Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У Беларусі аб’явілі адразу птушак 2023-2024-2025 гадоў
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 15 сакавіка 2022 года
Гэта ганаровае званне сярод птушак атрымалі віды, за якія прагаласавалі сябры АПБ. Упершыню АПБ вырашыла абвясціць адразу птушак наступных трох гадоў.
Галасаванне за птушку года адбылося на анлайн-з’ездзе АПБ 5 лютага 2022 года праз гугл-форму. Вынікі былі прыхаваныя да восені, але прынята рашэнне падзяліцца імі зараз. Было трое птушак-кандыдатаў і 97 галасоў. Звычайная туркаўка набрала 56,7% галасоў, шэрая варона – 25,8%, а вялікі грыцук – 17,5% галасоў. Згодна з прынятым рашэннем, усе яны стануць птушкамі наступных трох гадоў – у парадку, які адпавядае колькасці атрыманых галасоў.
Вынікі галасавання за птушку года
У 2023 годзе птушкай года ўпершыню стане прадстаўнік галубоў (а ўсяго іх у Беларусі пяць відаў).
Звычайная туркаўка – незвычайная птушка, калісьці была распаўсюджана па ўсёй Беларусі, і нават да 1999 года ў нас на яе дазвалялася паляванне, але зараз стала катастрафічна рэдкай. Хаця на поўдні шанцы сустрэць невялікія чародкі гэтых галубоў на правадах большыя.
Мала хто звяртае на гэтую птушку ўвагу. А дарэмна! Гэта сапраўдная красуня сярод нашых галубоў з цікавым малюнкам на спіне, які нагадвае шчыткі панцыра чарапахі – мабыць, таму яна атрымала англійскую назву Turtle Dove. Англійскае “тэтл” гучыць таксама падобна да гукапераймальнай беларускай назвы “туркаўка”. У гэтай птушкі прыемная песня — рытмiчнае, працяглае, мадуляванае «турр-урр-уррр-уррр».
Не блытайце звычайную туркаўку з кольчатай, якая даволі часта гняздуе ў вёсках і гарадах на поўдні краіны. Кольчатыя не лятаюць у вырай. Яны засялілі Беларусь у другой палове ХХ ст. У звычайнай туркаўкі на баках шыі акруглая пляма, утвораная чатырма шэрагамі чорных пёраў. Спіна ў яе бурая з чорнымі плямамі. У кольчатай туркаўкі на шыі чорнае паўкольца, а спіна мае вохрысты колер.
Колькасць туркаўкі ў Еўропе рэзка зніжаецца з канца ХХ стагоддзя. З 1980 года яна ўпала на 80%. У найбліжэйшыя дзесяцігоддзі гэта можа прывесці да знікнення віду. Туркаўка мае зараз такі ж статус глабальна пагражальнага віду, як і знаёмая многім вяртлявая чаротаўка. Пакуль што вядомыя наступныя галоўныя прычыны знікнення туркаўкі: апрацоўка насення атрутнымі хімікатамі перад пасевам, а таксама масавае паляванне на туркавак падчас восеньскага пралёту ў краінах Міжземнамор’я і засушлівыя зімы на месцах зімоўкі.
Звычайная туркаўка ў Італіі. Фота Ulrich Prokop, Wikimedia Commons
У Беларусі колькасць звычайнай туркаўкі невядомая. Спадзяёмся, што падчас года туркаўкі вучоныя і прыродаахоўнікі змогуць зрабіць улікі і ацэнку памеру папуляцыі. Зараз гэта кандыдат у нацыянальную Чырвоную кнігу.
Звычайная туркаўка – лясная птушка, якая часта корміцца на палях. Небяспечныя трэнды ў папуляцыях звычайных відаў добра выяўляюцца падчас доўгатэрміновага маніторынгу. Запрашаем усіх, хто ведае хаця б 100 відаў птушак, далучацца да еўрапейскага маніторынгу звычайных відаў птушак. Для гэтага патрэбна будзе двойчы на год правесці ўлікі на прапанаванай тэрыторыі плошчай 1 на 1 кіламетр.
Цісні на кнопку, каб падпісацца!
Шэрая варона мае моцную каманду падтрымкі. Дзякуючы гэтаму сёлета яна перамагла ў “птушыных праймерыз”, набраўшы 1009 галасоў, і стала адным з кандыдатаў на птушку года. У фінальным галасаванні на З’ездзе АПБ яна атрымала другое месца. Шэрая варона стане 25-й па ліку птушкай года Беларусі.
Шэрая варона. Фота Іны Шкурко
Мы лічым вельмі шкодным стэрэатып, што гэтая птушка з надзвычай высокім інтэлектам – няважны ў прыродзе від. Такое стаўленне вядзе да разбурэння гнёзд, калечання і забойства птушак. “Выхаванне гуманных і беражлівых адносін да прыроды можна пачаць з выхавання этычнага і рацыянальнага стаўлення да вароны”, — лічаць прыхільнікі вароны.
Перавагай сваёй кандыдаткі яны называюць тое, што шэрая варона жыве ў непасрэднай блізкасці ад чалавечага жытла, і за ёй даволі лёгка і вельмі цікава назіраць. “Назіранне за складанымі паводзінамі варон можа вызваць зацікаўленасць у людзей і стаць пачаткам іх узаемадзеянняў з прыродай і выхаваннем этычнага і навукова абгрунтаванага стаўлення да яе”, — кажа лідар каманды патдтрымкі вароны Іна Берняковіч.
Год вароны павінен зменшыць колькасць канфліктаў паміж чалавекам і варонай у Беларусі.
Руская назва птушкі “веретенник” звязана з тым, што ў палёце вялікі грыцук нагадвае верацяно дзякуючы доўгай дзюбе і выцягнутым нагам.
Гэты кулік уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Асноўныя месцы, дзе яны гняздуюць, — паплавы, верхавыя і пераходныя балоты, палеткі, закінутыя торфараспрацоўкі.
На Тураўскай станцыі кальцавання ўжо 20 гадоў праводзіцца маніторынг і кальцаванне кулікоў. Самец вялікага грыцука, акальцаваны тут каляровым кальцом з пазнакай JN, ужо 17 гадоў вяртаецца ў Тураў на любімае месца гнездавання!
Самы стары беларускі вялікі грыцук. Фота Віктара Натыканца
Даследаванні паказалі, што вясновыя скупнасці вялікага грыцука ў пойме Прыпяці – самыя вялікія вядомыя ў Еўропе. Максімальная колькасць гэтых птушак – 20 тысяч асобін — была зарэгістравана ў ваколіцах Турава ў 2014 годзе.
Стан папуляцыі вялікага грыцука моцна залежыць ад знешніх фактараў. Калі здараюцца познія паводкі, вада залівае гнёзды і знішчае да 90% кладак. Амаль поўная адсутнасць выпасу скаціны і выкошвання травы ў поймах вядзе да таго, што месцы гнездавання вялікіх грыцукоў зарастаюць кустоўем, робяцца непрыдатнымі для кулікоў.
На Тураўскім балонні кожны год праводзяцца валанцёрскія летнікі па расчыстцы поплава ад хмызоў. Далучайцеся да іх, а таксама ладзьце самастойную расчыстку іншых паплавоў.
Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі, іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.
У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц, ляляк. 2022 год праходзіць пад крыламі белай сініцы.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: