Нёманская Свіслач: наша агульная каштоўнасць і адказнасць

ад 1 верасня 2014 года

Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ 8 месяцаў рэалізоўвала праект “Падрыхтоўка абаснавання стварэння біялагічнага заказніка ў даліне ракі Свіслач (Гродзенскі р-н Гродзенская вобласць) з удзелам мясцовага грамадства». Аб праведзенай працы — у матэрыяле Дзьмітрыя Вінчэўскага.

У дажджлівы жнівеньскі дзень у Канюхоўскім Сельскім доме культуры, што на Бераставіччыне, сабраліся неабыякавыя да мясцовай прыроды людзі розных прафесій. Аграгарадок Канюхі знаходзіцца на ўскрайку заказніка мясцовага значэння “Свіслач”, які быў створаны ў 2003 годзе для захавання на нізінным балоце Грайна ў першую чаргу вяртлявай чаротаўкі.  Аднак з таго часу арнітолагі і батанікі даведаліся шмат новага пра гэтыя месцы і сабраныя імі дадзеныя адназначна сведчаць пра тое, што межы заказніка трэба пашыраць на ўсю захаваную амаль у некранутым стане пойму ракі Свіслач, а таксама на частку вадасховішча Нёманскай ГЭС, у якое з восені 2012 году рака фактычна ўпадае. 

На працягу першых 8 месяцаў гэтага году Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ рэалізоўвала праект “Падрыхтоўка абаснавання стварэння біялагічнага заказніка  ў даліне ракі Свіслач (Гродзенскі р-н Гродзенская вобласць) з удзелам мясцовага грамадства” дзякуючы фінансаванню Рэгіянальнага Экалагічнага Цэнтру для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (REC)  пры падтрымцы ўрада Швецыі. 

Пад час шматлікіх палявых выездаў у даліне ракі былі адзначаны ў розным статусе больш за 30 відаў рэдкіх і знікаючых птушак з апошняй рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі і МСАП, знойдзены значныя цэнапапуляцыі трох рэдкіх відаў раслін: дудніка балотнага, берулі прамой і валдырніка ягаднага. 

Гнездаванне шчуркі-пчалаедкі для Гродзенскай вобласці даказана толькі тут. Фота  Мікалая Гулінскага

Вусатая сініца (на фота - самец) была ўпершыню адзначана на Свіслачы пад час Birdrace-2013. Фота Мікалая Гулінскага

Акрамя гэтага, знайшліся ў даліне Свіслачы і тры тыпы ахоўваемых у Еўропе паводле Дырэктывы ЕС па месцаабітаннях і Бернскай канвенцыі  (да якой Беларусь далучылася ў 2013 годзе) біятопаў (здымкі Алега Созінава): гіграфільныя высокатраўныя апушачныя лугі, таёжныя пойменныя лугі,  чорнаальховыя лясы на пераўвільготненых глебах і нізінных балотах.

За гэты час былі праведзеныя некалькі сустрэч-семінараў і міні-лекцый для мясцовых школьнікаў, палявы летнік для студэнтаў біяфаку з удзелам канюхоўскіх старшакласнікаў,  надрукаваныя і распаўсюджаныя сярод мясцовай грамадскасці буклеты, плакат, налепкі і ўрачыста адкрытыя інфармацыйныя шыльды, якія, маем спадзеў, застануцца вакол самых каштоўных кавалкаў  прыроднай спадчыны Нёманскай Свіслачы надоўга.

Пад час апошняга семінару пад сымбалічнай назвай “Нёманская Свіслач: наша агульная каштоўнасць і адказнасць” Дзьмітрый Лебедзеў,  галоўны спецыяліст Гродзенскага абласнога  камітэту міністэрства прыродных рэсурсаў  і аховы навакольнага асяроддзя, распавёў аб выкананні дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы асоба ахоўваемых прыродных тэрыторый на Гарадзеншчыне. Новы заказнік “Нёманская Свіслач” уключаны ў праграму і будзе ўключаць у сябе папярэдніка – заказнік “Свіслач” у Бераставіцкім раёне, а таксама даліну Свіслачы ў Гродзенскім раёне. Агульная плошча новага заказніка складзе каля 5000 га. 

Дзьмітры Вінчэўскі (на фота), намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, расказаў незвычайную гісторыю пераадкрыцця вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі і пра сучасныя праблемы віду ў Еўропе і на балоце Грайна – літаральна побач з месцам правядзення семінару.

Кандыдат біялагічных навук Алег Созінаў, загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я.Купалы, паказаў прыкладныя межы будучага заказніка і як выглядаюць найбольш каштоўныя мясцовыя біятопы і віды раслін, а таксама прапанаваў доўгі спіс магчымых шляхоў захавання мясцовай біяразнастайнасці.

Пад час супольнага абмеркавання праблем і магчымага іх вырашэння аказалася, што галоўная праблема– гэта незвычайна высокі і стабільны сёлета ўзровень вады ў р.Свіслач вышэй т.зв. Свіслацкай мініГЭС. Нізіннае балота паміж вёскамі Грайна і Ярмолічы паступова ператвараецца ў возера. Змяняецца расліннасць і відавы склад гняздуючых там птушак, а ў навакольных гаспадарствах пастаянна стаіць вада. Учым прычына гэтай негатыўнай з’явы і ці звязана яна з працай мініГЭС на Свіслачы– трэба шукаць адказы ў бліжэйшай будучыні.

Атрымалася пад час семінару зрабіць і вельмі сымбалічную рэч: ўрачыста адкрыць тры першыя інфарамцыйныя шыльды вакол балота Грайна. 

Аляксандр Стрыга (Бераставіцкая раённая інспекцыя Мінпрыроды) і Дзьмітрый Лебедзеў каля адкрытай імі шыльды, прысвечанай лебедзю-клікуну

Сем іншых, якія будуць інфармаваць мясцовых жыхароў і гасцей пра самых цікавых птушак Нёманскай Свіслачы, але ўжо ў Гродзенскім раёне, будуць усталяваныя ў бліжэйшы час. 

Людміла Фядотава (старшыня Эйсмантаўскага сельсавету) і Святлана Коўшык (уладальніца аграсядзібы "У вяртлявай чаротаўкі", в. Ярмолічы) побач з адкрытай імі каля аграсядзібы шыльдай

Дзякуем усім, хто прычыніўся да рэалізацыі праекту і дапамог зрабіць светлую будучыню мясцовай прыроды больш прадказальнай.

 Дзьмітры Вінчэўскі, фота Таццяны Смыкоўскай 

Па матэрыялах www.birdwatch.by 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: