спецыяльны альбом у VKontakte.

Натхніцца для ўдзелу ў акцыі і патрэніравацца ў падліку птушак дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя.

Вешайце кармушку і публікуйце здымкі з яе ў сацсетках з хэштэгам #птушкілякармушкі.

Тэкст: Алеся Башарымава

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: