Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як можна выратаваць рэдкую птушку?
Навіна аддзяленняў ад 2 снежня 2013 года
У кастрычніку недалёка ад Баранавіч знайшлі параненага арлана-белахвоста. Чытайце, як людзі могуць выратаваць птушку з Чырвонай кнігі.Як пісаў А.С.Экзюперы, мы ў адказе за тых, каго прыручылі. А што ж рабіць з тымі, каго не прыручылі? Ці дапамагаць ім у бядзе? Спрэчнае пытанне, аднак усё залежыць ад сітуацыі, і, безумоўна, ад таго, як на яе паглядзець.
30 кастрычніка на 9 кіламетры ад горада Баранавічы вайскоўцы знайшлі птушку буйных памераў, якая самастойна перасоўвацца не магла. У хуткім часе пярнаты драпежнік быў дастаўлены на станцыю юннатаў горада Баранавічы.
Пасля агляду птушкі спецыялістамі стала зразумела, якую каштоўную знаходку прывезлі гэтыя людзі: арлан — белахвост. Гэтая птушка занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Памеры птушкі вялікія: цела складае ад 70 да 90 см, размах крылаў — ад 200 да 230 см , маса — ад 4 да 7 кг. Хвост кароткі, клінаватай формы. Апярэнне дарослай асобіны бурага колеру, галава і шыя з жаўтлявым асвятленнем, хвост белы. Дзюба светла-жоўтага колеру па параўнанні з іншымі драпежнымі птушкамі даволі вялікая і магутная.
Прыкладны дыягназ птушкі: удар правага крыла, а, як усім вядома, крылы — адна з самых неабходных частак птушкі. Набліжаюцца халады, самастойна арлан мог бы не выжыць.
На жаль, у нашай краіне няма спецыяльных цэнтраў, дзе можна пакінуць параненую птушку. У сувязі з гэтым АПБ не так даўно падтрымала петыцыю-зварот аб стварэнні арніталагічнага рэабілітацыйнага цэнтру для лячэння дзікіх птушак з іх вяртаннем у натуральнае асяроддзе.
Аказаць медыцынскую дапамогу арлану-белахвосту пагадзіўся гродзенскі заапарк , у якім на сённяшні дзень пражывае тры такія ж птушкі. Аднак сродкаў, каб пераправіць гэтую птушку, не было.
Баранавіцкі дзяржаўны універсітэт, а менавіта студэнты факультэта педагогікі і псіхалогіі аказалі дапамогу, сабраўшы неабходную суму. Студэнтка Юлія Гурына, праявіла жаданне суправадзіць арлана ў гэтую далёкую дарогу. 16 лістапада птушка была ўжо ў гродзенскім заапарку, дзе яе гасцінна сустрэлі лекары і адміністрацыя. Птушка прабудзе на карантыне каля трох тыдняў. Пазней яе паспрабуюць падсяліць у клетку да астатніх птушак, дзе дастаткова добрыя ўмовы для яе існавання.
Дзякуем усім тым, хто аказаў дапамогу ў ратаванні птушкі. Спадзяемся, стан арлана-белахвоста палепшыцца ў хуткім часе.
Юлія Гурына, студэнтка БарДУ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: