Сапраўдныя героі жніва

ад 18 ліпеня 2007 года

Жніво ў гэтым годзе пачалося вельмі рана. Бітвы за ўраджай ужо вядуць на многіх палетках. Але не толькі за ўраджай змагаюцца на палях азімых зерневых. На іх кожны год знаходзяць для сябе аптымальныя ўмовы для гнездавання многія віды птушак. І сярод іх – поплаўныя луні (Circus pygargus). І за іх жыццё таксама змагаюцца пад час жніва. Гэтыя прыгожыя птушкі прылятаюць да нас ужо ў красавіку,а ў траўні самцы адчайна выконваюць сапраўдныя паказы лётнага майстэрства, кідаючыся з крыкамі ўніз з вышыні і на шляху да месца будучага гнязда (ў якой-небудзь расліннасці вышынёй не менш за 30 см) робяць “бочкі” і мёртвыя петлі. Ды так прыгожа і ўдала, што любы пілот-ас пазайздросціць! І ўсё гэта – каб прыцягнуць увагу самкі да месца будучага гнездавання. Сапраўдныя героі жніва

[SCREEN:0] Але ў гэты час толькі азімыя рапс і зерневыя, шматгадовыя травы, канюшына і люцэрна адпавядаюць патрабаванням лунёў да вышыні расліннасці для месца распалажэння гнязда. Нешматлікія асаковыя балоты і зараснікі трыснягу або ўжо занятыя другім відам лунёў – балотным, або знаходзяцца ў не вельмі адпаведным для палявання наваколлі. Таму і выбіраюць поплаўныя луні вышэйпералічаныя сельскагаспадарчыя культуры каб вывесці птушанят. Але тут яны трапляюць у пастку: для таго, каб птушаняты паспяхова вылецелі, патрэбны час: не менш месяца на інкубацыю яек і месяц да таго часу, пакуль птушаняты будуць здольныя лятаць. І калі большасць нашых лунёў пачынае наседжваць яйкі ў трэцяй дэкадзе траўня, дык і лятаць птушаняты будуць здольныя (калі іх на працягу гэтых двух месяцаў не з’ядуць паветраныя або наземныя драпежнікі, а маці з бацькам будуць здольныя знайсці для ўсіх птушанят дадаткова ежы) не раней за трэцюю дэкаду ліпеня.

А зараз уявіце, што першыя ўкосы траў і канюшыны адбываюцца ўжо на пачатку чэрвеня. Рапс пачынаюць убіраць у першай палове ліпеня. А ў гэтым годзе жніво зерневых пачалося ўжо 10 ліпеня! Сколькі лунятаў выляціць з гнёздаў?..

Але людзі стараюцца дапамагчы луням. З 1993 году спачатку сябры Заходне-Беларускага таварыства аховы птушак, а зараз сябры АПБ з Гарадзенскага абласнога аддзялення стараюцца да пачатку жніва знайсці ў навакольлі Горадні як мага больш гнёздаў поплаўных лунёў. Каб перад жніва пазначыць вакол гнёздаў ахоўныя зоны прыкладна 3Х3 або 5х5 м і прасіць камбайнёраў заставіць няскошанымі гэтыя кавалкі. І тады птушаняты маюць дадатковы шанец на тое, што змогуць выляцець з гнязда і з дапамогай бацькоў праз некаторы час пачаць самастойнае жыццё, а напрыканцы жніўня адправіцца ў самастойнае, працяглае і небяспечнае падарожжа на зімоўку ў Афрыку.

[SCREEN:1] У гэтым годзе ў нас атрымалася знайсці гнёзды лунёў ў чатырох месцах вакол Горадні. Але да часу жніва жывыя птушаняты засталіся толькі ў адным з іх. І вось ўчора ўвечары пачалі ўбіраць трыцікале на гэтым “апошнім” полі. Як жа мы былі ўзрадаваны, калі адзін з камбайнёраў – Іван Тамчук — пры расповедзе пра гнёзды лунёў на гэтым полі, частка якіх ужо была адпаведна пазначана, паведаміў нам, што ўчора ён злапаў перад камбайнам двух птушанят з нязнойдзенага намі вывадку і пасадзіў іх на ўскрайку поля. Загадчык участку Віталь Шота і яшчэ адзін камбайнёр — Іван Фомчанка (усе з КСП “Кастрычнік”) – таксама прыхільна аднесліся да нашай просьбы заставіць вакол гнёздаў няскошаныя кавалкі трыцікале. А Іван Фомчанка пасля таго, як абкасіў адно з гнёздаў, тэлефанаваў нам і хваляваўся, што вялікае ўжо лунянё ня хоча сядзець у застаўленым кавалку і выбягае з яго на адкрытае месца. І Іван двойчы вылазіў з камбайна і садзіў яго ў трыцікале.

Вось яны – сапраўдныя героі жніва !” – падумалася мне. Яны не толькі думаюць пра тое, каб хутчэй намалаціць пабольш зерня. Але і пра тых істотаў, якія жывуць побач з намі. І так ці інакш лёс якіх залежыць ад нашай дапамогі. І дзякуючы такім людзям птушкі можа праз год зноў загняздуюць на гэтым ці на суседнім полі.

[SCREEN:2]

Шчыры дзякуй пералічаным вышэй асобам, а таксама сябрам АПБ з Гарадзенскага абласнога аддзялення Юрыю Лукашэнку, Тацяне Смыкоўскай і Георгію Гулеўскаму за дапамогу ў пошуку і ратаванні гнёзд поплаўных лунёў на полі каля в. Гарны ў Гарадзенскім раёне.

Разам – для птушак і людзей!

Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня. Здымкі аўтара.

Апісанне яшчэ адной акцыі Гарадзенскага абласнога аддзялення АПБ па ратаванню поплаўных лунёў тут: www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=177



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: