Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Колькі птушак частаваліся на беларускіх кармушках 15-16 студзеня?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 19 студзеня 2022 года
Расказваем, колькі птушак налічылі ўдзельнікі акцыі АПБ «Птушкі ля кармушкі» на сваіх кармушках.
Мы атрымалі 291 анкету, удзельнікі налічылі 13976 птушак на сваіх кармушках!
Усяго ў акцыі паўдзельнічаў 1331 чалавек. На іх сталоўкі прыляталі самыя розныя птушкі — адзначана 38 відаў.
Летась на кармушках налічылі 14933 птушак 39 відаў – гэта рэкорд за ўсе гады акцый.
Вялікая сініца. Фота Віктара Бакунова
Рэйтынг самых папулярных гасцей птушыных сталовак:
Сіняя сініца. Фота Віктара Бакунова
Таксама завітвалі сівая і бурагаловая сініцы, сініца-маскоўка, кольчатая туркаўка, папаўзень, паўзунок, гіль, берасцянка, сарока, шчыгел, чыж і нават 6 відаў дзятлаў.
Самыя незвычайныя назіранні — чорная жаўна, рудахвостка-чарнушка і крапіўнік (валавока).
Чорная жаўна — надзвычай рэдкі від на кармушках, — патлумачыў кіраўнік аддзела развіцця Вадзім Пракапчук. — Гэтая прыляцела на арэхі. Крапіўнік — вельмі скрытны жыхар зарасцяў. Рудахвостка-чарнушка сустракаецца ў нас на зімоўцы рэдка, такія выпадкі адзінкавыя.
Поўны спіс відаў можна спампаваць тут.
Вялікія сініцы. Фота Лены Алешка
У акцыі паўдзельнічала 76 навучэнцаў нашай школы, — кажа Ірына Бірына-Паўлава, кіраўніца школьнага клуба АПБ “Крылаты дазор” мінскай сярэдняй школы № 137. — Апошнія чатыры гады аддаём перавагу кармушцы-калонцы, і яна карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дробных птушак. Корм відаць здалёку, яго не залье дажджом і не замяце снегам, у кармушку не трапіць памёт і бруд, у птушак выдатны агляд у выпадку з’яўлення драпежнікаў. І за кармушкай лёгка даглядаць: для напаўнення наступнай порцыі насення накрыўка проста адкручваецца, і новая напоўненая бутэлька прыкручваецца, а старая адпраўляецца на ўтылізацыю ў спецыяльныя кантэйнеры для збору пластыку.
«Крылатыя дазораўцы» сярэдняй школы № 137 імя Пятра Машэрава г. Мінска. Фота Ірыны Бірынай-Паўлавай
У гэтым годзе мы зноўку звярнуліся да блогераў, каб запрасіць як мага больш людзей паўдзельнічаць у акцыі, — кажа спецыялістка АПБ па сувязях з грамадскасцю Аліса Матавілава. — Нам вельмі радасна, што яны паставіліся да акцыі з цікавасцю, павесілі кармушкі ад партнёраў АПБ @byetno у сябе, насыпалі семак і разам са сваімі падпісчыкамі сачылі, калі ж прыляцяць птушачкі. Яшчэ раз дзякуй эка-блогерцы Крысціне, актыўным шматдзетным маці Свеце @svethappy і Ганне Анісімавай-Сармонт, мадэлям Вользе Шатыка і Таццяне Рынейскай, а таксама вядучым Сяргею Лапкоўскаму і Антону Мартыненка. Спадзяемся, птушачкі будуць радаваць блогераў і іх падпісчыкаў увесь год!
У розыгрышы значкоў прызёрамі сталі: Уладзімір Бондар (г. Магілёў), Сяргей Зубараў (г. Мазыр) Любоў Маспанава (в. Нястанавічы), Ірына Маскаленка (г. Мінск), Алена Хроменка (г. Брэст), Дзіна Градзіль (аг. Узмёны), Алена Гаціла (г. Слуцк), Дзмітрый Нікалаёнак (в. Грабенка), Аляксандр Хоміч (г. Баранавічы), Юлія Навадворская (в. Васюты).
Віншуем!
Вялікія сініцы на кармушцы-рамцы. Фота Лены Алешка
Зіма працягваецца, і мы заклікаем не спыняцца з падкормкай птушак. Калі ў цябе не было часу павесіць кармушку, але з’явілася натхненне — раім звярнуцца да адмысловай падказкі. Нагадваем, што ўсю зіму можна сачыць анлайн за кармушкай на ўскрайку Белавежскай пушчы — можна пабачыць не толькі птушак, але і звяроў. Стрым працуе ноччу таксама.
А з 22 студзеня па 6 лютага далучайся да зімовых улікаў вадаплаўных птушак.
Дзякуй усім удзельнікам акцыі за падтрымку птушак і ўдзел у падліках! Дзяліся сваімі гісторыямі і фота з хэштэгам #птушкілякармушкі ў сацыяльных сетках на працягу зімы. Цікавых назіранняў!
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: