Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Першыя вынікі міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне практычнай аховы птушак.
Навіна аддзяленняў ад 29 чэрвеня 2007 года
У сакавіку гэтага года стартаваў новы праект, прысвечаны практычнай ахове птушак. Праект гэты міжнародны, аб чым, дарэчы сведчыць і яго назва “Прырода аб’ядноўвае людзей”. Ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі праекту з’яўляюца Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне АПБ і абласная грамадская экалагічная арганізацыя “Зялёны край”. Замежнымі партнерамі з’яўляюцца польскія грамадскія арганізацыі Люблінскае арніталагічнае таварыства (LTO), Польскае таварыства аховы птушак (ОТОР) і прыродаахоўнае таварыства “Bocian”. Праект ажыццяўляецца дзякуючы фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў ГЭФ.Асноўныя мэты праекту – аб’яднаць сілы грамадскасці па абодва бакі граніцы (Беларусь і Польшча), дзеля вывучэння і аховы сінантропных і лясных відаў соў. Большасць гэтых птушак альбо рэдкія, як касматаногі і вераб’іны сычы, сыч-сіпель, пугач; альбо вельмі рэдкія – як сіпуха, барадатая кугакаўка. Не абмінуў праект у сваёй дзейнасці і звычайныя віды: вушастую саву і шэрую кугакаўку.
Ня гледзячы на тое, што праект пачаўся ня так даўно — крыху больш за 3 месяцы, ужо ёсць пэўныя вынікі, якія даюць надзею на паспяховую яго рэалізацыю.
А цяпер аб адным з іх.
Крыху больш за месяц пасля развешвання першых штучных скрыняў для лясных відаў соў (касматаногага і вераб’інага сыча), адна з іх аказалася занятай птушкамі. Упершыню для Беларусі касматаногія сычы пасяліліся ў штучнай гнездавой скрыні і паспяхова выгадавалі птушанят. Да гэтага часу ў нашай краіне ўвогуле было знойдзена толькі некалькі гнёздаў гэтага віду.
Так, дзякуючы падтрымцы небыякавых да лёсу прыроды людзей, ў беларускіх лясах выгадавалася на 4 касматаногіх сыча больш. Можа падацца, што гэта не такі ўжо і поспех, але кожная захаваная асобіна дзікай жывёлы ці расліны, павялічвае шанец гэтага віду ня знікнуць, выжыць. Дае магчымасць жыць і існаваць побач чалавеку і прыродзе – разам, і птушкам і людзям!
Андрэй Абрамчук,
Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: