Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Праект “Пустальга” у дзеянні!
Навіна аддзяленняў ад 13 ліпеня 2007 года
Брэст – не толькі самы салаўіны горад, але і самы сакаліны. Самы сакаліны – таму, што менавіта тут існуе самая вялікая на Беларусі гарадская папуляцыя сокала-пустальгі (Falco tinunculus), дарэчы, віда, занесенага ў Чырвоную кнігу Беларусі. У Брэсце гняздзіцца 40-60 пар гэтай птушкі.Пустальга – гэта невялічкі сокал бура-карычневай афарбоўкі, які гняздзіцца звычайна на дрэвах, але сам гнёзды не будуе, а займае старыя пабудовы іншых птушак, часцей крумкачовых. Харчуецца пустальга дробнымі млекакормячымі, а таксама насякомымі, паўзунамі і птушкамі. Палюе з паветра, завісаючы на адным месцы на некалькі секунд, або з прысады, выглядваючы ахвяру.
У Брэсце птушка звычайна гняздзіцца ў розных нішах і адтулінах шматпавярховых жылых і тэхнічных будынкаў. І ў сувязі з гэтым, калі-нікалі ўзнікаюць непаразуменні і цяжкасці ва ўзаемаадносінах птушак і людзей, праблемы з паспяховым гнездаваннем у саміх птушак.
Менавіта дзеля вырашэння гэтых праблем, а таксама на вывучэнне пустальгі ў Брэсце накіраваны міні-праект “Пустальга ў г. Брэсце”, які рэалізуе Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне АПБ пры падтрымцы Шведзкага орніталагічнага таварыства SOF (BirdLife у Швецыі).
Аднымі з галоўных мэтаў праекту з’яўляюцца: інфармаванне насельніцтва і фарміраванне станоўчых адносін да гэтага віду птушак, мінімізацыя і ліквідацыя канфліктных сітуацый ўзнікаючых паміж птушкамі і людзьмі, практычная дапамога птушкам.
На пачатку планавалася шляхам развешвання штучных гнездавых скрыняў забяспечыць птушак неабходнымі месцамі гнездавання і адвабіць ад некаторых, нежаданых месцаў гнездавання ў будынках. Таксама планавалася размяшчаць спецыяльныя казыркі пад тымі гнездамі, з якіх забруджваюцца вокны жылых кватэр, што не падабаецца жыхарам. Ужо пад час першых крокаў па рэалізацыі праекту ўзніклі розныя цяжкасці і супярэчнасці, адна з галоўных – а ці патрэбна прывабліваць пустальгу ў штучныя скрыні, ў горад? Адназначнага адказу на гэта пытанне не было, таму праект ажыццяўляўся вельмі марудна.
На дадзены момант замацавана некалькі казыркоў і штучных скрыняў. Але ці дапамагло гэта птушкам і людзям, невядома. Амаль не было аніякай PR -кампаніі, што і як рабіць далей было не вельмі зразумела. Незразумела, пакуль выпадак не падказаў выйсце!
У Брэсцкую горрайінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя патэлефанавала жанчына і паведаміла, што невялічкая драпежная птушка выпала з гнязда, што размяшчалася ў будынку аднаго з цэхаў на мясакамбінаце. Па апісанню падобна было, што гэта пустальга. Птушаня, якое выпала, муж гэтай жанчыны (а менавіта ён працуе на мясакамбінаце) забраў дадому. Праз дзень выпала яшчэ адно птушаня, яго таксама забралі да дому.
На жаль, нашым інспекцыям прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якраз гэтай самай аховай, няма калі займацца, бо шмат іншай працы. Але дзякуючы выпадку, інфармацыя трапіла сябрам нашага аддзялення. На наступны дзень разам з Сяргеям Сідаруком мы накіраваліся па дадзеным адрасе. Дзе сапраўды ўбачылі двух птушанят-слёткаў пустальгі. Найлепшым рашэннем праблемы было паспрабаваць вярнуць птушанят ў гняздо, таму на наступны дзень паехалі на завод. Нягледзячы на даволі дзіўную просьбу – “агледзець завод і знайсці гняздо пустальгі” кіраўніцтва і ўсе працаўнікі, якія сустракаліся нам на шляху адносіліся добразычліва, крыху са здзіўленнем, але ўсяляк дапамагалі нам. Даволі хутка знайшлі мужчыну, які забраў птушанят і само гняздо. Гняздо размяшчалася ў адтуліне сцяны аднаго з завадскіх будынкаў на вышыні больш за 10 м і дабрацца да яго было не магчыма. У гняздзе, а гэта невялікая ніша ў сцяне, таўкліся яшчэ чатыры птушаняты, якім там было даволі цесна. Стала зразумела, што ў сувязі з невялічкімі памерамі нішы, хутчэй за ўсё птушаняты выпадкова выпалі пад час таўкатні за ежу.
Што рабіць? Пасадзіць птушанят назад ў нішу, але яны зноў могуць выпасці, бо там зусім мала месца. Таму вырашылі недалёка од гнязда, на карнізе, замацаваць штучную скрыню і пасадзіць птушанят туды. Але як падняцца на вышыню 15 метраў па голай сцяне. І тут як кажуць дапамаглі добрыя людзі. Побач з будынкам працавалі рабочыя з Кобрына ў якіх быў спецыяльны аўтамабіль з карзінай для пад’ему. Даўжыні стралы павінна было хапіць. І праз паўгадзіны працы, штучная гнездавая скрыня была замацавана побач з гняздом, а птушаняты размешчаны ў ёй.
Такім чынам птушаняты вярнуліся назад да бацькоў і атрымалі шанец на свабодны, не за клетачнымі кратамі, лёс!
Што датычыцца праекту, то яго мэты, на мой погляд, павінны быць накіраваны менавіта на вырашэнне канкрэтных праблемных пытанняў і канфліктных сітуацый, на дапамогу птушкам у неабходных выпадках. Таму праект можна лічыць пачаўся, але ён не можа скончыцца, прынамсі пакуль жыве ў горадзе пустальга. Ён павінен ператварыцца ў доўгатэрміновы, маніторынгавы праект – разам для птушак и людзей!
Андрэй Абрамчук,
Старшыня Савету Заходне-Палесскага рэгіянальнага аддзялення АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: