Увазе бацькоў і настаўнікаў: акцыі кампаніі «Птушка года — 2022»

ад 16 сакавіка 2022 года

Сёлета замест конкурсаў мы абвяшчаем акцыі, бо не можам гарантаваць, што ў нас атрымаецца падвесці вынікі і ўзнагародзіць удзельнікаў прызамі. Аднак мы верым у вашу ініцыятыўнасць і любоў да птушак. Бацькі, настаўнікі – далучайце дзетак! Стварайце разам з імі ў сваё задавальненне, публікуйце вынікі сваёй працы ў сацсетках, пашырайце веды пра птушку года і дапамагайце дзікай прыродзе!

Цікавыя факты і прэзентацыі пра белую сініцу можна знайсці на старонцы, прысвечанай птушцы 2022 года. Абавязкова пазнаёмце з ёй дзетак перад тым, як удзельнічаць у акцыях.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Творчая акцыя «Князёк — гаспадар Палесся»

Зрабі малюнак з птушкай года або яе скульптуру з традыцыйных або любых падручных матэрыялаў у вобразе князя сініц (прынца ці караля), гаспадара Палесся. Выкладзі фота свайго твору ў сацсеткі з хэштэгам #птушкагода2022.

Акцыя здароўя «Князёк — 2022»

Упрыгож маску, якая дапамагае прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19, выявай птушкі 2022 года. Зрабіць гэта можна любым даступным спосабам: малюнак адмысловымі фарбамі, вышыўка і да т. п. Выкладзі сваё фота ў масцы свайго твору ў сацсеткі з хэштэгам #птушкагода2022.

Акцыя для настаўнікаўсцэнар для пазакласных заняткаў у сярэдніх школах пра белую сініцу.

У акцыі дзве опцыі сцэнароў:

— заняткі для пачатковых класаў;

— заняткі для сярэдніх i старэйшых класаў.

Сцэнар павінен змяшчаць інфарматыўную і прыродаахоўную частку аб птушцы года. Пры магчымасці, найлепшы сцэнар будзе выкарыстаны як дапаможнік для сярэдніх школ г. Мінска для правядзення пазакласных заняткаў у верасні-кастрычніку 2022 года.

Сцэнары дасылайце на электронны адрас АПБ ptushkahoda@ptushki.org не пазней за 31 траўня 2022 года з паметкай «Сцэнар». У лісце абавязкова пазначыць, на якую ўзроставую катэгорыю разлічаныя заняткі (пачатковая школа або старэйшыя класы). Мы распаўсюдзім найлепшыя па іншых “Крылатых дазорах”.

Сінічнік для князька

У такі дамок змогуць засяліцца і іншыя віды сініц. Белая сініца жыве толькі на Палессі.

Вам спатрэбіцца:

  • дошка таўшчынёй 2 см, шырынёй 14 см і даўжынёй 127 см;
  • шрубы па дрэве 4,0*50 – 16 штук;
  • шрубакрут;
  • фрэза або пёравы свердзел дыямэтрам 28 мм, каб выразаць ляток;
  • антысептык (неабавязкова).

Распілуйце дошку на часткі паводле схемы. Ні ў якім разе не габлюйце ўнутраныя сценкі і падлогу сінічніка: яны павінны быць шурпатымі, каб птушаняты маглі выбрацца на волю.

Злучыце часткі шрубамі так, як паказана на малюнку.

Пакрыйце гатовы сінічнік антысептычнай вадкасцю.

Шпакоўня ці труна для птушанят? Памятка

Павесьце сінічнік на дрэве (для князька – у пойме палескай ракі, для іншых відаў – у двары або парку), прыматаўшы дротам на вышыні 1,5-2,5 метры так, каб дамок быў крыху нахілены ўперад, ад ствала. Так птушанятам будзе лягчэй выбрацца адтуль. Вешайце сінічнік не з паўднёвага боку, каб птушаняты не загінулі ад перагрэву. Развеску дамкоў трэба рабіць як мага раней, да 15 красавіка.

Тэкст: Алеся Башарымава



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: