На Берасцейшчыне сіпуха паспяхова выгадавала птушанят.

ад 13 ліпеня 2007 года

Ужо трэці год запар ў наваколлі Брэста паспяхова гадуе птушанят адна з самых рэдкіх соў Беларусі – сіпуха (Tyto alba). Сіпуха – гэта адзін з двух сінантропных відаў соў, што гняздзіцца на Беларусі. Яе арэял прымеркаваны да краін Заходняй Еўропы, а па заходняй частцы нашай краіны праходзіць усходняя мяжа распаўсюджання віду. Птушка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі (2004). Больш за сорак гадоў у нашай краіне не знаходзілі гнёзд сіпухі. На Берасцейшчыне сіпуха паспяхова выгадавала птушанят.

Брэсцкі раён – гэта адзінае за апошнія дзесяцігоддзі пацверджанае месца гнездавання сіпухі ў Беларусі. Яно было знойдзена сябрамі АПБ з Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення Іванам Багдановічам і Віктарам Фенчуком (цяперашнім дэрэктарам арганізацыі) тры гады таму.

За тры гады назіранняў дарослыя птушкі паспяхова выгадавалі ня менш за 10 птушанят, усе яны былі акальцаваныя сябрамі аддзялення. У тым ліку адно птушаня было акальцавана сёлета (фота) .

Пачынаючы з гэтага году, Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне разам з Брэсцкай абласной экалагічнай арганізацыяй “Зялёны край”, Люблінскім арніталагічным таварыствам, Прыродаахоўнай арганізацыяй “Боцян” і Агульнапольскім арніталагічным таварыствам, дзякуючы фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў ГЭФ, рэалізуе праект “Прырода аб’ядноўвае людзей”. Асноўныя мэты праекту – аб’яднаць сілы грамадскасці па абодва бакі граніцы (Беларусь і Польшча), дзеля вывучэння і аховы сінантропных і лясных відаў соў. Адным з накірункаў дзейнасці ў рамках праекту з’яўляецца выраб і развешванне штучных гнездавых скрынь, ў тым ліку і для сіпухі.

У заходніх краінах значная колькасць гнездавых папуляцый гэтага віду існуе менавіта дзякуючы падтрымцы арнітолагаў і аматараў прыроды. Ёсць надзея, што і на захадзе Беларусі, дзякуючы сумесным намаганням мясцовых прыродаахоўных арганізацый, энтузіястам і грамадскасці, колькасць сіпухі павялічыцца, ці прынамсі, ня зменшыцца.

Андрэй Абрамчук,

Старшыня Савету Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення АПБ

Фота аўтара.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: