Увага, конкурс! Заспей птушку года на кармушцы — і атрымай прыз!

ад 5 лютага 2022 года

Птушка 2022 года — белая сініца (князёк). АПБ падрыхтавала падарунак для таго, хто першым заўважыць яе анлайн!

Белая сініца — рэдкі від: у Беларусі іх усяго толькі 500-800 пар. Памерам яна меншая за вераб’я, важыць не больш як 16 грамаў, яе лёгка пазнаць па характэрнай бела-блакітнай афарбоўцы.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Каб паназіраць за белай сініцай “ужывую”, арнітолагі і бёрдвочары з Заходняй Еўропы спецыяльна едуць на Палессе: у Беларусі гэтая птушка сустракаецца толькі там.

Мы ж запрашаем далучыцца да пошукаў белай сініцы з любога кутка свету — анлайн!

Каб прывабіць птушку года, у аграсядзібе “Крэмнае” непадалёк ад Турава ўсталявалі кармушку з семкамі сланечніка — улюбёным ласункам сініц. За кармушкай увесь час “сочыць” відэакамера. Непадалёк ад вёскі рэгулярна гняздуе белая сініца. Яе прылёт у птушыную “сталоўку” несумненна стане падзеяй.

Кармушка на аргасядзібе Крэмнае

Кармушка на аргасядзібе Крэмнае

Гаспадар сядзібы Дзмітрый расказаў: 

Побач з нашым домам дзясяткі сінічнікаў і шмат кармушак — дзякуючы гэтаму вельмі зручна назіраць за птушкамі, асабліва гэтым захапляюцца дзеці. Наша аграсядзіба месціцца ў пойме Прыпяці: тут неймаверная колькасць розных птушак, асабліва ўвесну, нам вельмі пашчасціла бачыць іх “ужывую”. На нашу анлайн-кармушку пакуль што прылятаюць у асноўным вераб’і і вялікія сініцы, але мы, вядома, вельмі чакаем белую!

Далучайся да АПБ і атрымлівай зніжкі ад аграсядзібы «Крэмнае» і нашых іншых бонус-партнёраў!

Спецыяліст АПБ, арнітолаг, Вадзім Пракапчук звяртае ўвагу:

Пікі актыўнасці вераб’ёў і вялікіх сініц на кармушцы звычайна выпадаюць на раніцу і вечар. А вось у сярэдзіне дня тут адноснае зацішша. Мяркую, белая сініца можа з’явіцца акурат удзень, калі менш шанцаў сустрэцца з канкурэнтамі. Але і ў ранішнія гадзіны імавернасць для гледачоў пабачыць князька даволі вялікая.

Анлайн-трансляцыя з кармушкі вядзецца круглыя суткі. Назірай за ёй і ўдзельнічай у конкурсе. 

 Што трэба рабіць? Умовы конкурсу:

  • Прайсці па спасылцы https://birdwatch.by/stalouka-2022 і падключыцца да трансляцыі;
  • Дачакацца прылёту белай сініцы (яе лёгка пазнаць — паглядзі на фота!);
  • Зрабіць скрыншот, на якім добра відаць птушку года;
  • Даслаць здымак нам на электронную скрыню ptushkahoda@ptushki.org.

Першаму ўдзельніку, які дашле нам здымак белай сініцы на кармушцы, мы ўручым класныя падарункі ад птушкі года! Таксама прыз чакае і таго, хто заўважыць (і пацвердзіць скрыншотамі) найбольшую колькасць візітаў белых сініц на кармушку да канца лютага. Скрыншоты павінны быць зроблены ў розныя дні.

Жывеш на Палессі? Паназірай за сваёй кармушкай (а калі не маеш кармушкі, павесь яе побач з домам) — можа, і да цябе завітае белая сініца. Заўважыш яе — хуценька фатаграфуй і таксама дасылай. Мы падрыхтавалі прыз для аўтара першага паведамлення з фота белай сініцы на ўласнай кармушцы!

Далучайся да назіранняў! Удачы!

Нагадаем, гэтай зімой АПБ таксама вядзе кругласуткавы стрым з кармушкі ў ваколіцах Белавежскай пушчы, які даступны па той жа спасылцы: https://birdwatch.by/stalouka-2022. Назірай за насычаным жыццём “птушынай сталоўкі” удзень і ўночы! 

Стрымы з абедзвюх кармушак ажыццяўляюцца з дапамогай правайдара «Элнет».

Тэкст: Вольга Блажэвіч

Дапамажы нам ратаваць дзікую прыроду Беларусі!

 

ВКонтакте АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: