Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Больш улічым – больш захаваем, альбо Навошта жукам і травам пашпарты
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 16 лютага 2022 года
У пачатку гэтага года перададзены пад ахову 89 месцаў пражывання дзікіх жывёл і ўзрастання дзікіх раслін у Лельчыцкім раёне. Больш надзейную абарону набылі 32 рэдкія віды – сысуны, птушкі, рэптыліі, насякомыя, расліны, грыбы.
Перадача месцаў іх пражывання ці ўзрастання пад ахову – няпростая працэдура, якая патрабуе ўдзелу розных спецыялістаў і інстанцый. Але без яе немагчыма вызначыць пералік патрэбных ахоўных мер і зрабіць іх выкананне абавязковым. Між тым, толькі так можна абяспечыць захаванне рэдкіх відаў і іх “жытла”.
Рэдкія віды жывёл, раслін і грыбоў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення і падлягаюць асаблівай ахове, пералічаны ў Чырвонай кнізе Беларусі. Але мала канстатаваць: гэты від рэдкі, яму неабходная абарона. Патрэбны спецыяльныя навукова абгрунтаваныя ахоўныя меры не толькі для віду ў цэлым, але і для кожнага афіцыйна зарэгістраванага месца, дзе ён сустракаецца.
Такія месцы выяўляюць падчас навуковых даследаванняў, лесаўпарадкавання альбо прыродаахоўных мерапрыемстваў. Бывае, што знаходзяць іх і звычайныя грамадзяне. Але дакументальна зафіксаваць знаходку можа не любы ахвочы, а толькі юрыдычная асоба, якая мае ў штаце спецыялістаў адпаведнага профілю. У спецыяльны дакумент – пашпарт – заносяцца неабходныя звесткі пра выяўленае месца пражывання альбо ўзрастання рэдкага віду: назва, фотаздымак, апісанне і каардынаты месца, колькасць асобін альбо раслін, стан папуляцыі.
Разам з пашпартам афармляецца ахоўнае абавязацельства. У ім пералічваюцца ахоўныя меры і вызначаецца той, хто будзе несці адказнасць за іх выкананне – як правіла, землекарыстальнік. Гэта можа быць і юрыдычная асоба (напрыклад, лясная гаспадарка), і індывідуальны прадпрымальнік, у чыім карыстанні знаходзіцца тэрыторыя, і нават фізічная асоба.
Пашпарты і ахоўныя абавязацельствы накіроўваюцца ў мясцовую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а далей – у Нацыянальную акадэмію навук для праверкі і ўзгаднення. Узгодненыя дакументы становяцца падставай для рашэння мясцовага органа ўлады аб перадачы пад ахову месцаў пражывання альбо ўзрастання рэдкіх відаў. Вось цяпер ахоўныя меры маюць усе юрыдычныя падставы! За іх выкананнем сочыць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльныя органы (абласныя камітэты і раённыя інспекцыі). Яны вядуць улік месцаў пражывання і ўзрастання рэдкіх відаў, абследуюць іх і дакументуюць гэтыя абследаванні.
Відавочна, гэтыя меры не аднолькавыя для раслін і рыб, насякомых і грыбоў, рэптылій і птушак.
Балотная чарапаха. Фота І. Бышнёва
Вось балотная чарапаха. Яе выжыванне наўпрост залежыць ад захаванасці балот і рачных поймаў. Там, дзе яна пражывае, забаронена асушальная меліярацыя. Не дазваляюцца таксама працы, звязаныя з пашкоджаннем натуральнага глебавага покрыва і карыстаннем нетрамі – яны небяспечныя для кладак і чарапашанят. Асобныя меры прадугледжаны для водных аб’ектаў: іх нельга штучна заглыбляць і выпростваць, забаронена зліваць у іх сцёкавыя і дрэнажныя воды, здабываць ці знішчаць водныя расліны.
Жук-рагач. Фота П. Прохарчыка
Гэта – жук-рагач. Яго лічынкі развіваюцца некалькі гадоў. Увесь гэты час яны жывуць на мёртвых дрэвах і харчуюцца спарахнелай драўнінай. Адна з асноўных пагроз для рэдкага насякомага – вырубка старых шыракалісцевых лясоў, асабліва дуброў, выдаленне сухастойных дрэў і ветравалаў падчас санітарных рубак лесу. Там, дзе выяўлены месцы пражывання жука-рагача, нельга ссякаць старыя і засохлыя дрэвы, прымяняць хімікаты, паліць сухую расліннасць і адходы лесанарыхтоўкі.
Беласпінны дзяцел. Фота І. Бышнёва
Яшчэ адзін “чырванакніжны” від – беласпінны дзяцел. Аснова яго рацыёну – насякомыя, здабытыя з-пад кары засохлых дрэў. У мёртвых падгнілых дрэвах гэтыя птушкі будуюць сабе жытло. Таму на тэрыторыі, дзе сустракаецца беласпінны дзяцел, забаронена высякаць любыя дрэвы. Каб забяспечыць рэдкім птушкам спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня побач з месцамі іх пражывання забаронена весці гаспадарчыя працы, якія могуць турбаваць птушак, прыводзіць да пагібелі кладак і гнёздаў.
Тэкст: Вольга Блажэвіч
Выяўленне і перадача пад ахову месцаў пражывання і ўзрастання рэдкіх відаў вядзецца ў рамках міжнароднага праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”, які рэалізуецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: