Кіламетры бездарожжа, непад’ёмны заплечнік, пітная вада з балота: як вывучаюць самыя каштоўныя куткі беларускай прыроды

ад 6 студзеня 2022 года

Лічаныя людзі ў Беларусі могуць сказаць, што прайшлі дзікія палескія балоты ва ўсіх напрамках. Адзін з іх — арнітолаг Дзяніс Кіцель: ён на сабе спазнаў усе выпрабаванні і радасці палявых экспедыцый. Распыталі яго, чым можа вабіць і палохаць праца ў дзікай прыродзе і якім коштам дастаюцца навуковыя веды.

Палессе — дом для многіх рэдкіх птушак. Сярод іх — вялікія арляцы, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення ва ўсім свеце. Іх вывучэнне — не нейкая разавая акцыя, якую можна правесці і лічыць завершанай. Гэтая праца доўжыцца ўжо больш як дваццаць гадоў. На самым пачатку нават не было дакладна вядома, ці ёсць гэтыя птушкі ў Беларусі. А потым выявілася, што тут жыве каля 15% еўрапейскай папуляцыі. Ад нас у значнай ступені залежыць, ці захаваецца ўвогуле гэты від у Еўропе. Калі не весці даследаванні і не прымаць мер для аховы, мы можам зусім страціць яго.

Большая частка вялікіх арляцоў у Беларусі гняздуе на цяжкадаступных палескіх балотах. І вывучэнне гэтых птушак — самае складанае з усяго, што робяць арнітолагі ў нашай краіне. Я ўпершыню трапіў у гэтыя мясціны яшчэ студэнтам: вядомы вучоны Валерый Дамброўскі прапанаваў схадзіць разам з ім на балоты паглядзець на вялікага арляца. Шчыра сказаўшы, пасля таго паходу я падумаў: ніколі і нізашто больш не пайду туды! І вось… больш як дзесяць гадоў я кожны сезон адпраўляюся на Палессе вывучаць вялікіх арляцоў!

Дзяніс Кіцель падчас экспедыцыі. Фота Андрэя Шымчука

Дзяніс Кіцель падчас экспедыцыі. Фота Андрэя Шымчука

Дзяніс, вельмі цікава дазнацца падрабязней: як праходзяць вашы экспедыцыі? Вы бераце машыну, даязджаеце да краю балота і…

Насамрэч прыгоды пачынаюцца яшчэ раней. На Палессі ёсць месцы, дзе да балота трэба дабірацца праз лес, але дарогі там такія, што на легкавой машыне не праедзеш. Вось, напрыклад, ёсць вёска, ад якой мы звычайна дабіраемся на балота Стары Жадзен. Калі ты не на ўседарожніку, машыну давядзецца пакінуць і ісці да месца працы кіламетраў дзесяць у адзін бок: сем праз лес і яшчэ тры па балоце. Гэта значыць, за дзень ты можаш дабрацца толькі да аднаго гнязда вялікага арляца. І, канечне, ісці дзеля гэтага столькі часу нерацыянальна. Таму мы часам працуем з калегам, у якога ёсць джып: заязджаем на ім так далёка ўглыб балота, наколькі магчыма, каб потым хутчэй дайсці да патрэбных месцаў. І нават на ўседарожніку мы туды не едзем без лябёдкі і іншых спецыяльных прыстасаванняў, бо па дарозе машыну часам некалькі разоў даводзіцца выцягваць з вады і гразі.

Што найбольш ускладняе працу на балоце?

Напрыклад, Альманы — такі некрануты прыродны комплекс, дзе амаль няма дарог. Тут можна перасоўвацца толькі пешшу. Маючы добрую фізічную форму, прайсці ўсё балота можна дні за тры. Але калі ты не проста ідзеш, а выконваеш нейкую працу — назіраеш за птушкамі, шукаеш ці аглядаеш гняздо — гэта займае значна больш часу. 

Вядома, даводзіцца ахвяраваць камфортам: калі трэба прысесці, замест стала і крэсла ў цябе зямля, камень ці дрэва; калі хочаш пад’есці — ты робіш гэта разам з мурашамі; улетку вакол безліч камароў і сляпнёў. І начуем мы часам на балотах, выбраўшы сухое месца дзе-небудзь на востраве. Канечне, гэта часам, мякка кажучы, непрыемна, але я стараюся ставіцца да такіх рэчаў прасцей — як да чагосьці натуральнага.

Вядома, трэба ўлічваць, што мы працуем у цяжкадаступных і аддаленых месцах. Даводзіцца ісці кіламетры праз балота, пераходзіць рэкі, лезці на дрэвы. Калі будзеш працаваць адзін і з табой нешта здарыцца, цябе ніхто не знойдзе і не дапаможа. Мы сур’ёзна ацэньваем рызыку: на такія працы заўжды ходзім з напарнікам і бяром з сабой усё неабходнае.

Ці шмат патрэбна, каб адчуваць сябе падрыхтаваным да экспедыцыі? Колькі кілаграмаў даводзіцца насіць з сабой?

Я не ўзважваў, але калі сяброўка паспрабавала падняць мой заплечнік, яна не змагла яго нават зрушыць з месца. Гэта ежа, спецыяльная вопратка і абутак, медыкаменты першай неабходнасці, намёты, спальнікі, абсталяванне… Калі трэба лазіць па дрэвах, каб дабрацца да птушыных гнёздаў, бяром з сабой жалезныя “кіпцюры”, страхоўку, вяроўкі. Без спецыяльнага абутку гэтыя “кіпцюры” могуць ногі нацерці ледзь не да костак. Таму я бяру з сабой берцы: яны, вядома, таксама даволі цяжкія, але з імі працаваць зручней. Некаторыя лазяць на дрэвы ў гумовых ботах, але пры такім выкарыстанні яны вельмі хутка рвуцца — добра, калі адзін сезон праслужаць. І ўвогуле падчас палявых прац вопратка, абутак, заплечнікі проста разлятаюцца. Мы ўжо прывыклі да гэтага.

Колькі ў такіх умовах служыць, скажам, вопратка ці пара абутку?

Напрыклад, штаноў палявых хапае на сезон: я лажу на дрэвы, і тканіна, натуральна, сціраецца. Прычым я заўважыў: якую вопратку ні купі — дарагую ці танную — ірвецца аднолькава хутка. Ты ўвесь час то мокры, то сохнеш, цягаеш на сабе заплечнік, і вопратка зношваецца на вачах. Добрых дарагіх берцаў хапае на некалькі сезонаў. Калі мы ходзім на Альманы ўлетку, ніхто не працуе ў гумовых ботах, бо гэта вельмі некамфортна ў спёку. Звычайна купляем пару самых танных кедаў і працуем проста ў іх. Ясная справа, калі ты ходзіш па вадзе, прадзіраешся праз асаку і хмызнякі, праслужаць яны нядоўга.

Дзяніс Кіцель купаецца ў балоце. Фота Юрыя Бакура

Дзяніс Кіцель купаецца ў балоце. Фота Юрыя Бакура

Колькі дзён запар вам даводзілася праводзіць на балотах?

Два тыдні. Мы жылі на балоце, цягалі на сабе ўсе рэчы і ні разу не бачылі іншых людзей за гэты час. У нас пачалі заканчвацца запасы ежы — ужо не было ні мёду, ні цукру, ні кансерваў, мы гатавалі макароны на вадзе і імі давялося харчавацца пару дзён. Здаецца, мы з калегам тады проста пачалі ненавідзець адзін аднаго.

Ці рэальна ўвогуле ўзяць з сабой ежы і вады на два тыдні?

Максімум на тыдзень. Калі працуем долей, нам падвозяць ежу з іншага боку балота — робяць у лесе сховішча і там пакідаюць. Тут важна вельмі добра ведаць мясцовасць.

А ваду мы звычайна з сабой не носім. Яе на балоце заўсёды можна знайсці,  і мы ведаем месцы, дзе можна піць адразу, а дзе перш трэба пракіпяціць. На Альманах, напрыклад, цэлы комплекс розных балот. Ёсць нізінныя, парослыя асакой — вада там глеістая і непрыдатная для піцця. Верхавых балотаў са сфагнумам там мала, але на іх даволі чыстая вада.

Зрэшты, адзін год быў такі засушлівы, што мы не змаглі знайсці вады нават на балоце. Давялося капаць калодзеж з паўметра глыбінёй, каб яе здабыць. Вада канечне, была вельмі кепская, смярдзючая, але давялося яе піць і на ёй гатаваць. Калі ты збіраешся працаваць у такіх умовах, трэба быць да гэтага гатовым — не столькі нават фізічна, колькі маральна.

А што, наадварот, натхняе, стымулюе працаваць далей?

Наша праца не марная: дзякуючы палявым даследаванням мы шмат даведаліся, шмат чаму навучыліся. Так, напрыклад, вельмі складаная частка нашай працы — шляхам назірання вызначыць, дзе ў пары арляцоў гнядзо і ці ёсць у іх птушаня. Спачатку мне гэтая праца здавалася надта нуднай. Па методыцы трэба чатыры гадзіны неадрыўна назіраць у падзорную трубу за птушкай у паветры. Не ў кожнага хопіць на гэта вынослівасці і цярпення. Калісьці мы не разумелі паводзін вялікіх арляцоў, а зараз ужо можам шмат што вызначыць па палёце.

Вось птушка лётае і шукае здабычу, калі знойдзе — падае ўніз, каб злавіць. Паднялася са здабычай — значыць, адправіцца на гняздо. Часам яна зусім нічога не ловіць. Але вялікія арляцы прывязаны да сваёй тэрыторыі. Падчас палявання птушка абавязкова будзе пралятаць над сваім гняздом і кантраляваць яго.

Калі лётае пара арляцоў, яны звычайна паводзяць сябе спакойна. Але пры набліжэнні чужой птушкі пачынаюць лётаць па своеасаблівай траекторыі, мы яе называем “горкі”: птушка ўзлятае, а потым рэзка падае ўніз. Яны часта так паводзяць сябе на мяжы сваёй тэрыторыі, каб прагнаць чужынца. Паназіраўшы дзень за птушкай, ты ўжо разумееш, дзе яе тэрыторыя, дзе яна найбольш актыўная, дзе можа быць гняздо. А ў першыя гады, я памятаю, мы маглі хіба што адказаць, ёсць тут арляцы ці няма. Зараз эфектыўнасць маёй працы разоў у дзесяць вышэйшая, чым у самым пачатку. І гэта вельмі важны вынік.

Любіш дзікую прыроду? Стань сябрам АПБ!

А з якой мэтай вы шукаеце і даследуеце птушыныя гнёзды? І як птушкі ставяцца да вашай прысутнасці?

Знайшоўшы гняздо, мы даведваемся, ці ёсць там птушаня, ці паспяхова размнажаюцца птушкі. Набліжацца да гнёздаў трэба асцярожна: убачыўшы нас, дарослыя арляцы могуць адляцець і дзень-два не вяртацца. Калі ў іх ёсць малое птушаня, яно можа за гэты час загінуць. Таму мы пачынаем свае працы ў сярэдзіне лета, калі птушаняты ўжо вялікія, самі вылятаюць з гнязда, іх можна не карміць так часта, не абаграваць, ім ужо не страшныя дажджы.

На гнёздах усталёўваюцца фотапасткі, якія дазваляюць сачыць за жыццядзейнасцю птушак і вывучаць іх рацыён. Таксама мы кальцуем птушанят, каб зразумець, куды яны лётаюць, дзе палююць, якія месцы важныя для іх выжывання. Некалькі гадоў таму мы пачалі практыку спадарожнікавага сачэння за дарослымі вялікімі арляцамі і шмат даведаліся пра асаблівасці іх сезоннай міграцыі. Зараз гэтая праца вядзецца ў рамках праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”. Я думаю, на наступным этапе даследавання будзем і на птушанят усталёўваць такія перадатчыкі, бо маладыя птушкі могуць адрознівацца сваімі паводзінамі ад дарослых. 

Вы шмат працуеце з драпежнымі птушкамі. Ці могуць яны быць агрэсіўнымі і небяспечнымі для чалавека?

Гэта залежыць ад канкрэтнага віду. Арляцы звычайна не нападаюць, хоць і маглі б, напэўна. Для выжывання віду ім больш разумна адступіць і ахвяраваць птушанём, чым сваім жыццём.

А вось даўгахвостая і барадатая кугакаўкі паводзяць сябе іначай: 80% з іх атакуюць, калі ты лезеш да іх у гняздо. Часам і іншыя птушкі — тыя ж шулякі-галубятнікі — могуць напасці і параніць. На гэты выпадак трэба засцерагаць галаву шлемам, апранаць тоўсты бушлат. У птушкі ж вострыя кіпцюры, яна імі раздзірае здабычу, там можа быць кроў, бактэрыі. У свеце вядомыя выпадкі, калі арнітолагі такім чынам атрымлівалі заражэнне крыві. Калі птушка ўсё ж параніла, трэба мець пры сабе сродкі першай медычнай дапамогі і ўмець апрацаваць рану, каб мінімізаваць наступствы. Ніхто ж з нас не хоча пасля валяцца ў шпіталі, асабліва ў палявы сезон!

Дзяніс Кіцель выпускае саву пасля кальцавання. Фота Андрэя Шымчука

Дзяніс Кіцель выпускае даўгахвостую кугакаўку пасля кальцавання. Фота Андрэя Шымчука

Ці можна сказаць, што вы ўжо ўсё ўмееце ў сваёй справе? Альбо яшчэ ёсць віды і метады працы, якія даводзіцца вывучаць?

У сэнсе прафесійнага развіцця мы заўсёды стараемся быць максімальна сучаснымі і засвойваць актуальныя метады. Проста пахадзіць з біноклем па балотах ужо не дастаткова. Мы прымяняем сачэнне з дапамогай GPS/GSM-перадатчыкаў за птушкамі — гэты метад адносна новы для Беларусі, і я вельмі ўдзячны, што мне пашчасціла быць адным з першых, хто паўдзельнічаў у гэтым праекце. А яшчэ дзесяць гадоў таму гэта здавалася недасягальным!

Новыя метады становяцца больш таннымі, больш даступнымі, і тое, на што раней людзі трацілі жыццё, зараз можна даведацца і даследаваць за пяць гадоў. Такая гісторыя, напрыклад, з вывучэннем міграцыі арляцоў. З’яўляюцца новыя камп’ютарныя праграмы для апрацоўкі звестак, удасканальваюцца сродкі навігацыі і іншыя прылады, якія робяць нашу працу зручнейшай і больш эфектыўнай. Свет не стаіць на месцы, і мы спрабуем за ім паспяваць.

Колькі ж трэба ведаць усяго — пачынаючы ад таго, што трэба ўзяць з сабою, заканчваючы тым, як апрацаваць рану і якія новыя метады даследавання з’явіліся! Дзе можна навучыцца ўсім тонкасцям палявой працы? Як “растуць” палявыя біёлагі?

Па-рознаму — у кожнага свой вопыт. Але мне падаецца, калі ёсць жаданне пайсці па гэтым шляху, добры варыянт — пачаць з валанцёрства. І АПБ у гэтым сэнсе добрая арганізацыя: праз яе можна даведацца, дзе патрэбная валанцёрская дапамога. Нават нам у працы з вялікімі арляцамі часам вельмі патрэбныя памочнікі.

Мы зацікаўлены ў падрыхтоўцы новых спецыялістаў: калісьці тыя, хто сёння займаецца палявой працай, вымушаны будуць ад яе адысці. Але патрэба ў такіх спецыялістах дакладна не знікне. Таму тут варта глядзець у перспектыву — гадоў на дзесяць наперад, каб за гэты час у нас вырасла новае пакаленне даследчыкаў.

Падтрымай Рабочую групу па сокалападобных і совападобных

А ўвогуле, ці кожны можа стаць палявым біёлагам? Якія асабістыя якасці ці, можа, светапогляд для гэтага патрэбны?

Палявая праца сапраўды надзвычай цікавая, хоць і складаная. Я б нават сказаў, што гэта лад жыцця. Нам даводзіцца шмат працаваць і ў офісе: вывучаць новыя камп’ютарныя праграмы і спецыяльную літаратуру, пісаць навуковыя артыкулы і справаздачы. Але мы ніколі не ўпускаем магчымасці пабыць у атачэнні дзікай прыроды. Хтосьці баіцца апынуцца далёка ад дома, адмовіцца ад камфорту, сутыкнуцца з цяжкасцямі. Для нас жа гэта самае цікавае і запамінальнае.

Уражвае разуменне таго, што ты знаходзішся ў месцах, дзе за тысячы гадоў нічога не змянілася. У прыроды свой тэмп, тут усё змяняецца вельмі марудна. І часцей за ўсё самыя дзікія, цяжкадаступныя месцы — гэта і ёсць найлепш захаваныя куткі прыроды, што засталіся ў нас. Гэта тая каштоўнасць, якая дае сапраўднае захапленне і дзеля якой хочацца працаваць.

АПБ вядзе працу па даследаванні і захаванні вялікага арляца ў Беларусі з 1999 года. Спадарожнікавае сачэнне за прадстаўнікамі віду ў нашай краіне вядзецца з 2017 года. Зараз гэтая праца працягваецца ў межах міжнароднага праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”, які рэалізуецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.

Тэкст: Вольга Блажэвіч

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: