У Беларусі новы від птушак? Высветліць дапаможа генетычны аналіз

ад 27 мая 2022 года

Спіс птушак Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца ў сярэднім на 1-3 віды штогод.

Каб рэгістрацыі новых для краіны, некаторых залётных і рэдкіх відаў птушак cталі навуковымі фактамііх разглядае Беларуская арнітафаўністычная камісія (БАФК). Звычайна для яе рашэння дастаткова здымкаў або відэа адпаведнай якасці, часам запісаў голасу ці мапы перамяшчэння птушкі са спадарожнікавым перадатчыкам над нашай тэрыторыяй. І вось упершыню для канчатковага вызначэння новага для краіны віду спатрэбіўся генетычны матэрыял.

У пятніцу, 13 траўня, Мікалай Варабей, арнітолаг і выдатны фота-анімаліст з Любані, спачатку пачуў, а потым змог сфатаграфаваць новы для краіны від – заходняга салаўя (Luscinia megarhynchos). Адбылося гэта ля вёскі Пагост, што ў Салігорскім раёне на Міншчыне.

Меркавана заходні салавей. Фота Мікалая Вараб'я

Меркавана заходні салавей. Фота Мікалая Вараб’я

Аднак праблема ў тым, што да звычайнага ў нас усходняга салаўя прыкладна з цэнтральна-ўсходняй часткі Польшчы дадаецца блізкі і параўнальна звычайны ў краінах Заходняй Еўропы заходні салавей. Арнітолаг Дзяніс Кіцель тлумачыць:

Від складаны [для вызначэння] і не такі адназначны. Есць шэраг артыкулаў пра гібрыдызацыю еўрапейскіх салаўёў — гэты факт таксама не трэба забываць.

Арнітолаг Наталья Карліонава дадае:

Один признак [даўжыня першага махавага першай ступені] не совсем соответствует критерию южного соловья. Записи песни и подробные фото были отправлены нашим коллегам из других стран, которые кольцуют этот вид. После некоторого времени нами были получены подтверждения, что это действительно южный соловей, а не восточный.

 Дадаткова ў птушкі быў ўзяты генетычны матэрыял, які пасля параўнання з адпаведнымі пробамі ўсходняга і заходняга (южного — рус.) салаўёў павінен даць канчатковы адказ на праблему з вызначэннем віда салаўя з Салігоршчыны.

Мікалай Варабей, аўтар адкрыцця, расказвае падрабязнасці падзеі для сайта «Птушкі штодня«:

На рэдкіх птушак больш ўвагі я пачаў звяртаць з 2019 года, калі напрыканцы 2018 я сустрэў пiскульку і чырвонаваллёвых казарак.

Праходзячы ноччу/раніцай па дамбах вадасховішча і ракі Случ у раёне 5 гадзін, я звярнуў увагу, што адзін з салаўёў спяваў кароткімі фразамі. Ведаючы, што гэтым адрозніваюцца паўднёвыя салаўі, якія звычайна выкарыстоўваюць толькі 2-3 калены за раз, я пачаў чакаць яшчэ больш характэрнага высокачастотнага свісту ў крэшчэнда, які чуў толькі на аўдыёзапісах і ніколі ад ўсходніх салаўёў.

Чамусьці я быў упэўнены, што за пару хвілін гэтае калена павінна было праявіцца, і калі гэтага не адбылося, я пайшоў далей, засумняваўшыся. Падумаў, што, магчыма, у нашага звычайнага салаўя нейкія цяжкасці са спевам, таму што абарваныя ці скарочаныя варыянты яны могуць выдаваць, але я ніколі не чуў пры гэтым такой стабільнасці і разнастайнасці рэпертуару…

Калі ж вяртаўся назад у 7 гадзін, на тым жа месцы я амаль адразу пачуў у песні гэтага салаўя высокі свіст і ўсё стала нашмат цікавей! Сапраўды, на працягу дзвюх хвілін гэты свіст звычайна выяўляецца, часам, магчыма, радзей праз вялікія прамежкі паміж фразамі менавіта ў салаўя гэтага віду. Я спусціўся да кустоў і адразу адзначыў, што гэтая птушка больш утойная, чым звычайны салавей, і заўсёды выбірае месцы для спеваў за галінкамі, якія яе максімальна хаваюць. А падчас пералётаў кідаецца ў вочы яркі, амаль чырвоны верх цела. Пастаяўшы і паназіраўшы нейкі час, зрабіўшы некалькі здымкаў і аўдыёзапісаў, я пайшоў далей, моцна не цешачыся – была пятніца, 13-е усё ж такі)).

Калі генетычны аналіз вызначыць гэтую птушку як заходняга салаўя і гэта пацвердзіць БАФК, то від можа стаць 343-м для нашай арнітафаўны.

Заходні салавей – шырокараспаўсюджаны і звычайны від у краінах Заходняй і Паўднёвай Еўропы, паўночнай Афрыкі, на Каўказе, Блізкім Уходзе, у Турцыі, Іране і ад дэльты Волгі ў Расіі і Туркменіі на ўсход да Манголіі.

Заходні салавей у Польшчы –параўнальна звычайны гнездавальны від для заходняй і паўднёвай частак краіны, дзе, у адрозненне ад ўсходняга салаўя, займае больш сухія зараснікі і ўскрайкі лясоў. У ХІХ ст. быў распаўсюджаны пад Варшавай і нават пад Люблінам, аднак у 1960-70-я гады пад Варшавай ужо сустракалі толькі асобных самцоў, з паўднёвага ўсходу від знік яшчэ раней. З пачатку 1990-х гадоў пачаў рэгулярна сустракацца на пралёце і на гнездаванні і на ўсходзе Польшчы, у тым ліку зноў пад Люблінам і Седльцамі. Лічыцца, што з гэтага часу адбываецца павольная рээкспансія віду ва ўсходнім кірунку:

Сустрэчы заходняга салаўя ў Польшчы ў 2021 годзе. Крыніца: www.ornitho.pl

Сустрэчы заходняга салаўя ў Польшчы ў 2021 годзе. Крыніца: www.ornitho.pl

У Літве ўпершыню адлоўлены на станцыі кальцавання птушак Вентэс рагас у 1987 годзе, потым у 2001 і пазней больш рэгулярна (агулам адзначаны дзевяць разоў), у тым ліку і ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны недалёка ад нашых межаў.

Выкарыстаныя крыніцы:

Tomiałojć L., Stawarczyk T. 2003 Awifauna Polski. Rozmieszczenie, liczebność i zmiany, PTPP «pro Natura», Wrocław

Jusys et al. 2017 “NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE

Падрыхтаваў для сайта “Птушкі штодня” Дзьмітры Вінчэўскі

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: