Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Дзесяцігоддзі без чалавека: аднаўленне дзікай прыроды Чарнобыльскай зоны ў назіраннях арнітолагаў.
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 14 сакавіка 2022 года
Вучоныя з Беларусі і Вялікабрытаніі падвялі вынікі маніторынгу драпежных птушак у Чарнобыльскай зоне адчужэння, які доўжыўся 22 гады.
Маштабнае аднаўленне дзікай прыроды – эфектыўны метад супрацьстаяння глабальнай праблеме знікнення відаў. Звычайна пад аднаўленнем мы маем на ўвазе працэс, які дазваляе парушанай альбо дэградаванай экалагічнай сістэме вярнуць свае першапачатковыя ўласцівасці, устойліва функцыянаваць і захоўваць біялагічную разнастайнасць. Аднаўленне можа ісці рознымі шляхамі. У адных выпадках гэты працэс плануецца і кіруецца людзьмі дзеля загадзя вызначанай мэты – напрыклад, стварэння экасістэмы з пэўнымі характарыстыкамі. Іншая справа – так званае пасіўнае аднаўленне дзікай прыроды, калі ўмяшанне чалавека ў натуральныя працэсы зводзіцца да мінімуму. Праўда, у большасці выпадкаў праекты такога кшталту ўсё ж маюць план і пэўную мэту.
Унікальнай у сваім родзе з’явай стала аднаўленне экасістэм у зоне адчужэння, якая ўзнікла пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе: чалавечая дзейнасць на тэрыторыi плошчай 4700 квадратных кіламетраў была зведзена да мінімуму. Калі да аварыі цяперашняя зона адчужэння была густанаселенай, з інтэнсіўным земляробствам, вялікай колькасцю жывёлагадоўчых фермаў, дык пасля катастрофы тэрыторыя абязлюднела, сельскагаспадарчыя ўгоддзі аказаліся закінутымі. Меліяратыўныя каналы былі заблакаваныя, каб папярэдзіць магчымыя пажары і распаўсюджванне радыяцыі разам з вадой – гэта прывяло да паўторнага забалочвання асушаных тэрыторый. Такім чынам тэхнагенная катастрофа мімаволі паклала пачатак маштабнаму аднаўленню дзікай прыроды.
У выніку натуральных працэсаў, якія адбываліся пасля адыходу людзей, з 1999 па 2017 год плошчы водна-балотных угоддзяў у зоне адчужэння павялічыліся на 680%, на 14% болей стала і лясоў. Ужо ў 2019 годзе, праз 33 гады пасля аварыі ў Чарнобылі, гэтая мясцовасць больш нагадвала амаль натуральныя прыродныя тэрыторыі на поўначы Украіны і поўдні Беларусі з характэрнымі вясновымі паводкамі і буйнымі масівамі балот.
Закінутая вёска ў зоне адчужэння. Фота Валерыі Сашко.
Лагічна было меркаваць, што кардынальнае змяншэнне чалавечай прысутнасці і трансфармацыя ландшафту маглі прывесці да зменаў у відавым складзе фаўны. Гэтым працэсам прысвяцілі сваё даследаванне вучоныя-арнітолагі з Беларусі і Вялікабрытаніі. На працягу 22 гадоў – з 1998 да 2019 – спецыялісты вялі маніторынг і адсочвалі змены месцаў пражывання, колькасці і відавога складу драпежных птушак, што гняздуюць у Чарнобыльскай зоне адчужэння.
Для даследавання выбралі тэрыторыю плошчай у 147 квадратных кіламетраў, якая калісьці актыўна выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы. За 22 гады назіранняў зарэгістравалі 13 відаў дзённых драпежнікаў, якія гнездавалі тут. За гэты час змяняўся і відавы склад птушак, і колькасць асобных відаў.
Так, выявілася, што за час даследавання вырасла колькасць вялікіх арляцоў, якія маюць статус глабальна пагражальнага віду: у 2019 годзе чатыры пары зафіксавана на даследаваным участку, а ўсяго ў беларускай частцы зоны адчужэння – як мінімум 13. На сёння Чарнобыльская зона – адзінае месца ў свеце, дзе колькасць гэтага віду расце. Важна адзначыць, што вялікі арлец прызнаны індыкатарам стану водна-балотных угоддзяў. Менавіта дэградацыя і страта такіх прыродных тэрыторый у свеце прывяла і прыводзіць да скарачэння папуляцыі гэтых птушак. Важна і тое, што вялікія арляцы вельмі адчувальныя да турбавання чалавекам: прысутнасць людзей дрэнна ўплывае на паспяховасць іх размнажэння. Даследаванне паказала, што павелічэнне плошчы водна-балотных угоддзяў разам з адсутнасцю антрапагеннага ўплыву паспрыяла росту колькасці гэтых рэдкіх птушак, то бок адноўленыя тэрыторыі дзікай прыроды могуць стаць выратавальнымі для гэтага віду.
Вялікі арлец. Фота: Thomas Krumenacker.
Яшчэ адзін драпежнік, адчувальны да антрапагеннага ўздзеяння, – арлан-белахвост. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС гэтыя птушкі на тэрыторыі цяперашняй зоны адчужэння не размнажаліся і ўпершыню былі адзначаны ў 1992 годзе. Да 2010 года іх колькасць тут павялічылася да дваццаці пар. У адрозненне ад вялікага арляца, арлан-белахвост – аселы від, для яго крытычна важная наяўнасць дастатковай колькасці буйной здабычы ўзімку. І тут на першы план выходзіць яшчэ адзін аспект аднаўлення дзікай прыроды на гэтай тэрыторыі: у зоне адчужэння вырасла колькасць вышэйшых драпежнікаў – у прыватнасці, ваўкоў,– а таксама іх здабычы – ласёў і аленяў. Дзякуючы гэтаму арланы-белахвосты ў халодную пару года забяспечаны падаллю, што дазваляе ім выжываць.
Арлан-белахвост. Фота Рамана Чалея.
Аўтары даследавання адзначаюць, што колькасць драпежных птушак, якія аддаюць перавагу сельскагаспадарчым угоддзям падчас палявання, наадварот, скарацілася. Так, за перыяд назіранняў у Чарнобыльскай зоне адчужэння значна ўпала колькасць такіх распаўсюджаных відаў як поплаўны лунь, малы арлец, асаед, канюх-мышалоў. Цікава, што ў пачатку назіранняў, якія, нагадаем, стартавалі ў 1998 годзе, колькасць гэтых птушак у Чарнобыльскай зоне была нашмат большай, чым у сярэднім па рэгіёне. Вучоныя мяркуюць, што хуткі рост папуляцый назіраўся ў першыя гады пасля аварыі: звыклыя кармавыя тэрыторыі птушак не паспелі моцна змяніцца, а адыход людзей і спыненне вытворчай актыўнасці дазволілі птушкам больш свабодна паляваць і выбіраць месцы для гнездавання. Аднак па меры паўторнага забалочвання адкрытых сухіх тэрыторый станавілася ўсё меней. Плошчы аптымальных паляўнічых угоддзяў для пералічаных птушак скараціліся, дадалася канкурэнцыя з буйнейшымі драпежнікамі — вялікім арляцом і арланам-белахвостам. Апошняя прычына, як мяркуюць арнітолагі, прывяла таксама да скарачэння колькасці арла-вужаеда.
Арол-вужаед. Фота Паўла Лычкоўскага, birdwatch.by
Вучоныя адзначаюць: пасіўнае аднаўленне экасістэм і яго ўплыў на біяразнастайнасць – працэсы няхуткія. Даследаванне паказала, што некаторым відам спатрэбілася амаль дваццаць гадоў, каб стабілізаваць колькасць, а некаторыя віды – такія як вялікі і малы арляцы – дагэтуль знаходзяцца ў дынаміцы. Вялікі арлец пачаў каланізаваць Чарнобыльскую зону адчужэння толькі праз паўтара дзесяцігоддзя пасля таго, як тэрыторыю пакінулі людзі. Таму адэкватна ацаніць працэсы аднаўлення экасістэм і звязаныя з ім змены ў складзе і колькасці відаў можна толькі праз доўгатэрміновае назіраннне. Яго працягласць будзе вымярацца дзесяцігоддзямі. Аднак ужо цяпер відаць, што пасіўнае аднаўленне дзікай прыроды здольнае вярнуць нізінныя тэрыторыі Еўропы ў стан, блізкі да натуральнага – як з пункту гледжання экасістэм, так і ў плане біяразнастайнасці.
Тэкст: Вольга Блажэвіч
Даследаванне папуляцый драпежных птушак у Чарнобыльскай зоне адчужэння вялося пры падтрымцы праекта “Палессе — дзікая прырода без межаў”, які рэалізуецца АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Праект з’яўляецца кампанентам Праграмы захавання ландшафтаў пад пагрозай (ELP), якая фінансуецца “Аркадыяй” — дабрачынным фондам Пітэра Болдуіна і Лізбэт Раўзінг.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: