Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Адбылася Трэцяя Адкрытая Гродзенская абласная заалягічная канферэнцыя навучэнцаў
Навіна аддзяленняў ад 20 лютага 2007 года
У пятніцу, 16 лютага 2007г. у памяшканьні гасьціннай гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна прайшла трэцяя Гродзенская абласная адкрытая заалічная канферэнцыя навучэнцаў. На гэты раз яна была прысьвечана 200годдзю выданьня праф. Станіславам Баніфацыям Юндзіллам першых падручнікаў па заалогіі для школ Віленскай навучальнай акругі (у яе цалкам уваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі).З прывітальнымі словамі выступілі: дырэктар гімназіі Валянціна Макарава, намесьнік дырэктара гімназіі і сябра Рады Гродзенскага абласнога аддзяленьня АПБ Віталь Гуменны, загадчыца аддзелу “Экалогіі і інтэлектуальнага разьвіцьця” Гродзенскага абласнога Палацу творчасьці дзяцей і моладзі Валянціна Шкулепа. Пра жыцьцёвы шлях С.Б.Юндзілла (нашага земляка з сучаснай Воранаўшчыны) і пра яго падручнікі распавялі на пачатку канферэнцыі Дзьмітры Вінчэўскі (старшыня Рады Гродзенскага абласнога аддзяленьня АПБ) і Віталь Гуменны.
Пасьля на канферэнцыі былі прадстаўлены працы маладых заолагаў з усіх абласьцей Беларусі, акрамя Магілёўскай. На жаль, не ўсе заяўленыя ў праграме дакладчыкі змаглі прыняць ў ёй удзел, але агулам прагучалі 12 дакладаў у дзьвух сэкцыях: “Фауністыка” і “Біялогія і экалогія жывёл”. І хаця пытаньні і заўвагі маладым дасьледчыкам задавалі ўсе прысутныя, найбольш зацікаўленымі і глыбокімі былі шматлікія парады і заўвагі сябраў журы: к.б.н. Ігара Бышнёва (дырэктара па сувязях з грамадзкасьцю АПБ), Аляксандры Рыжай (старэйшай выкладчыцы кафедры “Заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл” Гродзенскага дзяржуніверсытэта імя Я.Купалы), к.б.н. Вольгі Янчурэвіч (выкладчыцы кафедры “Заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл” Гродзенскага дзяржуніверсытэта імя Я.Купалы) і Валянціны Шкулепа.
Пасьля перапынку адбылося знаёмства юных удзельнікаў канферэнцыі, якое правяла псіхоляг гімназіі Алена Вінчэўская. У гэты ж час к.б.н. Алег Созінаў правёў майстар-клас для навуковых кіраўнікоў, на якім на прыкладах распавёў пра агульныя падыходы да падрыхтоўкі і правядзеньня біялагічных дасьледваньняў і найбольш частыя памылкі юных і дарослых дасьледчыкаў.
Уручэньнем адмысловых дыплёмаў усім удзельнікам канферэнцыі і навукова-папулярных кніг па заалогіі аўтарам найбольш цікавых прац (прызы былі прадстаўлены Гродзенскім абласным аддзяленьнем АПБ), канферэнцыя закончыла сваю работу.
Па яе выніках, як і ў папярэднія гады, будзе выдадзены адмысловы зборнік з тэкстамі дакладаў і рэкамендацыямі для навуковых кіраўнікоў.
[SCREEN:0]
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі: Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гродзенскі абласны Палац творчасьці дзяцей і моладзі, Гродзенскае абласное аддзяленьне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і гімназія №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна.
Да новых сустрэч праз год!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: