Адбыўся палявы летнік «Начныя жыхары лясоў — Юзэфін2007»

ад 6 красавіка 2007 года

«Начныя жыхары лясоў» — менавіта пад такой назвай на тэрыторыі Пружанскага раёна, у ваколіцах знакамітага балота і ТВП (тэрыторыі, важнaй для птушак) “Дзікае” адбыўся палявы летнік для старшакласнікаў і студэнтаў — сябраў АПБ. Летнік быў арганізаваны сябрамі Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры падтрымцы Шведскага арніталагічнага таварыства (SOF) і Шведскага агенства па міжнароднаму развіццю SIDA. Адбыўся палявы летнік «Начныя жыхары лясоў - Юзэфін2007»

Асноўная мэта летніку – назіранне і вывучэнне таямнічага свету начных жывел, у прыватнасці птушак з атраду Соваў. А таксама будова і развешванне штучных гнездавых скрыняў для гэтых птушак.

Летнік праходзіў пад час школьных канікул, з 28 сакавіка па 1 красавіка. На працягу 5 дзён і начэй удзельнікі вывучалі таямнічы свет начных птушак, рабілі выправы на балота Дзікае, ў навакольныя лясы і вескі. Пад час летніку яго ўдзельнікі назіралі 6 з 9 гняздуючых на поўдні Беларусі відаў соў, большасць з якіх з’яўляюцца вельмі рэдкімі, і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі: пугач, вераб’інага і касматанога сыча, сыча-сіпеля, вушастую саву, барадатую кугакаўку. А на адной з выспаў на балоце ў гнязде чорнага бусла ўдзельнікамі летніку была знойдзена кладка пугача.

На ўсей тэрыторыі Беларусі гняздуе 11 відаў соў. Акрамя вышэй адзначаных – самы звычайны від шэрая кугакаўка, рэдкія віды – сіпуха, балотная сава, даўгахвостая кугакаўка і сплюшка. Апошнія два віды на поўдні нашай краіны не сустракаюцца. Таму, 6 з 9 магчымых – даволі добры вынік, які падкрэслівае выключную важнасць балотнага масіву Дзікае і навакольных лясоў для захавання біяразнастайнасці краіны.

Падобнае мерапрыемства сябры Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення арганізуюць трэці год запар, і яно ўжо становіцца традыцыйным. Але мінулыя два разы летнік праводзіўся на поўдні “Белавежскай пушчы” ў ваколіцах в. Дзедаўка. Сёлета летнік быў наладжаны ў ваколіцах Дзікага дзеля таго, каб яго удзельнікі змаглі паназіраць за адной з самых рэдкіх птушак Беларусі – барадатай кугакаўкай. Балота Дзікае — адно з нешматлікіх месцаў ў нашай краіне, дзе гэты від птушак гняздзіцца. Але за пяць дзен толькі аднаму ўдзельніку летніка пашанцавала ўбачыць гэту вельмі рэдкую птушку.

Акрамя назіранняў за птушкамі і выпраў на балота і ў лес, ўдзельнікі летніку займаліся будовай і размяшчэннем гнездавых скрынь для соў і іншых птушак: усяго было пабудавана каля 20 скрыняў і палова з іх размешчана ў навакольных лясах і на выспах пасярод балота. І есць сур’ёзныя падставы на тое, што некалькі птушыных сям’яў будуць забяспечаны “жыллёвай плошчай”, а значыць будуць гадавацца маладыя сычы, кугакаўкі і іншыя птушкі. І нашыя нашчадкі таксама змогуць сустрэць іх у дзікай прыродзе. А вучні і іншыя ўдзельнікі летніку ніколі не знішчаць птушынае гняздо ці старое дуплістае дрэва, бо разумеюць і памятаюць сваё непасрэднае дачыненне да аховы прыроды!

Андрэй Абрамчук, Старшыня Савету
Заходне-Палескага
рэгіянальнага аддзялення АПБ,

На фота Вадзіма Пракапчука: удзельнікі палявога летніка.
Іншыя здымкі з летніка глядзіце тут:

http://ptushki.org/index.php?p=gallery&action=showimages&galid=30&area=1



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: