Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Палескі баталён у тваім Telegram!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 4 студзеня 2022 года
Кааліцыя “Захаваем Палессе” падрыхтавала для ўсіх падарунак на святы: стыкерпак з прыгожай заўважнай птушкай — баталёнам (турухтаном)! Цяпер дзякаваць калегам, дамаўляцца на сустрэчу з сябрамі і зычыць родным добрай ночы можна разам з баталёнам.
Баталён — асноўны мігруючы від на Палессі,
Чаму менавіта баталён? Расказвае прыродаахоўны эксперт АПБ Павел Пінчук:
Каля паўмільёна баталёнаў пралятае праз Палессе за год падчас міграцыі. Гэта адно з найважнейшых месцаў на шляху іх доўгага падарожжа. Палессе дае баталёнам магчымасць адпачыць на працягу месяца, пад’есці і нарасціць масу цела на 60 працэнтаў, каб падрыхтавацца да далейшага пералёту ў тундру, ад Скандынавіі да Чукоткі. Да таго ж, менавіта на Палессі яны змяняюць зімні плюмаж на адметнае пышнае шлюбнае апярэнне.
Гэтыя птушкі моцна залежаць ад Прыпяці. Яе разлівы, што ўтвараюць мноства выспачак на мелкаводдзі, даюць ім бяспеку ад драпежнікаў і ежу. Таму баталёны вельмі ўразлівыя да зменаў воднага рэжыму ракі. Будаўніцтва воднага шляху Е40 ставіць пад пагрозу іх выжыванне, бо змяняе натуральны стан ракі.
Водным шляхам Е40 хочуць злучыць Балтыйскае і Чорнае моры праз Віслу, Заходні Буг і Прыпяць. Каб гэта ажыццявіць, на Прыпяці спатрэбіцца пабудаваць не менш за шэсць шлюзаў, а рэчышча Палескай Амазонкі ператварыць у канал. Будаўніцтва і эксплуатацыя Е40 можа прывесці да катастрафічных змен у водным рэжыме ракі, парушэння дзяржаўнага і міжнароднага ахоўнага рэжыму мноства ўнікальных прыродных тэрыторый, а таксама рызыкуе выклікаць забруджванне вады праз дзейнасць партоў і днопаглыбленне ў раёнах, дзе на дне Прыпяці ляжаць радыёнукліды ад аварыі на ЧАЭС.
Кааліцыя “Захаваем Палессе” выступае за тое, каб Прыпяць заставалася дзікай ракой у той час, калі ў Еўропе такіх буйных дзікіх рэк амаль не засталося. І хай баталёны радуюць нас і будучыя пакленні ў дзікай прыродзе, а не толькі на стыкерах.
Каб дадаць стыкеры, пераходзь па спасылцы t.me/addstickers/savepolesia. Дасылай іх сябрам і расказвай ім пра незвычайную палескую птушку. Паляцелі!
Тэкст: Аліса Матавілава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: