Чарговая справаздачная канферэнцыя Гродзенскага абласнога аддзяленьня АПБ

ад 21 лютага 2007 года

Чарговая справаздачная канферэнцыя Гродзенскага абласнога аддзяленьня АПБ у гэты раз была прысьвечана 125годдзю з дня народзінаў нашага земляка з Лідчыны, заснавальніка літоўскай арніталёгіі, акадэміка Тадэвуша Іваноўскага (Тадаса Іванаўскаса). У суботу, 17 лютага 2007г., у актавай залі гімназіі №1 імя акадэміка Я.Карскага г.Гродна сабраліся больш за 70 аматараў дзікіх птушак і роднай прыроды, каб разам успомніць і адзначыць найбольш важныя падзеі з жыцьця сябраў АПБ з Гарадзеншчыны і праслухаць восем навукова-папулярных прэзентацый. Чарговая справаздачная канферэнцыя Гродзенскага абласнога аддзяленьня АПБНа жаль, па незалежных ад арганізатараў прычынах, прыйшлося замяніць 4 з 8 прадугледжаных дакладаў, і сьпіс прадстаўленых насамрэч прэзентацый выглядаў наступным чынам: “Беларускія балоты” – к.б.н. Алег Созінаў (ГрДУ імя Я.Купалы / АПБ, г.Горадня) Прам’ера навукова-папулярнага беларускага фільму “Зачараваныя балоты” Рэжысёр к.б.н. Ігар Бышнёў (АПБ, в.Домжарыцы) “Поплаўны лунь – сельская гаспадарка і прырода” – Дамінік Крупінскі (Прыродаахоўнае таварыства “Во cian ”, г.Бяла Падляска, Польшча) “Арніталягічныя находкі, зробленыя ў Беларусі напрыканцы ХХ ст.” – Андрэй Абрамчук (Заходне-Палескае аддзяленьне АПБ, г.Брэст) “З гісторыі стварэньня нацыянальных паркаў у Беларусі”. – Мікалай Чэркас (НП “Белавеская пушча” / АПБ, г.Брэст) “Птушкі Смаргонскага краю”. – Аляксандр Ясевіч (Смаргонскі РЦТДзМ/ АПБ, г.Смаргонь) Leighton Moss -найлепшы адукацыйны цэнтар RSPB – Дзьмітры Вінчэўскі (Гродзенскае абласное аддзяленьне АПБ, г.Горадня) “Румлёва – гісторыя і прырода” – Віталь Гуменны (гімназія №1 імя акадэміка Я.Карскага / АПБ, г.Горадня) Як і заўсёды, найбольш працяглыя ўдзячныя воплескі прысутных сустрэў чарговы фільм Ігара Бышнёва. Астатнія прэзентацыі таксама з увагай і цікаўнасьцю былі сустрэты ўдзельнікамі канферэнцыі, хоць часам распавядалі не толькі пра птушак і родную прыроду. Пасьля афіцыйнай справаздачы Рады аддзяленьня і рэвізійнай камісіі за 2006 год, якія большасьцю галасоў былі ўхвалены сябрамі Гарадзенскага абласнога аддзяленьня, пачалося ўзнагароджваньне пераможцаў і лаўрэатаў абласнога этапу конкурсу на лепшую выяўленчую работу “Кнігаўка – птушка 2006 году”. Альбомы з рэпрадукцыямі малюнкаў знакамітага беларускага мастака Напалеона Орды, фільмы пра беларускую прыроду Ігара Бышнёва з подпісам аўтара і кампакт-дыскі найлепшых беларускіх рок-гуртоў – вось прызы, якія былі ўфундаваны Гродзенскім абласным аддзяленьнем АПБ і якія атрымалі найбольш таленавітыя юныя мастакі з Гарадзеншчыны. Іх малюнкі, а таксама найлепшыя работы дзетак і падлеткаў з усёй Беларусі, ўпрыгожвалі сьцены актавай залі гімназіі. З напружанай увагай быў сустрэты конкурс па вызначэньню птушак Беларусі сярод падлеткаў, у якім перамог Раман Шкабара з Кобрына. На другім месцы – яго зямляк Вячаслаў Астапук, і толькі на трэцім – гарадзенец Уладзіслаў Гаўрусік. У аналягічным конкурсе для дарослых перамог Андрэй Абрамчук з Белавескай пушчы з максымальна магчымым вынікам- 17 відаў з 17. Каб максымальна ўцягнуць удзельнікаў канферэнцыі ў тое, што адбываецца ў залі і па-за ёй, усім зарэгістраваным удзельнікам былі раздазены адмысловыя квіткі для галасаваньня за найлепшыя фотаздымкі на выставе “Нашы птушкі-2007”, якая разьмяшчалася на другім паверсе недалёка ад актавай залі. Нечакана для ўсіх, усе 3 прызавыя месцы па выніках тайнага галасаваньня дасталіся работам Мікалая (1 і 2 месца) і Віктара (3 месца) Гулінскіх. Прызы для найлепшых фотамастакоў-анімалістаў прадставілі Дзьмітры Ракіцкі, Гродзенскае абласное аддзяленьне АПБ і польскае прыродаахоўнае таварыства PTOP . Былі падведзены і вынікі ў наступных абласных намінацыях: “За лепшы артыкул у абласным бюлетэні “Кабец” – перамог Віталь Гуменны з вершам пра арла-маркута; “За найбольш актыўны ўдзел у навуковых праектах АПБ” – перамог Дзьмітры Якубовіч; “За найлепшую арганізацыю сустрэч сябраў АПБ” – перамагла Аляксандра Рыжая. А біноклі, прадстаўленыя партнёрам АПБ — швэдзкім арніталягічным таварыствам SOF – атрымалі адразу два найбольш актыўных клуба АПБ “Крылаты дазор”: з Навадворскай СШ ў Свіслацкім раёне – кіраўнічка Марыя Панотчык, і з Дзембраўскай СШ Шчучынскага раёну – кіраўнічка Рэгіна Сыч. Першы дзень канферэнцыі закончыўся выдатна арганізаванай і праведзенай ўрачыстай вячэрай, за якую хочацца асабліва падзякаваць усім яе арганізатарам і ўдзельнікам. У нядзелю, 18 лютага, удзельнікі канферэнцыі падзяліліся на 2 групы: юныя аматары назіраньняў за птушкамі пад кіраўніцтвам ганаровага сябра АПБ Георгія Гулеўскага правялі ранішнія гадзіны ў месца ўпадзеньня Ласасянкі ў Нёман, дзе здолелі, між іншым, назіраць вялікіх савукоў, малую коўру, махнатаногага канюха і іншыя зімуючыя віды птушак. Дарослыя ж актывісты АПБ з усёй Гарадзеншчыны праз цэлы дзень удзельнічалі ў трэнінгу па арганізацыі і фасілітацыі сустрэч. Яго падрыхтавалі і выдатна правялі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый “Трэці сэктар” і “АКТ” Лана і Вітаўт Руднікі. Дзякуем усім, хто знайшоў час і магчымасьць паўдзельнічаць у канферэнцыі нашага аддзяленьня. І да новых сустрэч у наступным годзе! Дзьмітры Вінчэўскі
Глядзіце фота з канферэнцыі тут: http://www.ptushki.org/index.php?area=1&p=gallery&action=showimages&galid=21



На здымку: кандыдат біялягічных навук Алег Созінаў распавядае пра вывучэньне беларускіх балот. Уражаньні пра нашу канферэнцыю і візыт у Беларусь нашага польскага калегі Дамініка Крупінскага можна прачытаць і паглядзець тут: http://www.bocian.org.pl/bocian/index/aktualnosci/2007/05.html


Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: