Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Бяжыць час, цячэ вада… Спецыялісты абмеркавалі стан і перспектывы аднаўлення воднага рэжыму Белавежскай пушчы
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 17 лютага 2022 года
Традыцыйны лютаўскі семінар, прысвечаны вывучэнню і захаванню водна-балотных угоддзяў, прайшоў у нацыянальным парку “Белавежская пушча”. Мерапрыемства праводзіцца штогод пачынаючы з 2014.
Гэтым разам спецыялісты зазірнулі ў гісторыю асушэння запаведнага лесу, прааналізавалі ўплыў меліярацыі і кліматычных змен на стан і развіццё раслінных супольнасцей. Таксама агучылі планы па далейшым аднаўленні гідралагічнага рэжыму пушчы і расказалі пра найбольш перспектыўныя тэрыторыі для паўторнага абваднення.
Гістарычна балоты адыгрывалі вялікую ролю ў фарміраванні і падтрыманні экасістэм Белавежскай пушчы. Яны былі неад’емнай часткай і ўмовай існавання гэтага славутага прыроднага комплексу. Але людзі здаўна спрабавалі падпарадкаваць ваду ў пушчы сваім гаспадарчым патрэбам.
Яшчэ ў 18 стагоддзі былі спробы лакальнага асушэння Белавежскай пушчы: каб спрасціць сенакашэнне, пачалі будаваць каналы. У 19-м стагоддзі ў пушчы інтэнсіўна нарыхтоўвалі драўніну, але дарог для яе вывазу тут амаль не было. Таму дзеля транспарту лесу пачалі выпростваць рэчышчы буйных рэк. Акрамя таго, пушча здаўна славілася сваімі паляўнічымі ўгоддзямі, а яе асушэнне спрыяла гэтай справе, бо садзейнічала росту колькасці капытных жывёл.
Найбольш інтэнсіўная меліярацыя пачалася ў 50-х гадах 20 стагоддзя. У той час актывізавалася гаспадарчая дзейнасць і ў самой Белавежскай пушчы, і ў яе ваколіцах. У лясной частцы палявалі і нарыхтоўвалі драўніну, а бязлесныя тэрыторыі вакол яе аддалі калгасам. Калісьці даўно перыферыя пушчы падчас паводкі ператваралася ў падабенства мора. Каб прыстасаваць гэтыя землі для патрэб сельскай гаспадаркі, іх, вядома, найперш асушалі: часта гэта рабілася непрафесійна і без неабходных дазволаў. Унутры пушчы таксама імкліва расла сетка каналаў. Калі ў 30-я гады 20-га стагоддзя тут было ўсяго 50 кіламетраў вадацёкаў (рэк і каналаў), дык да канца 20-га стагоддзя іх агульная працягласць дасягнула 700 кіламетраў! Тым часам узровень грунтавых вод моцна панізіўся.
Меліяраваныя сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў ваколіцах Белавежскай пушчы. Фота: Навуковы аддзел нацыянальнага парка «Белавежская пушча»
У 1965 годзе правялі абследаванне меліяратыўнага фонда Белавежскай пушчы — выяўлялі тэрыторыі, якія можна было дадаткова ўвесці ў гаспадарчы ўжытак, папярэдне асушыўшы. Плошчу такіх земляў ацанілі ў 20 тысяч га, з іх 14 тысяч га лясных тэрыторый. Для параўнання, плошча ўсёй беларускай часткі Белавежскай пушчы — 150 тыс. га. У 1967 годзе прапанавалі яшчэ адзін праект: раку Нараў павінны былі выпрастаць па ўсёй даўжыні на беларускай тэрыторыі. Але гэтыя маштабныя планы не ажыццявіліся: неўзабаве праз паніжэнне ўзроўню грунтавых вод пачалося масавае засыханне ельнікаў. З гэтай прычыны будаўніцтва новых асушальных сістэм спынілі.
Мёртвы ельнік у Белавежскай пушчы. Фота: Daniel Rosengren
Яшчэ адзін непажаданы вынік асушэння — большая схільнасць дрэў да хвароб і неабароненасць перад атакамі шкоднікаў. Так, хвойныя дрэвы на меліяраваных землях часцей церпяць ад караедаў, а альшанікі — ад гнілі.
Акрамя таго, калі парушаецца гідралагічны рэжым, на тэрыторыі балотных лясоў пачынаюць “наступаць” расліны, якіх раней тут не было. Паступова старыя дрэвы, тыповыя для гэтых тэрыторый, паміраюць, а маладыя не растуць — іх замяшчаюць іншыя віды. Такім чынам некаторыя біятопы, характэрныя для балотных лясоў, страчваюцца, а гэта адмоўна сказваецца на разнастайнасці відаў не толькі раслін, але і жывёл. Дадаткова пагаршае сітуацыю распаўсюджванне на асушаных землях інвазіўных відаў, такіх як канадскі залатарнік. Змагацца з імі вельмі цяжка. Аднак павышэнне ўзроўню вады да неспрыяльнага для чужародных раслін магло б якраз стаць дзейсным сродкам супраць іх далейшай экспансіі.
Негатыўны ўплыў асушэння балот узмацняецца за кошт кліматычных змен. Сярэднегадавыя тэмпературы растуць, колькасць ападкаў не павялічваецца, часцей адбываюцца засухі. Калі пранаалізаваць дынаміку засыхання сасновых лясоў на балотах за апошнія гады, відаць, што на поўдні Беларусі гэты працэс ідзе больш інтэнсіўна. Вучоныя называюць сярод прычын і больш цёплы і сухі клімат, і наяўнасць вялікай сеткі асушальных каналаў. Дрэвы, якія растуць на парушаных тарфяніках, не дасягаюць каранямі вады, горш растуць і робяцца асабліва адчувальнымі да любых вонкавых зменаў: і да падтаплення, і да летніх засух. У той жа час дрэвы на непарушаных балотах рэагуюць на змены навакольных умоў не адразу, а з затрымкай у 2-3 гады. Гэта значыць, балоты дазваляюць змякчыць наступствы неспрыяльных умоў.
Вільготны чорнаальшанік у Белавежскай пушчы. Фота: Daniel Rosengren
Вучоныя адзначаюць: для выратавання асушаных балотных лясоў вельмі важна аднаўляць водны рэжым. Але рабіць гэта — з улікам адчувальнасці і няўстойлівасці такіх экасістэм — трэба паступова, у некалькі этапаў, каб даць раслінам час на адаптацыю.
З 2006 года вядзецца праца па аднаўленні гідралагічнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Праведзены работы па паўторным абвадненні балот Дзікі Нікар і Папялёва, забалочаны некаторыя мясцовыя вадацёкі, вернута ў натуральнае рэчышча рака Саломенка. У 2021 годзе пабудавана 105 плацін, якія ўтрымліваюць ваду на сетцы меліяратыўных каналаў “Жаркаўшчына”.
Перспектывы таксама вялікія. Спецыялісты з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правялі вялікую працу па даследаванні ўсіх тарфянікаў Белавежскай пушчы. Іх стан ацэньвалі пры дапамозе некалькіх разнапланавых метадаў, вывучалі раслінныя супольнасці, глыбіню тарфяных залежаў, аб’ём страт вады. У выніку зроблена навуковае абгрунтаванне для 19 праектных тэрыторый, на якіх мэтазгодна аднаўляць водны рэжым, і вызначана іх прыярытэтнасць. Вучоныя падкрэсліваюць: толькі добра спланаваная і паслядоўная праца дапаможа затрымаць ваду ў пушчы, а значыць — захаваць яе прыродныя скарбы для наступных пакаленняў.
Белавежская пушча. Фота: Daniel Rosengren
Тэкст: Вольга Блажэвіч
Падзяліся артыкулам у сацсетках: