“Нашы птушкі” ў Астраўцы

ад 4 чэрвеня 2007 года

У нядзелю, 3 траўня, у раённым цэнтры Астравец, што на Гарадзеншчыне, адкрылася фотавыстава Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ “Нашы птушкі-2007”. Розныя моманты з жыцця беларускіх птушак на 25 найлепшых фотаздымках, дасланых на абласны фотаконкурс, змогуць паглядзець наведвальнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі на працягу двух наступных тыдняў. “Нашы птушкі” ў Астраўцы

Пад час адкрыцця фотавыставы, якое адбылося ў рамках гасцёўні “Званы госць”, выступілі два з чатырох аўтараў прадстаўленых фотаздымкаў: Георгій Гулеўскі і Дзьмітры Вінчэўскі.

Георгій Гулеўскі – ганаровы сябра АПБ і вядомы фотамастак, пераможца і прызёр шматлікіх фотаконкурсаў у Беларусі і за яе межамі, захапляльна і эмацыйна распавёў пра свае фотапаляванні на птушак, якія пачаліся 50 гадоў таму, а таксама адказаў на шматлікія пытанні прысутных.

Дзьмітры Вінчэўскі – старшыня Рады Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, распавёў пра дзейнасць “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і птушак увогуле, ад імя аддзялення падарыў бібліятэцы апошнія выданні АПБ і адказаў на пытанні аб магчымасці далучыцца да сябраў арганізацыі. Пасля афіцыйнага адкрыцця фотавыставы адбыўся паказ фільмаў рэжысёра і дырэктара АПБ па сувязях з грамадзкасцю Ігара Бышнёва.

Дарэчы, пад час працы фотавыставы ўсе наведвальнікі бібліятэкі змогуць выбраць найлепшыя фотаздымкі, пакінуўшы свае галасы ў адмысловай скрыні. А таксама бясплатна атрымаць календары і лістоўкі з выявай птушкі 2007 году – салаўя, далучыцца да сябраў АПБ.

Дзякуем Яніне Мяшковай – дырэктарцы Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, Станіславу Памецьку — сябру АПБ з Астраўца, і Паўлу Краўчуку за дапамогу ў арганізацыі і адкрыцці фотавыставы – без іх актыўнага ўдзелу і дапамогі яна б не адбылася б.

Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня

На здымку аўтара: пад час адкрыцця фотавыставы.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: