Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Відэадаклады і цікавосткі З’езду АПБ-2022
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 7 лютага 2022 года
5 лютага ў анлайн-фармаце прайшоў штогадовы З’езд АПБ, у якім паўдзельнічала больш за 100 чалавек. Дзякуючы дыстанцыйнай форме змаглі далучыцца многія сябры з рэгіёнаў.
З вітальным словам выступілі Міхаіл Калякін, доктар біялагічных навук, дырэктар заалагічнага музея МДУ, віцэ-прэзідэнт Мензбіраўскага арніталагічнага таварыства, старшыня Праўлення Рускага таварыства захавання і вывучэння птушак імя М. А. Мензбіра; Міхаэль Брамбахер, каардынатар еўрапейскіх праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства, Германія; і дзеткі са школьных клубаў «Крылаты дазор» Слуцкага раённага аддзялення АПБ.
На З’ездзе праз платформу, якая забяспечвае таемнае галасаванне, былі праведзены выбары двух сябраў у Цэнтральны савет і двух — у Рэвізійную камісію АПБ. У ЦС пераабралі Алену Арцёменка-Мельянцову і Ларысу Мартынаву, а ў Рэвізійную камісію — Максіма Каласкова. На вакантнае месца, якое вызвалілася пасля пераходу ў сакратарыят АПБ Настассі Блоцкай, выбралі Генадзя Ардзюка.
Падчас З’езду прадставілі і прынялі гадавую справаздачу АПБ і напрамкі дзейнасці на 2022 год. Справаздача будзе размешчана тут.
На З’ездзе прагучала некалькі цікавых навукова-папулярных дакладаў.
Аляксандр Сербун, спецыяліст АПБ, расказаў на З’ездзе пра белую сініцу — птушку 2022 года. Прэзентацыю пра яе, падрыхтаваную спецыялістам АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямёнам Левым, можна спампаваць тут.
Дзмітрый Вінчэўскі, сябра АПБ з Гродна і рэдактар сайта «Птушкі штодня», расказаў пра самыя цікавыя і нават сенсацыйныя назіранні Клуб200 АПБ за 2021 год.
Валер Дамброўскі, сябра Цэнтральнага савета АПБ і вядучы навуковы супрацоўнік экалогіі фаўны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, расказаў пра дзікую прыроду Чарнобыльскай зоны.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Таксама на З’ездзе прадставілі трох кандыдатаў на птушку 2023 года. Сямён Левы прадставіў звычайную туркаўку. Наталля Карліонава, сябра Цэнтральнага савета АПБ, прадстаўляла вялікага грыцука. А Іна Берняковіч, лідар каманды падтрымкі шэрай вароны, якая перамагла ў птушыных праймерыз, выступіла з прэзентацыяй сваёй абранніцы.
Выбары птушкі года прайшлі праз гугл-форму, але абвяшчэнне вынікаў традыцыйна адбудзецца пад канец года, у лістападзе. Пакуль жа ўся ўвага — белай сініцы, птушцы 2022 года. На З’ездзе мы анансавалі запуск анлайн-кармушкі каля Прыпяці, на якую, спадзяёмся, прыляціць гэтая прыгожая птушка. Сачы за кармушкай і пільнуй — магчыма, якраз табе пашчасціць зрабіць з ёй скрыншот і перамагчы ў нашым конкурсе.
АПБ – гэта вялікая сям’я аднадумцаў, якіх яднае каштоўнасць клопату пра дзікую прыроду. Далучайся – стань сябрам АПБ! Для гэтага трэба толькі запоўніць анкету і аплаціць гадавы ўнёсак.
Тэкст: Алеся Башарымава
Падзяліся артыкулам у сацсетках: